Беларуская журба ў Берліне

Прыяцелька падышла і спытала: «Паплакала?» Мы, ужо выпіўшы па кілішку віна на канцэрце, натрапілі на выставу: фотаздымкамі і відэа яна паказвала, як змяніліся беларускія культурніцкія і тусовачныя цэнтры за некалькі гадоў. «Ок16», «Корпус», «Event Space» ды іншыя, якія раней гулі рэйвамі, вечарынамі і сустрэчамі, цяпер стаяць маўклівыя і без нас. «Відэа не глядзі», – параіла яна. Мы падняліся сюды з палымянага канцэрту беларускіх выканаўцаў, ён, вядома, адбываўся не ў Беларусі, ды пасля любога палымянага канцэрту ты цяпер хутка цверазееш ад звыклай беларускай журбы.

Фестываль ў берлінскім культурніцкім цэнтры ACUD. Берлін, Нямеччына. 23-25 сакавіка 2024 года.
Фота: Зміцер Брушко

І беларуская журботная культура табе дапамагае. Цяпер нашае мастацтва свабоднага выяўлення жыве пераважна за мяжой, як з 22 да 25 сакавіка жыло ў Берліне. Тая выстава была часткаю фестывалю ў берлінскім культурніцкім цэнтры ACUD, які прыняў у сябе беларускае кіно, тэатр і проста-такі гарачыя канцэрты. Я пахадзіла ад адной падзеі да другой і паглядзела, як мы ўсцяж і амаль выключна тужым. І размаўляем адно пра траўмы ды выжыванне альбо ў падполлі, альбо за мяжою. Затое ўсё больш і больш – звяртаючыся да народнай культуры.

Я гасціла тут як суарганізатарка прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас». Месяц прайшоў ад нашай цырымоніі ўзнагароджання на Еўрапейскім кінарынку «Берлінале» і «Goethe-Institut im Exil» – арганізатар фэсту ў ACUD і партнёр кінапрэміі – паказаў некаторых нашых намінантаў і пераможцаў на вялікім экране. Галоўная гераіня аднаго з іх – «Дзённік Анастасіі» Максіма Буйніцкага – у пачатку фільму кажа, што пастанавіла павесіцца. Гледачы на гэтым моманце чамусьці смяюцца.

Фестываль ў берлінскім культурніцкім цэнтры ACUD. Берлін, Нямеччына. 23-25 сакавіка 2024 года.
Фота: Зміцер Брушко

Глядзіце далей. «Спатканне ў Менску» Мікіты Лаўрэцкага, якое перамагло на «Чырвоным верасе» ў чатырох катэгорыях, – limbo, міжсезонне, няпэўнасць для маладзёнаў у Беларусі 2021 года. Серыял «Працэсы» Андрэя Кашперскага, першая серыя якога мела ў нас дзве ўзнагароды, – АМАП, КДБ, чыноўнікі і прапаганда. Увесь букет, амаль. Адзін з двух найлепшых дакументальных кароткаметражных фільмаў «Маладосць па-беларуску» Ксеніі Галубовіч – ілюзія спакойнага пражывання свайго адзінага жыцця ў дыктатуры.

Няма нічога адсунутага ад нашага драматычнага кантэксту.

Замест поўнага метра я адправілася на спектакль – у ім персанаж на працягу ўсёй пастаноўкі метадычна будуе сабе труну, потым яго ў гэтай труне выносяць. Выбачаюся за спойлер, але развіццё падзеяў тут прадказальнае з самога пачатку. Гэта новы канцэптуальны спектакль Юрыя Дзівакова «Clausa fores». Аказваецца, ён паказваўся ў Варшаве, дзе я жыву, а я пра гэта нават не ведала – сачыць за культурніцкімі падзеямі за мяжою бывае ненадзейна.

Фестываль ў берлінскім культурніцкім цэнтры ACUD. Берлін, Нямеччына. 23-25 сакавіка 2024 года.
Фота: Зміцер Брушко

Спектакль нагадаў мне фільм «Вялікі дыктатар» Чарлі Чапліна: у ім галоўны герой, прататып Адольфа Гітлера, мітусіцца ад адной справы да другой, усё ён ведае і ўсё ўмее. Нам хіба яшчэ гадамі давядзецца ўспамінаць пра Лукашэнку нават у тэатры, а гэта апошняе месца, дзе я гатовая аддаваць яму такі гонар.

Потым у ACUD быў энергічны і сапраўды кайфовы канцэрт спявачкі, якую нельга называць. Людзі смяяліся, выпівалі і танцавалі, а потым я натрапіла на тую выставу і ў мяне спыталі: «Паплакала?» Такое ў нас цяпер «Супер-8» з Парку Чалюскінцаў.

Меркаванні
Беларусы зноў адзначыліся на «Берлінале»
2024.02.26 16:31

На наступны дзень у Берліне гукалі вясну з гуртом «Kriwi», а той нагадвае, якія гарэзлівыя і прасунутыя матывы спяваліся беларусамі здаўна. Хтосьці з мясцовых беларусаў спёк належных птушачак, а на канцэрт і рытуал госці прыйшлі цэлымі сем’ямі. Мы гукалі вясну – і нагукалі заяву Валера Сахашчыка пра стрэлкі на Вільню, якія малююць расейскія і беларускія генералы. На медытатыўным канцэрце фолк-эмбіент-праекту «Parus», якім можна было б агучваць фільмы-трагедыі, усё здавалася страчаным і чорным, як тыя кветкі, што тут вучылі рабіць з паперы напярэдадні. Тая папера чамусьці была чорная.

У іншым берлінскім двары ў гэты час беларусы святкавалі Дзень Волі, абдымаліся. Смажылі дранікі проста на месцы, распалілі вогнішча, якое заліваў мярзотны дождж, у памяшканні побач быў расцягнуты сшыты на замову бел-чырвона-белы сцяг. Хтосьці прынёс пірог з рыбаю, хтосьці – торт.

«Мы столькі стагоддзяў зазнаем русіфікацыю, а ўсцяж размаўляем па-беларуску і ходзім на беларускія фестывалі за мяжою», – сталі дзяліцца калегі, як выйшлі з канцэрту ў двор ACUD. «Так, але паслухай гэтую музыку», – горка пасмяяліся ў адказ.

З клубу гучалі апошнія тужлівыя мелодыі праекту «Parus», каб распусціць нас з гэтым прысмакам па Берліне. Нават у шалёным горадзе няма магчымасцяў збегчы ад беларускай журбы.

Меркаванні
Як я была ў журы амерыканскай і беларускай кінапрэміяў
2024.01.20 08:48

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў