15 жніўня на польскіх вайсковых могілках урачыста адкрылі мемарыяльную дошку. Пра гэта rh.by паведаміў старшыня Таварыства Аховы помнікаў Дзяніс Канецкі.
На мемарыяльнай дошцы знаходзяцца прозвішчы 67 жаўнераў Войска Польскага, якія загінулі ў ваколіцах Вялейкі падчас польска-савецкай вайны 1919 – 1920 гадоў. Палеглыя ў баі жаўнеры пахаваныя на гэтых могілках.
Іхныя імёны ўдалося высветліць дзякуючы намаганням польскага гісторыка і дыпламата Адама Качынскага. Сябры Таварыства аховы помнікаў замовілі выраб дошкі і ўмацавалі яе на абеліску пасярод вайсковых могілак. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі прадстаўнікі польскай амбасады ў Беларусі і мясцовыя жыхары.
Пасля адраджэння Польскай дзяржавы (1918 – 1919 гг.) кіраўніцтва нашай заходняй суседкі на чале з Юзафам Пілсудскім не жадала абмяжоўвацца этнічнымі польскімі тэрыторыямі і імкнулася далучыць беларускія, літоўскія, украінскія землі. У снежні 1918-га дэкрэтамі польскага ўраду да Польшчы далучылі Бельскі павет Гарадзенскай і Аўгустоўскі павет Сувалкаўскай губерняў.
У першай палове лютага 1919-га Польшча распачала вайсковы дзеянні. Пачынаючы з 14 лютага 1919 года паўночная група польскіх войскаў пад камандаваннем генерала Вацлава Івашкевіча заняла большую частку Гарадзенскай губерні, павяла наступленне ў напрамку Вільні, Ліды, Маладзечна, Баранавічаў, Менску і Пінску. Баі вяліся і на тэрыторыі Украіны. 22 красавіка 1919-га палякі ўзялі Вільню. У сакавіку-красавіку 1919 польскія жаўнеры занялі Берасце, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы.
Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы, а ЦВК Расеі прыняў 1 чэрвеня 1919 пастанову аб абʼяднанні вайсковых сілаў. Але спыніць наступленне польскіх войскаў не ўдалося. 8 жніўня палякі занялі Менск.
Больш тут >>>
Фота: Дзяніс Канецкі
ЮВ, belsat.eu, паводле rh.by