Генеральны сакратар NATO неспадзявана прыехаў у Кіеў


У Кіеў 28 верасня з незапланаваным візітам прыбыў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг і сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Прэс-канферэнцыя Енса Стольтэнбэрга і Уладзіміра Зяленскага пасля супольнай сустрэчы падчас незапланаванага візіту генеральнага сакратара NATO ў Кіеў. 28 верасня 2023 года.
Фота: РБК-Україна / Telegram

Як паведамляецца, візіт Енса Стольтэнбэрга не быў анансаваны.

Пасля прыбыцця ў Кіеў генеральны сакратар узяў удзел у цырымоніі памяці пра загінулых у вайне ўкраінскіх вайскоўцаў на Міхайлаўскай плошчы.

У межах візіту адбылася сустрэча Енса Стольтэнбэрга і Уладзіміра Зяленскага, на якой абмяркоўваліся пытанні абароны ды ўступлення Украіны ў NATO .

На супольнай прэс-канферэнцыі пасля перамоваў Уладзімір Зяленскі назваў размову змястоўнаю:

«Сёння гэта ўжо размова дэ-факта хаўруснікаў, і пытанне часу, калі Украіна дэ-юрэ станецца сябрам Альянсу. Мы робім усё, каб наблізіць гэты час. Украіна ўжо абараняе агульную прастору свабоды, што яднае ўсіх сябраў NATO, і перамога Украіны ў гэтай злачыннай вайне, якую развязала Расея, гарантавана забяспечыць доўгатэрміновую бяспеку і мір, і не толькі нашай дзяржаве, а і ўсяму кантыненту».

У якасці прыкладу паспяховай супрацы з NATO ўкраінскі прэзідэнт назваў танкавую, авіяцыйную ды іншыя кааліцыі краінаў, якія дапамагаюць Украіне абараняцца ад ворага. Пры гэтым Зяленскі падкрэсліў, што супраца з Альянсам працягваецца ў іншых сферах: ад выведкі да кіберабароны:

«Мы можам і надалей ціснуць на агрэсара так, каб Расея толькі адступала і страчвала».

Падчас прэс-канферэнцыі ў Енса Стольтэнбэрга спыталі, як у NATO ставяцца да падзенняў расейскіх БПЛА на тэрыторыі краінаў, якія ўваходзяць у Альянс. Генеральны сакратар адказаў, што NATO не лічыць, што падзенне расейскіх дронаў было наўмыснай атакаю на гэтыя краіны, таму за гэтым не было нейкіх актыўных дзеянняў у адказ.

У той жа час, паводле Стольтэнбэрга, гэтыя падзеі прымусілі NATO ўзмацніць сваю прысутнасць на ўсходнім флангу: у прыватнасці, для патрулявання паветранай прасторы ў Румынію перакінутыя некалькі знішчальнікаў.

Гэта першы візіт генеральнага сакратара NATO пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Нагадаем, што ў лютым, на гадавіну пачатку вайны, у Кіеў ужо прылятаў Джо Байдэн з намерам выказаць «непарушную ды нязменную адданасць дэмакратыі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў