Тая «якасць» скончылася, падавай новую

Пры вызначэнні тэматыкі для каляндарнага года ўлада рушыла па другім коле. Лозунгі патрэбныя, а фантазіі не хапае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ). Жодзіна, Беларусь. 19 верасня 2022 года.
Фота: sb.by

«Мала ўжо хто памятае, але і за Лукашэнкам у Беларусі ўжо абвяшчаўся Год якасці. Было гэта ў 2010-м», – нагадаў у размове з «Белсатам» палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

«Кіраўнік мусіць вылучаць нейкія лозунгі, да нечага заклікаць народ. Хаця ўцямнай ідэалогіі пад гэта ні ён, ні ягонае атачэнне так і не здолелі вынайсці. Таму бедная фантазія ўлады і вымушае яе хадзіць па коле», – тлумачыць Класкоўскі прычыны паўтарэння.

У брэжнеўскія часы была цэлая пяцігодка эфектыўнасці і якасці. Гэта перыяд, які быў наступствам рашэнняў XXV з’езду ЦК КПСС. Узмацненне нагляду за эфектыўнасцю і якасцю прыпала на 10-ую пяцігодку (план развіцця народнай гаспадаркі СССР і адпаведны яму этап гісторыі краіны ад 1 студзеня 1976 да 31 снежня 1980 года ўключна). Формула галоўнай эканамічнай задачы ўзгаданай пяцігодкі – «пад’ём матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця народу на падставе дынамічнага і прапарцыйнага развіцця грамадскай вытворчасці».

У сучаснай Беларусі (і ў 2010-м, і ў 2024-м) задача тлумачылася амаль аднолькава:

«Гэтае рашэнне прынятае дзеля далейшага павышэння якасці жыцця беларускага народу, забеспячэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі на сусветнай арэне, стымулявання ініцыятывы, фармавання ў грамадстве адказнасці за вынікі сваёй працы і адчування датычнасці да будучыні краіны».

Разумеючы, што некарэктна параўноўваць дасягненні вялізнага СССР і адной асобна ўзятай рэспублікі (а цяпер краіны – Беларусі), тым не менш узгадаем, чым хвалілася партыя пасля заканчэння той самай пяцігодкі 1976–1980 гадоў.

«У дзясятай пяцігодцы былі запушчаныя найбуйнейшыя ў краіне цэхі: халоднай пракаткі вугляродзістых лістоў, кіслародна-канвертарны цэх з МБЛЗ [машына бесперапыннага ліцця загатовак. – Заўв. belsat.eu], магутнасці для вытворчасці акатышаў, а таксама магутнасці для вытворчасці ферасплаваў, жалезнай руды, трубаў, вырабаў з металу і іншага. Уведзеныя ў прамысловую эксплуатацыю Усць-Ілімская ГЭС [на рацэ Ангара ў Іркуцкай вобласці. – Заўв. belsat.eu], Камскі аўтазавод [КамАЗ. – Заўв. belsat.eu]. Працягласць магістральных нафтаправодаў вырасла на 15 тысяч кіламетраў, а газаправодаў – на 30 тысяч кіламетраў. У жніўні 1977 года савецкі атамны ледакол «Арктыка» ўпершыню ў гісторыі мараплавання дасягнуў Паўночнага полюса. Вялізны зачын у 10-й пяцігодцы быў зроблены ў асваенні нафтагазаносных раёнаў Сібіры… У гэтай пяцігодцы СССР выйшаў на 1-е месца ў свеце паводле здабычы нафты (а ў наступнай – і паводле здабычы газу)», – піша «Коммунистическая энциклопедия».

Аб’ектыў
«Бюракратыя павінна паказаць, што яна дзейнічае». Прапагандысты атрымалі новую метадычку
2024.01.13 22:37

Гэта найбольш гучныя і магутныя вытворчасці, што прыносілі даход у бюджэт СССР і цаніліся сваёй неабходнасцю і надзённасцю ўва ўсім свеце. Што праўда, дабрабыт самога савецкага народу ад гэтага не надта павышаўся. Па-ранейшаму існавалі і дэфіцыт, і чэргі.

Ці можна сказаць, што цяпер у Беларусі ўсё айчыннае і якаснае? Аўтамабілі, электроніку якаснымі выпускаць гэтак і не навучыліся. Звярнуліся па дапамогу да кітайцаў. І якім чынам тут Год якасці дапаможа – не патлумачыш. На дадатак санкцыі, якія ўсё больш кладуць адбітак на твар эканомікі. Тады нашто гэты пафас і заклік да працоўнага гераізму: усё кінуць і пачаць выпускаць уласную якасную прадукцыю?

Для пачатку, гэта хлеб для прапагандыстаў, лічыць палітолаг, аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

«Здаецца, – кажа ён, – беларусы апынуліся ў нейкай машыне часу, якая рухаецца назад. Лукашэнка не здольны і не хоча адаптавацца да рэальнасці. Гэтая псіхалагічная праблема дэзадаптацыі аднаго чалавека ператвараецца ў палітычную праблему для ўсяе краіны… Памяняліся эпоха, сацыяльны лад, тэхналагічны ўклад, пакаленні. А ён застаўся там, у тым часе. І цягне туды краіну. Гвалтам. Імкнецца прымусіць народ жыць у тым сваім свеце, які даўно не існуе».

Самая традыцыя даваць году назву, паводле эксперта, ёсць прыкметай патэрналісцкай дзяржавы. А патэрналізм – гэта такая сістэма, пры якой дзяржава забяспечвае базавыя патрэбы грамадзянаў у абмен на дазвол дыктаваць мадэлі паводзінаў як публічнага, гэтак і прыватнага характару. Патэрналізм адлюстроўвае вузкасць перспектываў для шараговага насельніцтва, абмежаванне інтарэсаў і формаў. Гэта сістэма адносінаў, заснаваная на апякунстве і кантролі старэйшых над малодшымі, а таксама падпарадкаванні малодшых старэйшым.

«На рэалізацыю [гэтай кампаніі. – Заўв. belsat.eu] мабілізаваны дзяржаўны апарат, – піша Валер Карбалевіч. – Ва ўяўленні Аляксандра Лукашэнкі, народу патрэбны мабілізацыйны слоган, нельга пакідаць людзей сам-насам з іхнымі думкамі, планамі, жыццёвымі клопатамі… З гледзішча рэжыму: павінен жа быць нейкі пазітыў, а не толькі рэпрэсіі ды мілітарысцкія гульні».

Лукашэнка ўспрымае гэтую ідэю досыць сур’ёзна. Году якасці была прысвечаная першая сёлетняя нарада з удзелам усяго дзяржаўнага кіраўніцтва. Да яе была прымеркаваная адмысловая выстава «Знак якасці». Уласна, і самую выяву Знаку якасці дасталі з нетраў Савецкага Саюзу – і вось перад намі зноў той самы пяцікутнік. Толькі з подпісам «Беларусь». Знак якасці будзе прысвойвацца найлепшай прадукцыі паводле рашэння адмысловай атэстацыйнай камісіі.

Як розныя значкі і граматы ў савецкі час, гэты знак таксама мае сэнс – адзначыць, але без грошай.

«Існуе магчымасць зрабіць з гэтага значка варыянт заахвочвання, але без матэрыяльнай дапамогі прадпрыемствам або асобным працоўным калектывам», – тлумачыць «Белсату» палітолаг Анатоль Котаў.

На ягоную думку, гэта не паўплывае ні на стаўленне спажыўцоў, ні на паводзіны вытворцаў якіх-небудзь тавараў. Суразмоўца нагадвае: адзінае, што беларуская дзяржава навучылася якасна рабіць за апошнія гады, – гэта рэпрэсіі (суды, працэсы, затрыманні, арышты).

Якасць тавараў і паслуг была ахілесавай пятою эканомікі СССР, нагадаў Валер Карбалевіч.

«Савецкі Саюз загінуў менавіта таму, што сацыялістычная эканамічная сістэма… абсалютна прайграла спаборніцтва капіталістычнай рынкавай эканоміцы, – лічыць аналітык. – Як толькі адчыніліся межы, з’явіліся імпартныя тавары, то ўся сацыялістычная прамысловасць апынулася ў глыбокім крызісе».

Ці выжывуць хоць якія прадпрыемствы ў сучаснай Беларусі пасля 30-годдзя панавання над эканомікай лукашэнкаўскага разумення развіцця? Малаімаверна. Усё, абсалютна ўсё трэба будзе пераабсталёўваць, абнаўляць, нават пераідэалагізоўваць. Бо станкі і машыны – гэта адное, а светапогляд, інтэлект чалавека – зусім іншае. Пры гэтым першае не можа існаваць без другога. Прагрэс мусіць рухацца толькі ў супольнасці чалавека і машыны, а агульная прамысловасць не мусіць цярпець і дзервянець ад безлічы бязглуздых дзяржаўных дырэктываў.

Агляд
Тэматычныя гады ў Беларусі: якія мэты ставіліся і чаго рэальна дасягалі?
2024.01.27 14:00

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў