Журналісты «Флагшток» даведаліся, хто адмініструе гомельскія паблікі, у якіх прапагандуюць рускі свет і дыскрэдытуюць апанентаў улады. Для гэтага спатрэбілася фота воблака і дапамога «Кіберпартызанаў».
Журналісты назіралі за праўладнымі паблікамі ў тэлеграме і ў «УКантакце» «Гомель ПРОТИВ» і «bez-b.by».
«Адміністратары груп у захапленні ад “рускага міра”. Першапачаткова яны прыцягнулі ўвагу расследвальнікаў не з-за цкавання актывістаў і журналістаў, а з-за агрэсіўнага прарасейскага кантэнту.
Аўтары груп не саромяцца посціць карыкатуры і пошлыя карцінкі, прысвечаныя заходнім палітыкам і падзеям ва Украіне. Падтрымліваюць агрэсію Расеі супраць Украіны, папулярызуюць сімвалы расейскай агрэсіі ва Украіне – лацінскія літары V і Z, агітуюць за вайну, распаўсюджваюць крамлёўскія фэйкі», – піша «Флагшток».
Мяркуючы па назіраннях расследавальнікаў, гэтыя групы вядуць адныя і тыя ж людзі.
Адзін з карыстальнікаў пад нікам «Сяргей Байкоў» прыцягнуў увагу сваёй актыўнасцю. Звычайна фэйкавыя старонкі не ўтрымлівалі сапраўдных фотаздымкаў, але ў 2015 годзе «Байкоў» выклаў фота, на якім большую частку прасторы займае неба, кавалачак вады і дрэвы.
Журналісты ўсё ж змаглі вызначыць, што здымак быў зроблены з вакна кватэры ў Гомлі на вуліцы Мележа, дом 12.
З дапамогай «Кіберпартызанаў» журналісты даведаліся, што там прапісаны Яўген Бажок 1981 года нараджэння. Бажок публікаваў са свайго фэйкавага акаўнту паведамленні ў праўладнай групе «Гомель ПРОТИВ».
Яму патэлефанаваў блогер Андрэй Павук пад выглядам знаёмага, каб удакладніць, ці з’яўляецца Бажок адміністратарам . Павука часта там цкавалі.
Андрэй Павук: «Я чуў, што ты «Гомель ПРОТИВ» адмініструеш, нармальна так».
Яўген Бажок: «Ээээээ. Не. Ээээээ. Так, гэта не тэлефонныя размовы. Глупства гэта ўсё, што ты зараз гаворыш».
Праз гадзіну Бажок змяніў аватарку свайго акаўнту ў тэлеграме і змяніў налады прыватнасці на больш закрытыя.
Па фатаграфіях Бажка пазнаў былы выкладчык БелДУТ і распавёў, што той быў куратарам універсітэту ад КДБ прыкладна з 2008 па 2012 гады.
Арсен Рудэнка belsat.eu