Стануць азіятамі. Для спартоўцаў з Беларусі і Расеі прыдумалі схему адбору на Алімпіяду


Для беларускіх і расейскіх спартоўцаў увядуць адмысловую сістэму адбору на летнія Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы. Пра гэта выданню The Indian Express паведаміў выканаўца абавязкаў прэзідэнта Алімпійскай рады Азіі Рандхір Сінгх.

Міжнародны алімпійскі камітэт.
Фота: bangkokpost.com

Каб адабрацца на гульні, беларусы і расейцы змогуць удзельнічаць у Азіяцкіх гульнях, якія пройдуць у кітайскім Ханчжоу з 23 верасня па 8 кастрычніка.

Пры гэтым, паводле Сінгха, кваліфікацыйная схема павінна дазволіць ім «змагацца за алімпійскія месцы, удзельнічаючы ў азіяцкіх турнірах, і пры гэтым не «з’ядаючы» квоты, прызначаныя для спартоўцаў Азіі».

Гэтыя ўмовы распрацоўваюць разам з Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) і міжнароднымі спартыўнымі федэрацыямі.

Днямі выканкам МАК заклікаў федэрацыі разгледзець допуск беларусаў і расейцаў да спаборніцтваў у нейтральным статусе, пры ўмове, што яны не будуць актыўна падтрымліваць вайну Расеі супраць Украіны.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў