Хакей і кропка? Чаму перамога жлобінскіх спартоўцаў – гэта сумная падзея

Сёлета беларускі нацыянальны хакей адзначыў своеасаблівы юбілей: роўна 30 гадоў таму быў вызначаны першы чэмпіён краіны, якім стаў клуб «Цівалі». Затым менчукі яшчэ тройчы выгульвалі нацыянальны чэмпіянат. Рэкардсменам тут зʼяўляецца таксама сталічная каманда – «Юнацтва» – 10 чэмпіёнскіх тытулаў. 7 – у гарадзенскага «Нёмна» і тры разы ўзнімаўся на вышэйшы прыступак п’едэсталу гонару жлобінскі «Металург». У тым ліку – і ў двух скрайніх сезонах.

Але менавіта сёлета «стальныя ваўкі», як іх называюць, адзначылі гэты тытул з асабліваю помпай. Яны напярэдадні зладзілі цэлую праграму святкаванняў у сваім горадзе. Спачатку прыцягнулі Кубак на Беларускі металургічны завод, дзе з ім фатаграфаваліся работнікі прадпрыемства, потым у электрасталеплавільным цэху ўчынілі аўтограф і фотасесію і працягнулі яе ў скверы іншага, сталеплавільнага цэху, а ў холе заводаупраўлення нумар 1 дазволілі фатаграфавацца і з сабою, і з тым жа вялікім кубкам, а ўвечары ў Палацы гульнявых відаў спорту адбылося афіцыйнае ўшанаванне каманды і зноў аўтографы, аўтографы, аўтографы. Што ж, маюць права, яны чэмпіёны. Такі размах, напэўна, не толькі таму, што на фінальным процістаянні ім зноў, як і летась, кубак свайго імя ўручаў Лукашэнка (толькі ў мінулым годзе на «Менск-Арэне», а зараз у Горадні), але і паводле прычыны вельмі сумнага стану іншага спартовага жыцця ў горадзе і раёне. Іншых спартовых каштоўнасцяў у горадзе практычна няма. Спорт развіваецца хіба што на ўзроўні дзіцячым і аматарскім дарослым у варыянце правядзення Спартакіядаў. Хаця ў 77-тысячным горадзе існуюць і басейн, і аквапарк (які, праўда, закрыўся «паводле тэхнічных прычынаў» яшчэ ў 2019 годзе і сёлета ў лютым яшчэ не працаваў, а пра ўсе ягоныя хібы наведнікі казалі нічога не ўтойваючы) і, знакамітая раней веславальная база, зразумела, лядовы палац і палац гульнявых відаў спорту, а таксама лыжаролерная траса.

Галоўны трэнер «Металургаў» Дзмітрый Краўчанка. Крыніца: metallurg.zhlobin.by

Палац Гульнявых відаў спорту ў 2017-м прыняў кваліфікацыйны турнір чэмпіянату Еўропы для 19-гадовых дзяўчынаў, прыязджалі таксама найлепшыя каманды жаночага чэмпіянату Беларусі па гандболе на «Фінал чатырох» Кубка краіны, але ніхто зараз са Жлобіну не рэпрэзентуе рэгіён у элітных лігах чэмпіянатаў краіны па гандболе, баскетболе, валейболе і футболе. Усе сілы галоўнае прадпрыемства гораду аддае на развіццё хакею.

Віншуючы Жлобін Лукашэнка ў эйфарыі сказаў шмат высокапарных словаў, маўляў, «нам гэтыя хлопцы падарылі хвіліны, гадзіны і дні цудоўнага хакею», альбо «матч быў для мяне неверагодным», ці «вы недарэмна ясце свой хлеб, як і каманда прэзідэнта, якая прыехала сюды і таксама гуляе на зубах, пакутуе». Хакей, канечне, любіць можна, і нават захапляцца ім. Але што да словаў Лукашэнкі, што пра гэтую фінальную серыю будуць казаць шмат і ўсюды, то гэта проста няпраўда. Бо чэмпіянат Беларусі – падзея выключна мясцовага значэння. Нават прыхільнікі Лукашэнкі не могуць не прызнаць, да якога дна хакей і спорт увогуле апусцілі ў Беларусі. Спорт, які меў магутнейшыя традыцыі, цяпер, нават, і не міжнародны.

Чэмпіянат свету па хакеі 2023, Дывізіён 1, Група В – Кітай супраць Украіны. Талін-Арэна, Эстонія. 23 красавіка 2023 г. Украінскія заўзятары на трыбунах падчас матчу.
Фота: INTS KALNINS / Reuters / Forum

Калі хакейная эліта свету рыхтуецца да чэмпіянату свету, які прымуць Латвія і Фінляндыя ад 12 да 28 траўня, зборная Беларусі праводзіць трэнавальную гульню «белыя» на «чырвоныя» у якасці падрыхтоўкі (толькі ўдумайцеся) да серыі матчаў «Ліга Ставак. Вялікі тур зборнай» (менавіта Вялікі), які зборная Беларусі правядзе з 2 да 16 траўня ў пяці гарадах з трох краінаў (уласна, зборныя трох краінаў – Беларусі, Расеі і Казахстану выступяць у гэтым «вялікім туры»). Хаця казахі возьмуць удзел толькі ў двух матчах у сваёй Астане, бо яны – удзельнікі чэмпіянату планеты. Турніру, на якім ужо забаранілі дэманстраваць сімвалы Расеі і Беларусі, затое Украіны (хаця яна і не ўдзельніца спаборніцтваў) – калі ласка. Цывілізаванаму свету – сваё, рэжымам Лукашэнкі і Пуціна – сваё. Гэта можна не зразумець у Расеі і Беларусі, але прыняць – абавязаныя.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў