Залатую пальмавую галіну Канскага кінафестывалю атрымаў шведскі фільм «Трыкутнік смутку»


Галоўную ўзнагароду 75-га Канскага кінафестывалю атрымаў фільм «Трыкутнік смутку» («Triangle of Sadness») шведскага рэжысёра Рубэна Эстлюнда, паведамляе афіцыйны сайт фестывалю.

Стужка «Трыкутнік смутку» распавядае пра тое, як у Адрыятычным моры цярпіць крушэнне яхта, на якой адбывалася імпрэза з удзелам прадстаўнікоў вышэйшага свету і моднай індустрыі. Тыя, хто выжыў, дабіраюцца да бязлюднай выспы. Сярод знакамітасцяў і багацеяў выяўляецца простая прыбіральніца. Але яна адзіная, хто ўмее лавіць рыбу…

Гран-пры фестывалю ў Канах (другую паводле значнасці ўзнагароду) атрымалі аж дзве мастацкія стужкі. Гэта фільмы «Блізка» («Close») Люкаса Донта і «Зоркі апоўдні» («Stars at Noon») Клер Дэні.

Хто атрымаў іншыя прызы

  • Уладальнікам узнагароды за найлепшую рэжысуру зрабіўся паўднёвакарэйскі рэжысёр Пак Чхан Ўук за карціну «Рашэнне расстацца» («Hyeeojil gyeolsim» / «Decision to Leave»).
  • Спецыяльны прыз да 75-годдзя фестывалю аддалі фільму «Торы і Лакіта» («Tori and Lokita») братоў Дардэнаў.
  • Найлепшым акторам прызнаны карэец Сонг Канг Хо за ролю ў фільме «Брокер» («Broker») рэжысёра Хірокадзу Корээды, узнагарода за найлепшую жаночую ролю дасталася акторцы Зар Амір Эбрагімі за працу ў фільме «Свяшчэнны павук» («Holy Spider») рэжысёра Алі Абасі.
  • Прыз за найлепшы сцэнар атрымаў шведскі рэжысёр Тарык Салех за фільм «Хлопец з раю» («Walad Min Al Janna» / «Boy from Heaven»).
  • Прыз журы атрымалі адразу дзве стужкі – італьянска-бельгійская «Восем гор» («Le Otto Montagne» / «Eight Mountains») рэжысёраў Шарлётэ Вандэрмээрс і Фэлікса Ван Грунінгена і фільм «Іё» («Eo») польскага рэжысёра Ежы Скалімоўскага.
  • Узнагарода за дэбютны фільм дасталася карціне «Ваенны поні» («War Pony») Джыны Гэмэл і Райлі Кіёў, прадстаўленай у праграме «Асаблівы погляд».

У асноўным конкурсе фестывалю сёлета ўдзельнічалі 18 карцінаў.

Фестываль у Канах быў заснаваны ў 1946 годзе. Упершыню ў сваёй гісторыі ён прайшоў на фоне поўнамаштабнай вайны ў Еўропе. На фестывалі дзеяла забарона на любое дзяржаўнае прадстаўніцтва Расеі. У акрэдытацыі адмовілі прадстаўнікам пракрамлёўскай прэсы. Аднак у конкурсную праграму быў уключаны апошні фільм расейскага рэжысёра Кірыла Сярэбранікава «Жонка Чайкоўскага». На адкрыцці кінафестывалю ў Канах да калег з кінацэху звярнуўся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, у мінулым – актор і сцэнарыст.

Hавiны
Сабаку Патрона ўзнагародзілі прэстыжнай прэміяй на Канскім кінафестывалі
2022.05.28 10:52

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў