Вернікаў царквы «Новае жыццё» пакаралі вялізным штрафам за пропаведзь Евангелля на вуліцах Менску


28 красавіка ў Менску судзілі вернікаў евангельскай царквы «Новае жыццё», якія напярэдадні Вялікадня прапаведавалі Евангелле ў цэнтры сталіцы. Кожнага з сямі затрыманых пратэстантаў пакаралі штрафам у памеры 100 базавых велічынь, паведамляе тэлеграм-канал царквы «Новае жыццё».

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Пасху каля будынку царквы «Новае жыццё». Менск, Беларусь. 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

«На жаль, суд не прыняў да ўвагі довады маладых людзей аб тым, што яны шчыра хацелі падзяліцца сэнсам Вялікадня з мінакамі і што грамадскі парадак пры гэтым не парушаўся, і прызначыў для кожнага з іх пакаранне ў выглядзе амаль максімальна магчымага штрафу, прадугледжанага артыкулам», – гаворыцца ў паведамленні «Новага жыцця».

Семярых вернікаў царквы затрымалі 15 красавіка, калі яны, трымаючы вялікі крыж, расказвалі мінакам на вуліцы Няміга ў Менску аб ахвяры Хрыста. Прасілі таксама людзей на аркушы паперы пералічыць свае ўласныя грахі і прымацаваць лісток да крыжа.

Супрацоўнікі міліцыі адзелі на рукі хрысціянаў кайданкі і адвезлі іх у пастарунак. Суд аштрафаваў кожнага з іх на 100 базавых велічынь (прыкладна 3500 рублёў).

Паводле якога адміністрацыйнага артыкулу судзілі вернікаў, не ўдакладняецца.

Супрацьстаянне ўладаў і пратэстанцкіх вернікаў з менскага мікрараёну Сухарава пачалося яшчэ ў 2005 годзе, калі суд пастанавіў забраць будынак – былы кароўнік, які вернікі атрымалі раней і за свой кошт давялі да ладу. Тады ўдалося адстаяць пабудову, але ад сваіх планаў улады не адмаўляліся. Увосень 2020 года вернікі запісалі зварот з асуджэннем гвалту і фальсіфікацыяў у Беларусі. Праз некалькі месяцаў, 17 лютага 2021 года, міліцыя і камунальныя службы проста выселілі царкву на вуліцу. З таго часу прыхаджане вымушаныя праводзіць набажэнствы на вуліцы, на паркінгу каля забранага будынку. Рэпрэсіям і затрыманням падвяргаўся пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў