Рэзалюцыю з заклікам да перамір’я ў сектары Газа ўхвалілі. Дакумент падтрымалі 120 дзяржаваў, перадае агенцтва «The Associated Press». Канада прапанавала дадаць у рэзалюцыю асуджэнне нападу «Хамасу», аднак неабходнай колькасці галасоў папраўка не набрала. Ізраіль раскрытыкаваў пастанову Генеральнай асамблеі.
120 з 193 дзяржаваў, у тым ліку Беларусь, прагаласавалі ў Генеральнай асамблеі ААН за рэзалюцыю з заклікам прыпыніць агонь у сектары Газа. 45 краінаў устрымаліся, 14 былі супраць.
Рэзалюцыя заклікае да ўстойлівага перамір’я, да павагі прынцыпаў міжнароднага права і дастаўкі гуманітарнай дапамогі.
У дакуменце не згадваецца напад баевікоў «Хамасу» на Ізраіль. Канада пры падтрыманні ЗША прапанавала ўлучыць асуджэнне атакі, а таксама заклік да вызвалення закладнікаў, аднак неабходнай колькасці галасоў папраўка не набрала. Супраць гэтага пункту выступіла і Беларусь.
Амбасадар Палестыны ў ААН Рыяд Мансур назваў Генеральную асамблею «больш адважнай і больш прынцыповаю» за Раду бяспекі ААН, якая за апошнія два тыдні не здолела ўхваліць рэзалюцыі за чатыры спробы.
«Гэта чорны дзень для ААН і чалавецтва», – гэтак пастанову Генеральнай асамблеі пракаментаваў амбасадар Ізраілю ў ААН Гіляд Эрдан. Ён назваў галасаванне ганебным і запэўніў, што ягоная дзяржава «не спыніць аперацыі, пакуль тэрарыстычныя магчымасці «Хамасу» не будуць знішчаныя і закладнікі не вернуцца дадому».
Тым часам «The New York Times» са спасылкаю на прадстаўніка Цагалю піша, што ў ноч на суботу ізраільская армія ўвайшла ў сектар Газа, аднак пакуль няясна, гэта поўнамаштабнае наземнае ўварванне ці лакальная аперацыя.
«Нашыя войскі і танкі – у сектары Газа. Яны страляюць і дзеяць. Але нашыя войскі і танкі былі ў Газе і ўчора», – цытуе выданне афіцэра Цагалю.
У пятніцу ўвечары Ізраіль узмацніў бамбаванне анклаву, тэрыторыю атакавалі з паветра і з мора. Падкантрольныя «Хамасу» улады сектару Газа сцвярджаюць, што ў рэгіёне знік інтэрнэт і тэлефонная сувязь. Праз гэта праваабарончыя арганізацыі выказалі занепакоенасць, бо адсутнасць сувязі «можа схаваць масавыя парушэнні правоў чалавека».
СК belsat.eu