«Прапанавалі вярнуцца дамоў, бо там бяспечна». Беларусу адмовілі ў міжнароднай абароне ў Чэхіі


Мянчук Генадзь (імя змененае на просьбу героя публікацыі) быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ў сакавіку 2021 года праз палітычны пераслед. Пэўны час мужчына пражыў ва Украіне, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны пераехаў у Чэхію, дзе застаецца дагэтуль. Тут беларус падаў заяву на міжнародную абарону. Цягам года Генадзь чакаў разгляду сваёй справы, і ўрэшце сёлета ў сакавіку атрымаў адмову – Чэхія прапанавала яму вярнуцца ў Беларусь. Мянчук вырашыў абскардзіць такое рашэнне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: brnodaily.com

Двойчы ўцякач

Упершыню Генадзя затрымалі ў Менску 10 жніўня 2020 года. Яго адпусцілі праз некалькі дзён падчас масавага вызвалення затрыманых на паслявыбарчых пратэстах.

«Потым праз два месяцы мяне вырашылі судзіць за тыя падзеі, але паколькі гэта была адміністратыўная справа, скончыўся тэрмін прыцягнення да адказнасці, яе проста закрылі, – распавядае мянчук. – У лістападзе таго ж года мяне зноў затрымалі, кінулі на Акрэсціна, там жа і арыштавалі на 15 содняў».

З Акрэсціна Генадзя перавялі ў Жодзіна, а потым у Магілёў. Пасля вызвалення некаторы час мужчына пажыў спакойна, а потым у сакавіку 2021 года, напярэдадні Дня Волі, ім сталі актыўна цікавіцца розныя органы – пачалі дасылаць позвы, каб з’явіўся ў Следчы камітэт, выклікалі да сябе таксама падатковая інспекцыя і Камітэт дзяржкантролю.

«Я вырашыў не чакаць далейшага развіцця падзеяў і з’ехаў ва Украіну, – кажа Генадзь. – Там я жыў да пачатку поўнамаштабнай вайны, пасля чаго ў сакавіку 2022 года з’ехаў у Чэхію».

У Чэхіі Генадзь адразу ж падаўся на міжнародную абарону. Да заявы мужчына прыклаў усе дакументы, якія пацвярджаюць, што вяртацца дамоў яму небяспечна: пратаколы затрымання і ператрусу, пастанову суда, даведку аб вызваленні, медычную даведку аб атрыманых траўмах, позвы ў Следчы камітэт, Камітэт дзяржаўнага кантролю, падатковую інспекцыю.

«Дапускаю, што цяжка ўявіць, як недзе могуць адбывацца рэчы, нібыта з антыўтопіі»

Рашэння давялося чакаць цягам года, і калі яно прыйшло, то зусім не парадавала: беларусу адмовілі ў абароне і прапанавалі вярнуцца дадому. Аргументавалі гэта тым, што няма ніякіх доказаў, што ў Беларусі мужчыну штосьці пагражае.

«Мне цяжка адназначна ацаніць, чаму так адбылося, – кажа Генадзь. – Цябе ж не пагружаюць у працэс разгляду, не задаюць дадатковых пытанняў. Таму складана зразумець, што іх цікавіць, якія ўзнікаюць сумневы».

Беларус выказвае меркаванне, што людзям, якія жывуць у еўрапейскай краіне, дзе даволі дакладна і законна працуе сістэма, цяжка ўявіць карціну свету, калі ў іншай краіне, даволі блізкай геаграфічна і гістарычна, могуць адбывацца рэчы, нібыта з антыўтопіі.

«Дзе не працуюць законы, міліцыя затрымлівае цябе не таму, што ты штосьці парушыў, а таму, што ў цябе вопратка не тых колераў, дзе на судзе табе кажуць: вашае меркаванне супярэчыць меркаванню супрацоўніка міліцыі, і ў суда няма падставаў яму не давяраць, таму вы – вінаваты, – разважае мужчына.  – Дзе людзей б’юць, калечаць, забіваюць. Я дапускаю, што гэта цяжка ўявіць, таму можа падавацца, што калі цябе затрымалі і пабілі, гэта было проста нейкае выпадковае непаразуменне, а ў цэлым усё нармальна, таму і кажуць: вяртайцеся дадому, там бяспечна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: TASS / Forum

Генадзь не можа вярнуцца ў Беларусь, бо там яму пагражае пераслед, але і не можа паехаць і ў іншую краіну, бо пакуль ён чакаў разгляду сваёй заявы, у яго скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта. Звярнуцца па абмен дакумента ў беларускую амбасаду мужчына таксама не можа, бо не ўпэўнены, што тое для яго бяспечна.

Адвакат беларуса: «Гэты выпадак нас моцна здзівіў»

Пасля першапачатковай разгубленасці Генадзь вырашыў звярнуцца па дапамогу ў Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі, каб абскардзіць адмову. Цяпер мужчына больш упэўнена глядзіць у будучыню, бо, паводле адваката, шанцы на станоўчы вынік абскарджання даволі вялікія.

«Адвакат кажа, што ёсць шмат нюансаў, на якія адпаведныя органы не звярнулі ўвагі пры разглядзе, і мы якраз на іх і засяродзімся, – кажа мянчук. – Таму цяпер я настроены больш аптымістычна. Бо спачатку, калі атрымаў адмову, быў у шоку і проста не ведаў, што далей рабіць».

Інтарэсы беларуса ў Чэхіі цяпер прадстаўляе адвакацкае бюро «Buchta, Pokorný & Partneři». Ягоны адвакат Іржы Покарны пракаментаваў справу «Белсату»:

«Гэты выпадак нас моцна здзівіў, з улікам папярэдняй практыкі Дэпартаменту прытулку і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Чэшскай Рэспублікі ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і ва Украіне. Мы падамо ў суд хадайніцтва аб пераразглядзе, а таксама скаргу ў межах г. зв. аўтарэмедуры, калі рашэнне аб скасаванні ці змене першапачатковага рашэння выносіць орган, які яго вынес».

Прэцэдэнт, які не павінен зрабіцца правілам

На сувязі з беларусам ад моманту ягонага выезду з атакаванай Расеяй Украіны і прыбыцця ў якасці ўцекача ў Чэхію застаецца Крысціна Шыянок, дырэктарка Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы, які якраз і дапамог знайсці праўную дапамогу.

«Сярод беларускіх уцекачоў і ўцякачак з Украіны, хто пасля пачатку поўнамаштабнай вайны падаваўся ў Чэхіі менавіта на міжнародную абарону (не блытаць з часовай абаронай і візай талерантнасці), і хто з намі на сувязі, гэта першае адмоўнае рашэнне, пра якое стала вядома», – зазначыла спадарыня Крысціна.

Паводле дырэктаркі Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі, гэты кейс прыярытэтны не толькі як прэцэдэнт, які не павінен зрабіцца правілам, але і таму, што ў спашукальніка міжнароднай абароны скончылася дзеянне пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, адпаведна, вяртанне ва Украіну для яго таксама не магчымае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

23 сакавіка стала вядома, што Чэхія працягнула забарону на выдачу візаў і відаў на жыхарства беларусам да 31 сакавіка 2024 года. Пад абмежаванне трапілі таксама грамадзяне Беларусі, якія маюць грамадзянства трэціх краінаў.

Выключэнне зрабілі для беларусаў, якія падаюць наступныя заявы:

  • на ВНЖ з мэтай аб’яднання сямʼі,
  • на сталае пражыванне для тых, у каго ўжо ёсць чэшскі внж ці карані,
  • на атрыманне Blue card (толькі праз візавую праграму «Грамадзянская супольнасць»),
  • на візы / ВНЖ з мэтай навучання для беларускага студэнцтва са стыпендыямі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў