Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных справаў Славакіі Міраславам Улахоўскім дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Украіне і сітуацыю з вагнэраўцамі ў Беларусі, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Улахоўскі выказаў падтрымку дэмакратычным сілам і беларусам, якія працягваюць барацьбу за дэмакратычныя змены. Падчас сустрэчы Ціханоўская ўзняла пытанне палітычных вязняў і іх неадкладнага вызвалення. Абраная прэзідэнтка Беларусі падкрэсліла, што сітуацыя крытычная і патрабуе ўмяшання міжнародных арганізацыяў.
Ціханоўская таксама абмеркавала з міністрам сітуацыю з вагнэраўцамі і правакацыямі з боку рэжыму Лукашэнкі, парадак дня на Генеральнай Асамблеі ААН. Таксама яна папрасіла Славакію ўзняць пытанне Беларусі і арганізаваць асобную дыскусію, прысвечаную нашай краіне.
Ціханоўская распавяла пра рашэнне дэмакратычных сілаў пра еўрапейскі выбар беларусаў і сяброўства ў ЕЗ як стратэгічны прыярытэт. Таксама беларуская дэлегацыя прадставіла праект пашпарта, які распрацоўвае Абʼяднаны пераходны кабінет. Зараз ідзе праца па вырабе ўзораў, і паколькі пытанне прызнання тычыцца нацыянальнай юрысдыкцыі, Ціханоўская папрасіла Славакію разглядзець такую магчымасць.
Абмеркавалі таксама магчымую дапамогу Славакіі беларускім добраахвотнікам і ветэранам, якім патрэбная рэабілітацыя.
«Ад 2020 года Славакія паслядоўна падтрымлівае нашую працу на міжнароднай арэне, далучаецца да санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, выдае стыпендыі беларускім студэнтам і навукоўцам і, што вельмі важна, працягвае выдаваць вялікую колькасць візаў. Для нас вельмі важныя гэтыя адносіны», – адзначыла Ціханоўская па выніках сустрэчы.
АА belsat.eu