Радасць, гора і слёзы. Як «Хамас» вызваляў закладнікаў у абмен на злачынцаў


Вызваленне закладнікаў падчас замірэння паміж «Хамасам» і Ізраілем нагадвае сюжэт псіхалагічнай драмы, толькі героі тут не выдуманыя. Пагадненне магло сарвацца ў любы момант, бо бакі, мякка кажучы, не вельмі давяраюць адно аднаму. Слёзы радасці змяшаліся з невыноснаю тугою: некаторыя закладнікі толькі пасля вызвалення даведаліся, што іхныя родныя былі забітыя або таксама трапілі ў палон.

Сустрэча палестынцаў, вызваленых з ізраільскіх турмаў. Рамала, Заходні бераг Іярдану. 26 лістапада 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

«Чатырохдзённае замірэнне пачалося, і краіна затаіла дух перад першым вызваленнем закладнікаў», – такія публікацыі з’явіліся ў ізраільскіх медыях 24 лістапада а 7-й раніцы паводле мясцовага часу.

Дамоўленасць сталася магчымаю дзякуючы пасярэдніцтву Катару і Егіпту. Праўда, у Іерусаліме не былі ўпэўненыя, што ўсё пойдзе паводле плану. Як казаў дарадца прэм’ер-міністра Ізраілю Марк Рэгеў, «мы ведаем, з кім маем справу»:

«Хамас» – жорсткая, бязлітасная тэрарыстычная арганізацыя, і мы мусім быць гатовыя да нечаканасцяў».

Падчас нападу на Ізраіль 7 кастрычніка баевікі схапілі 240 асобаў і перавезлі іх у сектар Газа.

Дзень першы

Пасля спынення агню ў палестынскі анклаў пайшлі калонны цяжкавікоў: дастава гуманітарнай дапамогі, найперш харчоў і паліва, была адной з умоваў угоды аб замірэнні.

У гэты ж час Ізраіль рыхтаваўся да сустрэчы закладнікаў. Напагатове былі медыкі, псіхолагі, былі распрацаваныя маршруты на выпадак неабходнасці тэрміновай шпіталізацыі, а на авіябазу Хацэрым – першы прыпынак закладнікаў на ізраільскай тэрыторыі – прывезлі мабільныя тэлефоны, каб яны маглі пазваніць сваякам пасля вызвалення, для дзяцей падрыхтавалі цацкі.

Пасля напружанага чакання некаторую палёгку прынеслі паведамленні пра тое, што «Хамас» перадаў прадстаўнікам Чырвонага Крыжа 24 асобы: 13 ізраільцянаў (у тым ліку чатырох дзяцей), а таксама 10 грамадзянаў Тайланду і аднаго філіпінца – іх вызвалілі па-за рамкамі пагаднення аб замірэнні.

Закладнікі, вызваленыя «Хамасам» у першы дзень замірэння.
Фота: «Times of Israel»

Групоўка распаўсюдзіла відэа, на якім бачна, як баевікі падкрэслена далікатна абыходзіліся з закладнікамі, а адну жанчыну нават на руках занеслі ў машыну Чырвонага Крыжа.

Сем’і чакалі сваіх родных у лякарнях. Гэта былі вельмі чуллівыя сустрэчы.

Сярод тых, каго вызвалілі ў першы дзень, – Агад Мундэр, якому споўнілася 9 гадоў, калі ён быў у палоне. Разам з ім баевікі адпусцілі ягоных маці і бабулю.

9-гадовы Агад Мундэр з сям’ёю пасля вызвалення з палону.
Фота: «Times of Israel» / timesofisrael.com

Таксама з бацькам уз’ядналася сям’я Ашэр: у палоне былі 34-гадовая маці і дзве дачкі, 2 і 5 гадоў.

Сям’я Ашэр уз’ядналася пасля вызвалення «Хамасам» маці з дзвюма дочкамі.
Фота: Schneider Children’s Medical Center / schneider.org.il

Дадому разам з маці вярнулася 9-гадовая Эмілія Алёні, у лякарні іх сустракала бабуля.

9-гадовая Эмілія Алёні абдымаецца з бабуляю.
Фота: Schneider Children’s Medical Center / schneider.org.il

Пазней, калі яны вярталіся дадому, людзі віталі іх песняю «Coming Home».

Акрамя таго, была вызваленая 77-гадовая Ганна Кацыр. Раней тэрарыстычная групоўка «Ісламскі джыхад» сцвярджала, што жанчына памерла ў палоне.

77-гадовая Ганна Кацыр.
Фота: «Times of Israel» / timesofisrael.com

У першы дзень замірэння Ізраіль адпусціў з турмаў 39 асобаў: 24 жанчын і 15 няпоўнагадовых, асуджаных за тэракты. Сярод іх, напрыклад, – Маляк Сальман, якую арыштавалі ў лютым 2016 года за напад з нажом на паліцыянта ў Іерусаліме. Тады дзяўчыне было 17 гадоў. Суд прызначыў ёй 10 гадоў турмы.

Вызваленых з турмаў насілі на плячах і сустракалі воклічамі «Алах Акбар!»

Дзень другі

25 лістапада абмен ледзь не сарваўся. «Хамас» заявіў, што Ізраіль парушыў умовы пагаднення, не прапусціўшы цяжкавікоў з гуманітарным грузам у паўночную частку Газы. Акрамя таго, прадстаўнік групоўкі абвінаваціў габрэйскую дзяржаву ў істотным змяненні ўзгодненага пераліку палестынскіх вязняў, якіх Ізраіль абавязаўся вызваліць.

Ізраіль прэтэнзіі адкінуў і прыгразіў, што ўзновіць наземную аперацыю ў анклаве, калі палонных не вызваляць да поўначы.

Пасля ўмяшання Катару, Егіпту і ЗША «Хамас» усё ж пагадзіўся працягваць абмен, і ўвечары Чырвонаму Крыжу перадалі 17 асобаў: 13 грамадзянаў Ізраілю (8 дзяцей і 5 жанчын), а таксама 4 тайцаў.

На волі апынулася 12-гадовая Гіля Ратэм, якую схапілі разам з маці. Жанчына засталася ў закладніцах, і Ізраіль назваў гэта парушэннем угоды. Дзяўчынка потым паведаміла, што яе разлучылі з маці за два дні да вызвалення.

12-гадовая Гіля Ратэм з маці.
Фота: «Times of Israel» / timesofisrael.com

Былі вызваленыя брат і сястра: 13-гадовая Альма Ор і 17-гадовы Наам Ор, іхнага бацьку і 18-гадовага стрыечнага брата працягваюць утрымліваць баевікі.

Закладнікі, вызваленыя «Хамасам» у другі дзень замірэння.
Фота: «Times of Israel» / timesofisrael.com

Акрамя таго, «Хамас» адпусціў 9-гадовую грамадзянку Ізраілю і Ірландыі Эмілі Гэнд. Яна сустрэла дзень народзінаў у палоне.

Вызваленую 21-гадовую Маю Рэгеў неадкладна шпіталізавалі. Ейны стан – сярэдняй цяжкасці. Жыццю нічога не пагражае, але дзяўчыну чакаюць некалькі аперацыяў. Маю схапілі на музычным фестывалі, параніўшы яе ў нагу, разам з 18-гадовым братам, які застаўся ў баевікоў. Сустрэча з роднымі ў лякарні была поўнай радасці і слёз.

Таксама ўз’ядналася сям’я Авігдары пасля таго, як 50 дзён у палоне правялі 52-гадовая Шарон з 12-гадовай дачкою Наам.

Ізраіль зноў вызваліў з турмаў 39 асобаў, як і ў першы дзень. Сярод іх – 33 падлеткі і 6 жанчын, у тым ліку 38-гадовая Ісраа Джаабіс. Ёй прызначылі 11 гадоў за падрыў газавага балона ў аўтамабілі падчас правярання на КПП каля Іерусаліму. Гэта здарылася ў 2015 годзе. Тады пацярпеў ізраільскі паліцыянт і сама тэрарыстка.

Дзень трэці

26 лістапада «Хамас» вызваліў 14 грамадзянаў Ізраілю, у тым ліку 4-гадовую Эбігейл Эдан (мае таксама амерыканскае грамадзянства). Ейных бацькоў забілі падчас нападу 7 кастрычніка, а яе саму скралі.

«Тое, што яна перажыла, неймаверна», – сказаў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Дзіця бачыла, як забілі маці, потым пабегла да бацькі, які ўкрыў яе сваім целам, і тэрарысты застрэлілі і яго. Дзяўчынка пабегла да суседзяў, там яе схапілі. За два дні да вызвалення Эбігейл споўнілася 4 гады.

Вызваленую 84-гадовую Эльму Аўрагам тэрмінова шпіталізавалі. Яе з сектару Газа эвакуявалі ізраільскія вайскоўцы, хаця ўсіх астатніх закладнікаў вывозілі валанцёры Чырвонага Крыжа. Стан жанчыны цяжкі, жыццё пад пагрозаю, кажуць лекары.

84-гадовая Эльма Аўрагам шпіталізаваная ў цяжкім стане пасля вызвалення з палону.
Фота: «Times of Israel» / timesofisrael.com

Таксама быў вызвалены грамадзянін Ізраілю і Расеі, 25-гадовы Рон Крывой. Яго схапілі на музычным фестывалі, дзе ён працаваў гукааператарам. «Хамас» заявіў, што адпусціў мужчыну «ў адказ на намаганні прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і на знак удзячнасці расейскай пазіцыі ў падтрыманні палестынскай справы».

Акрамя таго, напярэдадні «Хамас» адпусціў трох грамадзянаў Тайланду.

Закладнікі, вызваленыя «Хамасам» у трэці дзень замірэння.
Фота: «Times of Israel» / timesofisrael.com

Ізраіль, як і ў папярэднія дні, вызваліў 39 вязняў – жанчын і няпоўнагадовых. Іх вязуць на тэрыторыю, што кантралюе Палестынская нацыянальная адміністрацыя. У Рамале адзін з вызваленых, якога сустракаў натоўп, быў з зялёным сцягам «Хамасу». На іншым відэа, як піша «The Times Of Israel», чуваць, як жанчына кажа: «Мы прыйшлі сюды не святкаваць, а хутчэй падбадзёрыць і прадэманстраваць вернасць супраціву і Газе».

Дзень чацвёрты. І, напэўна, не апошні

27 лістапада адбыўся яшчэ адзін абмен: «Хамас» вызваліў 11 асобаў (9 дзяцей і дзвюх жанчын). Пры гэтым пералік закладнікаў, падрыхтаваны баевікамі, не задаволіў Ізраіль, бо некаторых дзяцей хацелі адпусціць адных. Пагадненне, як кажуць у Іерусаліме, забараняе разлучаць маці з дзецьмі, хаця аднойчы «Хамас» так ужо зрабіў.

Праз некалькі гадзінаў перамоваў спіс узгаднілі, і ізраільскі ўрад апавясціў сем’і закладнікаў, якіх мусяць адпусціць.

Ізраільскія закладнікі, вызваленыя «Хамасам» у чацвёрты дзень замірэння.
Фота: «Times of Israel» / timesofisrael.com

У закладніках «Хамасу» застаюцца 9 дзяцей ва ўзросце ад 10 месяцаў да 18 гадоў.

У адказ Ізраіль адпусціў 33 палестынскіх вязняў, асуджаных за злачынствы супраць бяспекі, з іх тры жанчыны, астатнія – няпоўнагадовыя.

Такім чынам, за чатыры дні замірэння з палону вярнуліся 69 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў вызвалілі 150 палестынцаў.

Тым часам МЗС Катару паведаміў, што замірэнне паміж Ізраілем і «Хамасам» прадоўжыцца яшчэ два дні. Гэта азначае, што могуць быць вызваленыя яшчэ 20 закладнікаў і 60 палестынскіх вязняў.

«Хамас» пацвердзіў, што «дамовіўся з Катарам і Егіптам аб падаўжэнні часовага гуманітарнага замірэння на два дні на тых жа ўмовах, што і раней». Ізраіль гэтага пакуль не каментаваў, але пасля чацвёртага абмену баявых дзеянняў у Газе не ўзнавіў.

Меркаванні
Чаму Ізраіль прайграе інфармацыйную вайну?
2023.11.24 20:10

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў