Ні дня без скандалу. Як праходзіць чэмпіянат свету па футболе ў Катары


Самы дарагі і самы скандальны – такімі эпітэтамі ўзнагародзілі 22-і чэмпіянат свету па футболе ў Катары. Мы прайшліся па самых гучных скандалах. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гульня між Нямеччынай і Іспаніяй на чэмпіянаце свету па футболе ў Катары. 27 лістапада 2022 года.
Фота: Frank Hoermann / Sven Simon / Imago Sport and News / East News

«Купленыя» чэмпіянаты і вялікія грошы

Тое, што гэта будзе незвычайны чэмпіянат, выглядала бясспрэчным ужо 12 гадоў таму, калі 2 снежня 2010-га тагачасны прэзідэнт ФІФА Зэп Блятэр абвесціў, што ў 2022-м чэмпіянат свету ўпершыню ў гісторыі скіруецца на Блізкі Усход. Рэч і ў кліматычных умовах, і ў абсалютнай нефутбольнасці маленечкай краіны на беразе смарагдавай Персідскай затокі.

Адразу пасля таго, як Расею і Катар назвалі гаспадарамі сусветных чэмпіянатаў 2018 і 2022 гадоў, вельмі актыўна загучалі тэрміны «купленыя»: прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным – каб хоць неяк палепшыць рэпутацыю ўласную і расейскую агулам пасля шэрагу інтэрвенцыяў у іншыя краіны ды рэгіёны і здушэння права голасу, Катарам – дзеля чарговай забавы шэйхаў, як нечага раней не выпрабаванага. Гэта ім як цацка, якой ніколі ў руках не трымалі. Усе 12 гадоў журналісты пісалі пра гэта.

Абодва чэмпіянаты планеты зрабіліся самымі дарагімі ў гісторыі. Спачатку рэкорд расходаў усталявала Расея, уклаўшы ў арганізацыю мундыялю $ 13,2 млрд (паводле сярэдняга абменнага курсу за 2013–2017 гады), а потым гэтую суму імкліва перакрыў Катар. Амерыканская кансалтынгавая кампанія «Front Office Sports», якая спецыялізуецца на фінансаванні спартовых імпрэзаў, ацаніла затраты арганізатараў на $ 220 млрд.

Адмыслова да сусветнага футбольнага форуму быў пабудаваныя цэлы горад Люсайль, плошча якога складае 35 квадратных кіламетраў, а насельніцтва вырасла да 450 тысячаў чалавек, тры лініі метро ў сталіцы – горадзе Доха, рэканструяваны аэрапорт, марскі порт і пабудаваныя абсалютна з нуля сем з васьмі стадыёнаў чэмпіянату свету (у тым ліку і сярод пустэльні). Арэны, дасюль не патрэбныя, не будуць неабходныя і пазней.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заўзятары Камеруну на трыбунах падчас футбольнага матчу групы G на чэмпіянаце свету па футболе ў Катары 2022 года, гуляюць Камерун і Сербія. 28 лістапада 2022 года. Фота Issouf Sanogo / AFP / East News

Першы скандал беспасярэдне на месцы правядзення мундыялю ўзнік яшчэ да матчу-адкрыцця паміж гаспадарамі і зборнай Эквадору. Паводле заявы рэгіянальнага кіраўніка Брытанскага цэнтру блізкаўсходніх даследаванняў Амджада Таха, Катар здолеў падкупіць некалькіх гульцоў нацыянальнай каманды Эквадору (называюць лічбу 8 і суму $ 7,4 млн), каб яны прагулялі Катару з лікам 0:1, прапусціўшы мяч у другім тайме. Інфармацыю пацвердзілі пяцёра інсайдараў з Катару і Эквадору, але словы Таха ў Twitter – «Свет павінен супрацьстаяць карупцыі ў ФІФА» – разляцеліся хутка. Эквадорцы выгулялі матч упэўнена з лікам 2:0.

 Без піва і са шматлікімі абмежаваннямі

За два дні да старту чэмпіянату свету ўлады Катару, а дакладней, сям’я, што належыць да дынастыі шэйхаў і эміраў, забараніла прадаваць піва на стадыёнах, парушыўшы ўсе дамоўленасці з ФІФА і спонсарамі, «кінуўшы» іх на вялізную суму. Сотні тонаў пеннага напою ўжо былі дастаўленыя ў Катар.

Разумеючы, што трыбуны не будуць запаўняцца ўжо падчас афіцыйнага адкрыцця, катарцы пачалі раздаваць задарма квіткі мясцовым рабочым і эмігрантам са Шры-Ланкі, Пакістану, Бахрэйну, Індыі, Ірану, Егіпту. Ясна, што яны ніколі не заўзелі за каманды Бразіліі, Аргентыны, Харватыі ці Даніі, але адзеліся ў колеры гэтых краінаў і выглядалі як фанаты. Паколькі такія выпадкі мелі масавы характар, выглядала гэта вельмі ненатуральна і непрывабна.

Фанаты, прыляцеўшы ў Катар, сутыкнуліся з жахлівымі ўмовамі, якія ім прапанавалі арганізатары. Імправізаваныя намёты альбо складзеныя са шчытоў ці пластыкавых скрыняў пакоі ў фанацкай вёсцы каштуюць 175 еўраў за содні. Танней каштуюць вагончыкі накшталт будаўнічых. Пры гэтым на ложках – непрыдатныя матрацы, пакоі не маюць прыбіральняў, а вада з крана брудная. У гатэлях, натуральна, кошты высачэзныя.

Скандальнасці дадаюць футбалісты, якія, карыстаючыся магчымасцямі тэлебачання і тэлетрансляцыямі на ўвесь свет, так ці інакш імкнуцца выказваць сваю пазіцыю альбо да ўнутраных праблемаў дзяржаваў, якія яны рэпрэзентуюць, альбо, з іхнага гледзішча, несправядлівага ўціску ўдзельнікаў чэмпіянату планеты. Гэтак, зборная Ірану моўчкі стаяла падчас гімну краіны перад двубоем з Англіяй, выказваючы такім жэстам падтрыманне тым, хто пратэстуе супраць свавольства кіраўніцтва Ірану, а футбалісты зборнай Нямеччыны падчас камандавага фатаграфавання прыкрылі рот рукою, пратэстуючы гэтак супраць абмежаванняў ФІФА на падтрыманне гэтак званай вольнай любові.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Піўныя кіёскі «Budweiser» на міжнародным стадыёне Халіфа напярэдадні чэмпіянату свету па футболе ў Катары. 18 лістапада 2022 года.
Фота: Miguel Medina / AFP / East News

Як аказалася, менавіта гэта сталася галоўнаю праблемаю для ФІФА і арганізатараў. Тое, што не ўспрымае ісламскі свет і што таксама ёсць вялікім грахом у хрысціянстве, Еўропа прывезла на Блізкі Усход. Гэтак званыя ЛГБТ-каштоўнасці з лозунгам «Адна любоў». Зборную Бельгіі змусілі прыбраць з формы колеры, якія нагадваюць вясёлку, а таксама слова «Love». І хоць павязку «One Love» ФІФА забараніла футбалістам выкарыстоўваць падчас матчаў, гульцы і федэрацыі былі гатовыя пайсці на любыя штрафы. Хіба што не на магчымыя жоўтыя і чырвоныя карткі.

Дарэчы, Данія ді іншыя краіны Скандынавіі ініцыявалі і выношваюць некалькі гадоў ідэю выхаду з ФІФА праз вялізную колькасць абмежаванняў на турнірах. Праўда, разумеюць, што гэта маларэальна.

Катарскія ўлады папярэджвалі, што гэта краіна з абсалютнаю мусульманскаю большасцю, у якой існуюць строгія нормы маралі. Плакаты са зваротам да заўзятараў прысутнічаюць каля ўсіх спартовых аб’ектаў краіны: «Праявіце павагу! Дапамажыце нам захаваць культуру і каштоўнасці Катару. Калі ласка, адзявайцеся сціпла ў грамадскіх месцах, закрываючы сваё цела ад плячэй да каленяў». Але сексуальная разбэшчанасць сучаснага свету пад абліччам дэмакратыі ды захавання правоў кожнага, у тым ліку і сексуальных меншасцяў, не спыняе таго-сяго ад памкнення парушыць мясцовыя нормы і выказаць непавагу да прадстаўнікоў абсалютна іншай культуры (напрыклад, «Міс Харватыя – 2016» Івана Кнёль прайшлася амаль аголеная па вуліцах Дохі) .

Скандалы і прэтэнзіі да ФІФА

Чэмпіянат свету ў Катары адзначыўся і тым, што ўпершыню адзін з яго ўдзельнікаў пазбавіўся працы падчас выступу за нацыянальную зборную сваёй краіны. З Крыштыянам Раналду скасавалі кантракт у клубе «Manchester United» пасля ягонага нашумелага лонданскага інтэрв’ю брытанскаму журналісту Пірсу Моргану.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыштыяну Раналду падчас размінкі перад матчам групы H паміж Партугаліяй і Ганаю на чэмпіянаце свету па футболе ў Катары. 24 лістапада 2022 года.
Фота: Jennifer Lorenzini / Reuters / Forum

Прычым клуб і футбаліст дамовіліся, што апошні пойдзе без усялякай кампенсацыі. Цяпер 37-гадовая зорка абірае варыянты далейшага працягу кар’еры не толькі ў Еўропе, але і ў ЗША, і нават у арабскай краіне.

Немалаважную таямніцу праблемнага стаўлення да сябе адкрылі габрэйскія арганізацыі. Каля 10 тысячаў чалавек гэтай нацыянальнасці ведалі, што афіцыйны Катар абяцаў вылучыць адмысловыя месцы для малітвы і зарганізаваць гэтак званае кашэрнае харчаванне. Але габрэйскія малебны ў часе гульняў былі забароненыя праз немагчымасць гарантаваць бяспеку такіх захадаў. Харчаваннем з асаблівасцямі спецыяльнай кухні паводле веравызнання (ёсць абмежаванне на мяса жывёлы, птушкі і рыбы) ніхто таксама не займаўся.

З самага свежага: Косава паскардзілася ў ФІФА на правакацыю зборнай Сербіі. Публіка пабачыла фотаздымак з раздзявальні сербаў, на якім відаць вывешаны сцяг краіны з тэрыторыяй дзяржавы, куды залучылі Косава ў сваіх межах, а таксама з надпісам: «Капітуляцыі не будзе».

На сайце Косаўскай федэрацыі футболу (па-албанску і па-англійску), а таксама ў Twitter арганізацыі адзначылі, што «такому шавіністычнаму акту не месца на спартовых імпрэзах, і тым больш там, дзе праходзіць найбуйнейшая сусветная футбольная імпрэза». «Непрымальна, што гэты факт замоўчваецца, і мы настойліва патрабуем, каб ФІФА строга пакарала Федэрацыю футболу Сербіі за гэты агрэсіўны акт, які супярэчыць каштоўнасцям, што перадае футбол», – адзначаюць у паведамленні. Паводле амерыканскай тэлевізійнай кампаніі ESPN, у ФІФА пачалі расследаванне інцыдэнту.

Пры ўсіх абвінавачаннях ФІФА ў несумленнасці і карупцыі, Міжнародная федэрацыя футболу ні пры яе папярэднім кіраўніку – Зэпу Блятэру, ні пры ягоным пераемніку – Джанні Інфантына – ніколі не мела намеру змяніць месцы правядзення чэмпіянатаў свету – у 2018 і 2022 гадах.

На расейскім мундыялі таксама не абышлося без скандалаў альбо кур’ёзаў. Хіба што яны былі больш лакальныя і завязаныя на палітычнай сістэме ў Расеі. Тады прэзідэнт ФІФА Джанні Інфантына назваў турнір 2018 года «найлепшым у гісторыі чэмпіянатам свету». Што скажа кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі футболу паводле вынікаў катарскіх прыгодаў? Прынамсі адусюль чуем блізкую рыторыку: поўны правал! І для ФІФА, і для яе кіраўніка. Чэмпіянат планеты – 2022, нагадаю, працягнецца да 18 снежня.

Аляксандр Пуціла  belsat.eu

Стужка навінаў