Выбухі ў Іране: атакаваныя стратэгічныя аб’екты


Мінулай ноччу ў Іране прагрымела серыя выбухаў на аб’ектах вайсковай інфраструктуры. У Міністэрстве абароны ісламскай дзяржавы пацвердзілі атаку беспілотнікаў на завод для вытворчасці боепрыпасаў у горадзе Ісфахан, перадае ўрадавае агенцтва IRNA.

У заяве Міністэрства абароны Ірану гаворыцца, што атака на завод боепрыпасаў у Ісфахане была няўдалаю.

«Адзін з беспілотнікаў быў збіты сродкамі супрацьпаветранай абароны, а два іншыя трапілі ў абарончыя пасткі і выбухнулі. На шчасце, няўдалая атака не прывяла да ахвяраў, ёсць толькі нязначныя пашкоджанні даху цэху», – піша агенцтва IRNA.

У правінцыі Усходні Азербайджан загарэўся буйны завод для вытворчасці маторнай алівы.

У сацсетках распаўсюджваецца непацвержданая інфармацыя пра выбухі ў Тэгеране, а таксама на нафтаперапрацоўчых заводах і прадпрыемстве, дзе збіраюць дроны-камікадзэ.

У Іране пакуль не гавораць, хто датычны да гэтай атакі.

Раней прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу паабяцаў «цвёрды, хуткі і дакладны» адказ на тэракт ля сінагогі ў Іерусаліме, перадае агенцтва PAP.

«Мы не імкнемся да эскалацыі, але мы гатовыя да любога сцэнару. Наш адказ будзе цвёрдым, хуткім і дакладным», – сказаў Нэтаньягу пасля пасяджэння Кабінету міністраў.

27 студзеня 21-гадовы палестынец пачаў страляніну па людзях, якія выходзілі з сінагогі ва Усходнім Іерусаліме. Сямёра загінулі, трое былі параненыя. Нападніка забіла паліцыя. Гэта быў самы крывавы тэракт у горадзе за апошнія гады.

На наступны дзень, 28 студзеня, у Іерусаліме 13-гадовы палестынец адкрыў агонь па мінаках, параніўшы двух чалавек. Хлопчыка застрэлілі ўзброеныя цывільныя асобы.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў