news
Гісторыі
Музыкі Юля і Пятро Марчанкі – пра турму, каханне і жангляванне мандарынамі ў камеры СІЗА-1
439 дзён за кратамі ў «справе «Irdorath».
29.09.202308:00

Былыя палітвязні і музыкі Юля і Пятро Марчанкі распавядаюць пра тое, як захаваць сувязь, каханне і пачуццё радасці ва ўмовах следчага ізалятару і зоны. Пра містычныя памылкі, гукі флейты на «промцы» ПК-3, афрыканскія спевы ў гомельскай калоніі і жангляванне мандарынамі ў камеры на Валадарскага.

Пасля размовы з былымі палітвязнямі і музыкамі «Irdorath» Юляй і Пятром Марчанкамі сніцца сон. Быццам ты – вертухай на Валадарцы. Зазіраеш у вочка адной з камеры і бачыш: танюткая дзяўчынка з дрэдамі жанглюе ў чорнай камеры аранжавымі мандарынамі, а аднекуль здалёк гучыць флейта. Пад шамаценне дажджу. На гэтым – прачынаешся. Вобраз дзяўчыны з мандарынамі цябе ўжо не пакіне.

«У СІЗА даслалі мне аднойчы тры мандарынкі. Спецыяльна, каб жанглявала. Але камера малая – не патрэнуешся. А адну мяне ў камеры забаронена было пакідаць, бо – «экстрэмістка». Толькі аднойчы такое здарылася. Мяне аднекуль прывялі, а астатнія пайшлі на шпацыр. Я ўзяла мандарыны, стаю, жанглюю, і чую, як дзяжурныя, якія пільна за мной сочаць, перагаворваюцца. «Што яна там робіць» – «Жанглірует» – «Чым?..» Паўза: «Памідорамі!» – са смехам апавядае Юля Марчанка гісторыю пра «памідоры», якая трапіць у наш сон.

Не пазнала, калі пабачыла на Валадарцы паголенага

Канец верасня 2023 года. Барабанны дробат дажджу па даху альтанкі ва Уяздоўскім парку ў Варшаве. Цікаўныя вавёркі прыслухоўваюцца да нашай размовы. Юля і Пятро Марчанкі прабылі за кратамі 435 дзён. У кастрычніку будзе год – як на свабодзе. Юля і цяпер з дрэдамі. У Пятра адраслі валасы і бародка.

Але калі ў СІЗА-1 упершыню апынуліся недалёка адзін ад аднаго – Юля не пазнала мужа: быў з паголенай галавой і падбароддзем.

«Нас павялі на камісію для пастаноўкі на прафулік, я стаю, ідзе нехта, а я думаю: ён ці не ён? Потым мне ў лістах напісалі, што Пеця цябе бачыў, але ты яго, здаецца, не пазнала.  Я ж ніколі ў жыцці не бачыла яго без валасоў і барады!» – апавядае Юля.

«Я пагаліўся, можа, дзень на трэці на Валадарцы. Бо нязручна было даглядаць усё гэта – вада халодная. Дый валасы мае пачалі паціху запаўняць камеру. Карацей, лысы, без барады – і пазнаць мяне было страшэнна складана. Амаль нерэальна. І тады, на камісіі, я бачыў Юлю, махаў рукамі і так, і гэтак. Але ж далекавата было, і зрок у Юлі – так сабе…» – смяецца Пятро.

Зрок у Юлі знізіўся ў турме на паўтары адзінкі – з мінус 4 да мінус 5,5. Але сувязь паміж сужэнцамі (афіцыйна пабраліся за два месяцы да затрымання) грунтавалася не на гэтым. І не на турэмных «дарогах», бо іхныя камеры размяшчаліся ў карпусах, не забяспечаных «дарогамі». І не на ліставанні, бо перапісвацца ім было нельга (дазвол атрымалі толькі ў калоніі – пасля прысуду). Сувязь была амаль містычная. Прыкладам, да Пятра трапляе кніжка, якую чытала і трымала ў руках Юля. Ці – перадача, адрасаваная Юлі.

Былыя палітвязні і музыкі Юля і Пятро Марчанкі.  
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Прыносяць мне перадачу, а там напісана: Марчанцы Юліі Анатольеўне. Ага, думаю. І ў мяне на такі выпадак заўжды быў падрыхтаваны ліст. Таму што ўвесь час сядзіш і думаеш, якую можна правярнуць схему, каб звязацца з Юляй. Знайшоў у той перадачы пустыя канверты і запхнуў свой ліст у самы далёкі. Перадачу вярнуў ахоўніку, маўляў, адбылася памылка. І яе перадалі Юлі. Але ж яна не ведала, што там ліст ад мяне. Прайшло, напэўна, месяцы два, пакуль дабралася да таго канверту…» – распавядае Пятро.

«Так выйшла, што мы толькі адзін раз выпадкова сустрэліся, калі нас выклікалі да следчага. Пецю прывялі пасля мяне. Ён паспеў задаць мне два пытанні. Першае: «Ці атрымала ты мой ліст у перадачы?» Другое: «Хто з палітычных у тваёй камеры?» Пра ліст у перадачы я тады нават не зразумела. На другое адказала: Воля Лойка. А ён такі: «О клас, гэта ж тая самая, што працавала з Сяргеем Чалым?» Ну, гэта яна раней была з Чалым, адказваю, цяпер – са мной», – смяецца Юля.

Гісторыі
Крыкі дзяцей з дынамікаў, дыханне аўчарак за спінай. Новыя сведчанні катаванняў у беларускіх турмах
2023.05.13 12:26

Коцікі на піку Марчанкі

Той ліст ад Пятра ў пустым канверце Юля потым знайшла і прачытала. Успамінае, што да яе таксама – праз містычную памылку – прыходзіла карэспандэнцыя, адрасаваная мужу. Прыкладам, атрымала ліст ад сваёй мамы, якая пісала Пятру, як «Юля святкавала Новы год». Перад тым як вярнуць яго турэмнікам, уклала туды малюнак з двума коцікамі на піку Марчанкі ў Запаляр’і, на які Пятро і Юля ўздымаліся на наступны год пасля знаёмства.

«Нічога не дапісвала, бо баялася, што ліст не дойдзе. Проста паклала карцінку» – кажа Юля.

«Ліст дайшоў. Гэтая карцінка з коцікамі была ўвесь час са мной, у маім сшытку. Я, дарэчы, таксама Юлі пісаў вершы і аповеды пра нашых катоў – Рыжыка і Масіка, якія чакалі нас на свабодзе (цяпер – у Варшаве. – Заўв. «Белсату»). Пісаў, каб падтрымаць Юлю», – дадае Пятро.

На гадавіну іхнага знаёмства – 7 лістапада – Пятро «прыдумаў схему», як перадаць Юлі ў камеру СІЗА падарунак – цішотку з іх выявамі і надпісам «Пеця + Юля». Схема спрацавала. Пра тое, якую ролю адыграе гэтая цішотка ў будучым – праз некалькі абзацаў. Пакуль – перадгісторыя.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пятро і Юля пазнаёміліся ў далёкім 2014-м на канцэрце «N.R.M.» у Менску (у клубе «Brugge»). Пятро заўважыў сярод слухачоў далікатную бландзінку ў акулярах, падышоў і зрабіў камплімент… Піту Паўлаву, дакладней – ягонаму выкананню (нядаўна, па супадзенні лёсаў, зайгралі разам з ім канцэрт у Варшаве).

«Пасля я паклікаў Юлю гуляць. Пайшлі, кажу, гуляць усю ноч. Юля кажа: «Ну, пайшлі». Вось і ўсё, і мы былі ўжо разам», – апавядае Пятро.

Прызнаецца, што заіскрыла паміж імі з першага позірку. Яна – студэнтка кансерваторыі, ён – музыка-аматар, які граў ужо ў «Irdorath», марыў «быць бамжом» па жыцці і безупынна вандраваў аўтастопам. Як прызнаецца Юля, менавіта аўтастоперскія гісторыі Пятра яе абяззброілі. Сама хацела так вандраваць, але без кампаніі баялася.

Ужо на наступны год маладыя людзі зладзілі вандроўку ў Запалярʼе (у Мурманскую вобласць) аўтастопам. І падняліся там на пік Марчанкі. Адтуль – і коцікі на цішотцы.

Першы раз абняліся ў чарзе па матрацы

Цяпер – да цішоткі «Пеця + Юля». 28 снежня 2021 года адбыўся суд над палітзняволенымі ўдзельнікамі гурта «Irdorath» Юляй і Пятром Марчанкамі і Антонам Шніпам (прысуд Надзеі і Уладзіміру Калачам быў абвешчаны за два тыдні да гэтага – два гады калоніі). Калі агучылі вырак, Юля расхінула кофту, пад якой была тая самая цішотка.

«Гэта было ну вельмі… Блін, думаю, якая ж ты крутая! Было моцна. Усе плачуць – паўтара года калоніі. А мы такія, з гэтай цішоткай… глядзім адзін на аднаго», – згадвае Пятро.

Яны і зараз такія. Моцныя і радасныя. Паміж імі працягвае іскрыць. З цёплай пяшчотай успамінаюць момант, калі пасля суда ім нарэшце – першы раз за паўгода ў СІЗА – удалося абняцца. Не, не ў клетцы ў судовай зале (там не дазволілі) – у чарзе па турэмныя матрацы.

«Валадарку» і Юля, і Пятро згадваюць як месца, «дзе ўсё было добра», бо былі блізка адзін ад аднаго і заўжды мелі шанец выпадкова сустрэцца. Пасля прысуду і этапу ў калоніі іх раздзялялі ўжо тры сотні кіламетраў паміж Гомлем і Віцебскам. Але быў плюс: на зонах ім дазволілі ліставацца паміж сабой (у СІЗА былі «падзельнікамі ў адной справе», таму, напрыклад, лісты ад Пятра да жонкі ад рукі перапісвала ягоная сястра і паэтка Юлія Цімафеева – і дасылала братавай).

«Ну як, пра што пісаў? Расказваў, як я кахаю яе і што будзе далей. Як будзем шчаслівыя і ўсё будзе ў нас класна», – смяецца Пятро.

Турэмныя флейты Пятра Марчанкі

Ён і на зоне не губляў добрага гумору і аптымізму. Увага: на пыльнай і прамерзлай пілараме «Віцьбы-3» Пятро змайстраваў тры флейты з пластыкавых трубак, на якія намотвалі метал у суседнім цэху.

«Я калісьці раней рабіў інструменты музычныя, флейты ў тым ліку. Ведаў больш-менш тэорыю, як рабіць. Быў цвік і кавалак наждачкі. Ну і шмат часу, так скажам. Я сядзеў, калупаў там дзірачкі. Спачатку зрабіў простую дыяганальную флейту, без свісткоў. Проста трубка і дзіркі. На ёй і граў», – расказвае Пётр.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Потым зʼявіліся вістл і бансуры. Пра індыйскую бансуры кажа, што яна была ягонаю «вяршыняй музычнай вытворчасці» ў турме. Прызнаецца, што трэба было напружыць усе свае праграмісцкія навыкі, каб у выніку яна «выдзімала чысценька дзве актавы». Атрымалася. Граў Пётр проста на «промцы».

«Піларама вельмі шумная, усё грыміць, усё ў пыле, брудзе і пілавінні. І я такі сяджу на нейкім пяньку – і давай сваё! Так, было вельмі небяспечна, бо за гэта лёгка можна было паехаць на ШІЗА. Але чамусьці ніхто мяне не здаў. Я не ведаю, як гэта спрацавала, але… Можа, усе настолькі былі здзіўленыя? Што гэта за прыдурак такі сядзіць, нешта калупае, а потым: «Зараз будзе сярэднявечны танец маразуля!» – апавядае былы палітзняволены.

Думаў, што на зоне яго флейту не чуваць, але зняволеныя казалі, што бансуры Марчанкі чуваць было аж пад КПП прамзоны. Дарэчы, свой «гурт», як прызнаецца, меў і ў камеры на Валадарцы. Але майстраваць флейту там давялося з газеты. Аднойчы зладзілі нават барабанны батл з камерай, што размяшчалася пад «хатай» Пятра, – там, аказваецца, сядзеў музыка з філармоніі…

У цяжкіх турэмных ботах важыла ўсяго 45 кг

У той жа час Юля ў гомельскай калоніі заспявала ў суправаджэнні хору зняволеных жанчын дзве афрыканскія песні. Дзяўчыны з 14-га атраду рыхтаваліся да «капусніку», дзе трэба было прэзентаваць розныя краіны. Выбралі Афрыку. На Юлю Марчанку ніхто не звяртаў увагі. Між тым, у рэпертуары хору хлопчыкаў, якім яна кіравала пасля кансерваторыі, была папулярная зулуская «Сіяхамба», якую ведала добра. І яшчэ адна лічылка, якую прывезла калісьці з Мадагаскару Вольга Шніп.

«Падыходжу я да дзяўчат і кажу: а давайце я вам дапамагу. І праспявала ім. Яны такія: ого, клас, пойдзеш выступаць. Я кажу, маўляў, мяне не пусцяць – я палітычная. Яны: «А раптам пусцяць? І атрымалася. У гэтым «капусніку» з палітычных толькі я і ўдзельнічала», – апавядае Юля Марчанка.

Што праўда, «афрыканскіх» дрэдаў на зоне яна ўжо не мела. На Валадарскага, калі стаў вядомы тэрмін этапу ў калонію, дрэды знялі сукамерніцы, якія за час перабывання там Юлі навучыліся іх і пераплятаць.

Былая палітзняволеная кажа, што да затрымання важыла 48-50 кг і што ў СІЗА і на каранціне ела шмат («Проста нуда – і есці хочацца»). Але прызнаецца, што схуднець ёй лягчэй, чым набраць вагі. Мае звычку есці павольна. Таму калі яе «паднялі» ў атрад, яна проста не паспявала ў сталоўцы зʼесці ўсё. Ды і ежа была гарачая.

«Першы час я хадзіла галодная, сумная і з ротам апечаным. Потым навучылася. Але без сваёй ежы там усё адно складана. Тая ежа, што даюць у сталоўцы, не заўжды смачная. Скажам так: яна заўжды нясмачная. Пытанне толькі ў тым, ты можаш яе зʼесці ці не», – распавядае Юля.

Праз паўтара тыдня пайшла да лекара з просьбай, каб «спусцілі» яе лекі ад алергіі (пакутавала на алергію падчас веснавога цвіцення), бо кашляла ўжо свістам, а заадно папрасіла ўзважыцца.

«І я ва ўсёй гэтай вопратцы і ў ботах цяжкіх заважыла ўсяго 45 кг. То бок за першы месяц у калоніі № 4 я моцна схуднела», – адзначае Юля Марчанка.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дадае, што ў 14-м атрадзе яе ратавала Віка Гранкоўская (палітзняволеная, асуджаная на два з паловай гады ў «справе студэнтаў»). Гатавалі адна адной бутэрброды, калі хтосьці з сябровак кудысьці сыходзіў і меўся неўзабаве вярнуцца.

«У Гранкоўскай увогуле ўсё ў руках гарэла. Калі б не яны – была б я галодная», – кажа Юля, падкрэсліваючы, што з Вікай Гранкоўскай сябруюць дагэтуль (тая вызвалілася 30 лістапада 2022 года).

Вызваленне як стрэс

І яшчэ адна гісторыя з віцебскай ПК-3, якую Пятро Марчанка называе «спецаперацыяй». Сэнс яе быў у тым, каб на ўсю зону паказаць адзін вядомы беларускамоўны фільм. Дыск запісаў на волі сябар Пятра, ён быў дасланы іншаму зэку, які павінен быў выйсці яшчэ на аднаго, які меў добрыя «стасункі з мусарамі» і г. д.

«У нейкі момант ледзьве ўсё не пракалолася. У выніку ж фільм прайшоў на ўсіх экранах ПК-3. Усё па-беларуску. І ўсе абавязкова павінны былі прыйсці і паглядзець, бо гэта было «рэжымнае мерапрыемства», – з гонарам расказвае Пятро Марчанка.

Інтэрв’ю
Леанід Судаленка пра віцебскую калонію: Хто сядзеў у Расеі, казалі, што на «Віцьбе» цяжэй
2023.08.23 08:32

Ён зазначае, што «любая нацыянальная дзвіжуха» мела вялізны сэнс для палітвязняў. Згадвае, як на дзень народзінаў Максім Знак падарыў яму кніжку Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча». На кніжкі ўвогуле палявалі – Алексіевіч, Гінзбург, Салжаніцын, Оруэл («1984» у перакладзе Сяргея Шупы прачытаў на «Валадарцы»). Адкрыў для сябе на віцебскай зоне Уладзіміра Набокава («Приглашение на казнь», «Отчаяние» ), якога даўно раіў яму прачытаць швагер – пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.

Юля і Пятро Марчанкі выйшлі на волю ў адзін дзень – 11 кастрычніка. Хіба Пятро – на паўгадзіны раней. У сваіх лістах з калоніі Пятро прапаноўваў Юлі адразу па сустрэчы зняць недарагі гатэль і схавацца на некаторы час ад усіх. Планы засталіся планамі. Абодвух, у Віцебску і Гомлі, сустракалі сваякі і сябры. Недзе аб 11-й, калі выйшла на свабоду і Юля, сазваніліся.

«Юля… Пеця… Юля… Пеця! І не ведаеш, што сказаць. Мы такія разгубленыя. «Ну што, ты едзеш?» – «Так, еду». – «Ну, давай хутчэй!» І ўсё…» – згадвае першую тэлефонную сувязь з мужам па вызваленні Юля.

«Насамрэч вызваленне – гэта стрэс. Ты нічога не разумееш. Нават пасля такога невялікага тэрміну – паўтара года – адчуваеш, што ты нейкі тыраназаўр», – дадае Юля.

«А ў мяне было так. Я адразу папрасіў, каб мне далі тэлефон і далі дуду. Бяру дуду, а яна, пакуль ляжала ў мусарні, уся рассохлася. Я бяру, надзімаю, яна падае на асфальт і расколваецца. Шок! І так я зразумеў, што свабода не такая і прыкольная, як пра яе кажуць», – дзеліцца са смехам Пятро Марчанка.

«Гэта ўсё – пра любоў і ўдзячнасць»

Былыя палітвязні спаткаліся ў Мазыры – на радзіме Юлі («Мазыр – месца маёй сілы»). Пятро згадвае, што пасля першых абдымкаў і пацалункаў Юліны вочы раптам робяцца «нейкімі варʼяцкімі».

«І вось з такімі вачыма яна змушае мяне схіліць галаву і шэпча на вуха: «Жыве Беларусь!» Гэта была першая сэнсоўная фраза, якую яна выдала па вызваленні», – смяецца Пятро.

Смяёмся мы ўсе. «Жыве!» Здзіўленыя варшаўскія вавёркі разбягаюцца па зарасніках плюшчу. Недзе за плюшчом стаіць хатка, у якой месціцца Школа беларускай традыцыйнай культуры. Пару дзён таму Пятро Марчанка граў на святкаванні яе гадавіны на барабанах.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Яшчэ раней – прэзентаваў на New Belarus Hackathon у Варшаве мабільную праграму для дапамогі тым, хто вучыцца граць на дудзе, – праект заняў трэцяе месца. Зайграў ужо таксама некалькі канцэртаў з гуртом «Літы Талер».

Да Юлі таксама вяртаецца музыка.

«Увесь гэты год не хацелася нічога рабіць, пакуль не выйшлі на свабоду Вова І Надзя Калачы з «Ірдарату». Яны выйшлі – і можна ўжо і з Пецям пайграць, можна і паспяваць. І вось цяпер я вяртаюся – дробненькімі крокамі – да музыкі», – кажа Юля Марчанка.

Яна пакуль не мае ў Варшаве хору хлопчыкаў (хоць адзін вучань ужо ёсць), але Юля першая са складу «вызваленага «Ірдарату» адправілася ў тур – па Польшчы і Літве. Яе запрасіў адзін беларускі тэатр арыгінальнага жанру – ходзіць на хадулях.

Былыя палітвязні і музыкі Марчанкі прызнаюцца, што палюбілі Варшаву. Юля называе яе «рэзервовай копіяй Менску».

«Так, тут ёсць усё найлепшае, што было ў Менску, і няма таго найгоршага, што ў Менску ёсць. Так што – прарвёмся. Адзінае… Нейкую падтрымку намагаемся аказваць нашым сябрам, хто пакуль сядзіць. Гэта застаецца. Таму што гэта асноўнае, пра што мы размаўляем. Пра палітвязняў: хто выйшаў, хто заехаў, як дапамагчы і што можна зрабіць», – кажа Пятро Марчанка.

«Я ўвогуле думаю, што наш тэрмін, падчас якога мы атрымалі ад людзей, сяброў і блізкіх столькі падтрымкі, – гэта ўсё пра любоў і ўдзячнасць. Вось і ўсё», – падсумоўвае Юля.

Калісьці выпускніца кансерваторыі і кіраўніца хору хлопчыкаў Юля Марчанка адчула, што чагосьці ёй бракуе ў жыцці. І, як кажа, – «захацела ўгарэць». Знайшла школу агню і занялася фаэр-шоу. Уяўляем сабе, што прыбягала на рэпетыцыі да хлапчукоў з хору прапахлая газай. Бо ўмела спалучаць агонь і музыку…

Жанглявала мандарынамі нават у чорнай няволі, праз якую прайшла і не зламалася.

І вось што: калі нехта ўва сне зазірне ў турэмнае вочка – не ўбачыць ужо нічога. Камера пустая. Марчанкі на свабодзе. Толькі аднекуль чуецца індыйская флейта ды барабаніць дождж…

Гісторыі
«Садызм і параноя». Былы палітвязень тлумачыць, чым калонія строгага рэжыму розніцца ад «агульнай» зоны
2023.09.24 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu