«Чэргі, касіры чапляюцца». Беларускія банкі зрабілі больш жорсткімі правілы прыёму валюты


У банках касіры пачалі больш уважліва прыглядацца да купюраў пры абмене валюты і часцей адмаўляць у прыёме банкнотаў, скардзяцца кліенты. «Белсат» высветліў, што банкі сапраўды змянілі правілы, і звязана гэта з санкцыямі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Белсат

«Людзі часта не могуць здаць долараў, бо купюры пачалі ну зусім ужо старанна спраўджваць у банках. Бачыў, як мужчына хацеў памяняць долары на еўры, дык кожную купюру праглядалі і з дзясятак назад аддалі. Праз гэта чэргі паўсюль, бо дасканала праглядаюць валюту», – сцвярджаюць відавочцы.

«Белсат» спраўдзіў гэтую інфармацыю ў кантакт-цэнтрах некалькіх банкаў.

У «Тэхнабанку» заявілі, што апошнім часам правілы прыёму валюты ў іх не мяняліся:

«Каля кожнага абменнага пункту вы можаце азнаёміцца з прыкметамі плацежаздольнасці купюраў. Гэтыя прыкметы – агульныя, і апошнім часам яны не змяняліся. Калі купюра не пасуе, то касір мае права адмовіцца яе прымаць».

У «Альфа-банку» таксама запэўнілі, што «аніякіх зменаў у правілах прыёму банкнотаў не было», а кожны касір самастойна пастанаўляе, ці адпавядае купюра патрабаванням.

Hавiны
Курс долара ў Беларусі зноў абнавіў гадавы максімум
2023.08.14 13:20

Пры гэтым у «БНБ-банку» распавялі, што месяц таму Нацыянальны банк зацвердзіў змены ў правілах прыёму валюты, і параілі азнаёміцца з дакументам на сваім сайце. Такая ж інструкцыя апублікаваная на сайце «Беларусбанку». У кантакт-цэнтры гэтай арганізацыі ўдакладнілі, што «пералік прыкметаў плацежаздольнасці банкнотаў» ухвалілі ў чэрвені, і цяпер усе беларускія банкі карыстаюцца гэтаю метадычкаю:

«Так, крыху змяніліся патрабаванні да купюраў. Раней спіс прыкметаў плацежаздольнасці кожны банк выпрацоўваў сам, а цяпер гэты пералік адзіны. Я так разумею, гэта звязана з тым, што мы цяпер не маем магчымасці скіраваць купюры на інкаса».

Гэты сэрвіс дазваляе з аплатаю камісіі скіраваць валюту ў банк, які яе выпусціў, каб спраўдзіць плацежаздольнасць і замяніць старую або пашкоджаную купюру.

«Цяпер у звязку з пэўнымі падзеямі такой магчымасці няма, паслугі таксама няма, таму такі агульны пералік і ўхвалены», – кажуць у «Беларусбанку».

Hавiны
Шосты месяц запар беларусы здаюць валюты болей, чымся купляюць
2023.08.07 14:19

Такія ж тлумачэнні далі ў «Белінвестбанку». Там слова «санкцыі» таксама не ўжылі:

«У звязку з абмежаваннямі, уведзенымі ў лютым летась, правілы прыёму зрабілі больш жорсткімі, бо мы не маем абмену купюраў наўпрост з тымі, хто выпускае валюту. Калі маюцца нейкія пячаткі, выяўленыя ва ультрафіялеце, у нас у банку не мяняюць. Раней мы маглі здаць купюры на інкаса, цяпер гэткай магчымасці няма, таму правілы змянілі».

У арганізацыі параілі звяртацца ў іншыя банкі, каб паспрабаваць абмяняць купюры з хібамі.

Каментар
Тэхнічны «адскок» ці трэнд? Што адбываецца на валютным рынку
2023.08.08 21:44

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў