Праз невядомы аб'ект у небе над Пецярбургам зачынялі аэрапорт


Аэрапорт «Пулкава» ў Санкт-Пецярбурзе ўдзень 28 лютага часова не прымаў і не адпраўляў самалётаў, паведамляюць мясцовыя ўлады. Прычынаю стаўся выяўлены ў небе невядомы аб’ект.

Тэлеграм-канал «Фонтанка» паведамляе, што неба над Пецярбургам закрылі праз НЛА, заўважанага за 160–200 кіламетраў ад гораду. Паводле каналу, інфармацыю пра неапазнаны лятальны абʼект Міністэрства абароны сваймі каналамі пераслала ў «Пулкава». Праз гэта аэрапорт не прымаў і не адпраўляў самалётаў, а неба над горадам было закрытае, пацвердзіла выданню крыніца, блізкая да ўраду Санкт-Пецярбургу.

Мінабароны пра гэты выпадак нічога не паведамляе.



Таксама ў паветра былі паднятыя знішчальнікі, іх можна было пачуць нават у цэнтры, паведамляюць чытачы выдання. Імаверна, гэта знішчальнікі Су-35 і МіГ-31. Як піша тэлеграм-канал «112», непазнаны абʼект «падобны да вялікага беспілотніка».

Раней тэлеграм-канал «Baza» паведамляў, што над Санкт-Пецярбургам выявілі невядомы абʼект, у звязку з чым абвесцілі план «Дыван» («Ковёр»). Яго ўводзяць, калі самалёт незаконна перасякае мяжу або зʼяўляецца НЛА. Праз гадзіну, каля 12:00 мясцовага часу, яго адмянілі.

Паветраную прастору над Санкт-Пецярбургам пачынаюць адкрываць. Раней мясцовыя ўлады паведамлялі, што ў аэрапорце «Пулкава» абвесцілі затрыманне рэйсаў да 12 гадзінаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў