Пайшоў з жыцця беларускі паэт і літаратуразнаўца Алесь Барскі


На 92-м годзе жыцця памёр польскі беларус, паэт і літаратуразнаўца Алесь Барскі, інакш Аляксандр Баршчэўскі. Ён быў выкладчыкам і прафесарам у Варшаўскім універсітэце, а таксама займаўся грамадскай дзейнасцю.

Нарадзіўся ён 2 лістапада 1930 у вёсцы Бандары, што ў Беластоцкім ваяводстве Польшчы.

Аляксандр Баршчэўскі.
Фота: racyja.com

Аляксандр Баршчэўскі быў даследчыкам беларускага фальклору і эміграцыйнай літаратуры. Шмат гадоў ён узначальваў Кафедру беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце. Яго называлі «бацькам беларусістаў». Дзякуючы яму навука аб беларускай мове ды літаратуры пайшла за апошнія дзясяткі гадоў далёка наперад.

У 2004 годзе выйшла яго кніга «Беларуская эміграцыйная пісьмовасць». Ён усюды падкрэсліваў важнасць мовы ў працэсе станаўлення нацыі. Ён аўтар звыш 100 навуковых публікацый і паэтычных зборнікаў «Белавежскія матывы», «Жнівень слоў», «Мой бераг», «Блізкасць далёкага», «Лірычны пульс» і інш.

Баршчэўскі таксама ўзначальваў Беларускае літаратурнае аб’яднанне «Белавежа» і шмат год супрацоўнічаў з Беларускай рэдакцыяй Польскага радыё. Быў аўтарам перадач пра фальклор, традыцыйную культуру, літаратуру беларусаў замежжа.

АД belsat.eu

Стужка навінаў