«Міліцыянты не вераць у ракеты з нашай тэрыторыі». Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская – на волі


Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская перастала выходзіць на сувязь 27 лютага, яе затрымалі падчас антываеннай акцыі ў Менску каля будынку Генштабу. Як паведаміла Таццяна пасля вызвалення, яе і яшчэ 5 жанчын выпусцілі да суда раніцай 28 лютага.

Таццяна Гацура-Яворская. Менск, Беларусь. 20 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Адпусцілі ў 5:30 раніцы мяне і яшчэ 5 жанчын да суда, бо ў нас няпоўнагадовыя дзеці», – паведаміла Таццяна Гацура-Яворская.

«Забралі насупраць штабу ўчора каля 17:20. Бачыла насупраць дзяўчыну, якая ляжала на зямлі і якой надавалі дапамогу, але што адбылося, не бачыла, і іншыя, у каго пыталася – таксама. Нас везлі ў аўтазаку, запоўненым роўна ў два разы больш за норму ва ўсіх адсеках, плюс чалавек 5 дзяўчат стаялі ў калідоры. Адвезлі ў РУУС Ленінскага раёну, бо ў Цэнтральным не было месца. У Ленінскім нас трымалі ў двух гаражах, у нашым гаражы было каля 70 чалавек, у суседнім, мабыць, – 60», – расказала праваабаронца.

«Некаторым хлопцам дасталася пры затрыманні, аднаго «апрацавалі» дадаткова ў РУУС. Калі стала зразумела, што будзе «адміністратыўка», большасць выдыхнула, бо чакалі, што можа быць горш», – дадала.

«Міліцыянтам усё роўна… не вераць, што беларусы паедуць ваяваць»

«Удзельнічала ў размовах, слухала чужыя і абмяркоўвалі паміж сабой размовы з сілавікамі наконт сітуацыі з вайной. На жаль – поўнае фіяска. Міліцыянтам усё роўна, у найлепшым выпадку кажуць, што не вераць ні ў ракеты з нашай тэрыторыі па Украіне, ні ў тое, што беларусы паедуць ваяваць, але былі і такія, якія сказалі, што 8 гадоў Украіна бамбіць дзяцей на Данбасе і што даўно прыйшоў час мачыць гэтых бандэраўцаў. Проста глухая сцяна», – расказала жанчына.

«Тое, што ўчора было, – вельмі-вельмі важнае і адзіна магчымае на ўчорашні дзень для выказвання грамадзянскай нязгоды, але мы так доўга не працягнем, бо нас вельмі мала засталося ў краіне для такіх пратэстаў. Усім дзецям, хутчэй за ўсё, дадуць суткі і нейтралізуюць тыдні на два. Супакойваць сябе ўчорашнім непадпарадкаваннем нельга: вайна працягваецца, мы застаемся ўцягнутымі ў гэтае злачынства і павінны прыдумаць нешта яшчэ. Тэрмінова…» – піша Таццяна Гацура-Яворская.

Паводле звестак праваабаронцаў, 27 лютага ў Беларусі былі затрыманыя больш за 700 чалавек.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў