Навошта вучыць беларускую мову?

Многія разумныя, дэмакратычна настроеныя беларусы не разумеюць, навошта нам свая нацыянальная мова. Думаю, што галоўная прычына гэтага неразумення – рэальная цяжкасць у засваенні новай мовы. 

Непрыемная праўда ў тым, што большасць з нас вучыла ў школе беларускую мову, як замежную. Мы вучыліся яе разумець, але практычна ніколі не выкарыстоўвалі ў побыце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Размаўляць на мове, якой рэдка карыстаешся – складаная задача. Цяжка фармуляваць думкі. Слоўнікавага запасу не хапае. Замест таго, каб ствараць уражанне разумнага чалавека, пачынаеш гучаць, як пяцікласнік. Гэта нязручна.

Калі хтосьці з табой загаворвае па-беларуску – гэта чарговая нязручная сітуацыя: як яму адказваць? Па-руску – можна пакрыўдзіць. Па-беларуску – баішся памыліцца, сказаць няправільна.

Кожны раз, калі чытаеш артыкул ці слухаеш выступ па-беларуску, даводзіцца рабіць над сабой высілак, перакладаць у галаве.

Каб добра гучаць на любой мове, трэба яе пастаянна выкарыстоўваць. Нават калі захочаш падняць узровень валодання мовай – зноў перашкоды: кантэнт на беларускай шукаць цяжэй, чым на рускай або англійскай. Добрых твораў перакладзена на беларускую нашмат менш, чым можна знайсці на рускай, польскай, украінскай. Як для дарослых, так і для дзяцей.

За два гады жыцця ў Польшчы я падняў узровень польскай мовы да B1, і гэта запатрабавала шмат часу і высілкаў. Нягледзячы на тое, што мяне паўсюль атачаў польскі кантэкст і навучанне фінансаваў польскі ўрад. Лексічнае падабенства рускай мовы з польскай – 77%, беларускай – 86%. Гэта значыць, ведаючы толькі рускую, вывучыць беларускую мову на 1/10 лягчэй, чым вывучыць польскую. Тыя, хто быў вымушаны вучыць польскую мову практычна з нуля, зразумеюць, наколькі гэта няпроста.

Унікальнага кантэнту па-беларуску мала ў параўнанні з іншымі роднаснымі мовамі. Ва ўсім свеце, каб развіваць маленькія лакальныя мовы, дзяржава вылучае фінансаванне. У нашым выпадку дзяржава вылучае фінансаванне на знішчэнне беларускай мовы.

І ў Беларусі, і ў эміграцыі ў мільёнаў беларусаў узнікае вялікае пытанне: навошта вучыць сваіх дзяцей беларускай мове?

У Беларусі носьбітаў беларускай пераследуюць як ізгояў і злачынцаў. Руская мова ў Беларусі цяпер – гэта мова бізнесу, справаводства, судовых справаў. Мова палітыкі і навукі. Мова сучаснай музыкі, стэндапу і сацыяльных сетак. Беларуская мова ў Беларусі цяпер – гэта мова экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў і палітвязняў, што сядзяць у турмах. Жоўтая зорка на спіне другагатунковага.

У эміграцыі ў дзясяткі разоў прасцей знайсці рускую школу, чым беларускую. Вучыць мясцовую мову – абсалютная неабходнасць. Руская мова – пропуск на вялікія рынкі Расеі, Украіны (да 2022), Казахстану, усёй постсавецкай Азіі. Англійская мова – пропуск у астатні паспяховы свет ЗША, Канады, Аўстраліі, Вялікай Брытаніі.

Такім чынам, вывучэнне беларускай мовы патрабуе ўкладання значнага часу і высілкаў. Але мы ж вучым новыя мовы не проста для задавальнення, а дзеля нейкіх пераваг, правільна? У выпадку з беларускай мовай, замест пераваг, яе выкарыстанне стварае нам масу праблем. Узнікае пытанне – дзеля чаго гэтыя ахвяры? Для чаго нагружаць сябе, свайго дзіця, яшчэ адной мовай, на якой гаворыць настолькі мала людзей?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Ні для чаго. Калі вы лічбавы намад, які выбірае краіну, як форму юрыдычнай асобы – яна вам не патрэбная. Калі вы проста хочаце камфортнага жыцця – яна вам не патрэбная. Калі вы проста хочаце стаць палякам, украінцам, рускім або амерыканцам – яна вам не патрэбная.

Яна спатрэбіцца толькі ў тым выпадку, калі вы звязваеце сваю будучыню з Беларуссю. Калі ў вашых прыярытэтах ёсць пункт «каб людзі ў Беларусі з часам сталі жыць крыху лепш».

Якая ж сувязь паміж выкарыстаннем мовы і росквітам Беларусі? Калі чалавек прытрымліваецца дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека, няўжо гэтага недастаткова? Навошта вучыць новую мову, калі ёсць квітнеючыя мультымоўныя краіны, такія як ЗША і Швейцарыя?

Каб шчыра адказаць на гэтае пытанне прыйдзецца трохі пабыць русафобам. У адрозненне ад Беларусі, ЗША і Швейцарыі цяпер ніхто не пагражае. Германія не адпраўляе танкі ў Аўстрыю пад прэтэкстам абароны прыгнечанай меншасці. Канада не абстрэльвае ракетамі ЗША «дзеля абароны франкафонаў».

Апошнія 200 гадоў Расея захоплівае навакольныя краіны і русіфікуе іх. Апошнія 20 гадоў Расея ўрываецца ў жыццё сваіх былых рускамоўных калоніяў, такіх як Украіна, Грузія, Казахстан, Беларусь і спрабуе ўсталяваць там падпарадкаваны ім урад. Для расейскіх уладаў мова – гэта зброя рускага свету. Гэта інструмент спачатку палітычнага і культурнага ўплыву, а потым і вайсковага.

Можна было б пагадзіцца на саюз з Расеяй, калі б ён абяцаў росквіт. Так не ж! Стаць часткай Расеі цяпер – значыць папоўніць шэрагі мабілізаваных на смерць.

Паглядзіце на гэтую публікацыю расейскага прапагандыста. Што яны хочуць зрабіць з украінцамі, калі перамогуць. Праграма зводзіцца да некалькіх простых рэчаў:

«Украінскую мову забараняць.

Носьбітаў – перавучваць.

Прыхільнікаў – пераследаваць.

Актывістаў – забіваць».

belsat.eu / ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў