Беларуску з польскім праезным дакументам не пусцілі на рэйс у Грузію


У айцішніцы з Беларусі, якая ўжо два гады жыве ў Польшчы, скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта. Дзяўчына атрымала польскі праезны дакумент і з ім накіравалася на вяселле сястры ў Грузію. Аднак на рэйс беларуску не пусцілі, хоць з усіх пастановаў і распараджэнняў, датычных польскіх праезных дакументаў, вынікала, што праблемаў не мусіць быць.

Гэтую гісторыю распавёў тэлеграм-канал «Dzik Pic. Откровенно о польском ИТ».

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Pixabay

«Яшчэ задоўга да паездкі ў Грузію я пачала вывучаць інфармацыю наконт магчымасці паляцець туды з Польшчы на падставе карты побыту і праезнага дакумента», – распавядае беларуска.

Каб атрымаць дакладную інфармацыю, дзяўчына напісала лісты ў амбасаду Грузіі ў Польшчы, аднак адказаў на іх не атрымала. Датэлефанавацца да амбасады не атрымалася. Тады дзяўчына папрасіла знаёмых у Грузіі ўдакладніць у МЗС і аэрапорце, ці можна ляцець з польскім праезным дакументам, дзе запэўнілі, што можна. Айцішніца знайшла ў інтэрнэце гісторыю яшчэ аднаго беларуса, які без праблем лётаў у Грузію з польскім праезным дакументам польскай авіякампаніяй «Лёт».

Гераіня ж гэтай гісторыі збіралася ляцець рэйсам лоўкост-кампаніі «Wizzair». Беларуска знайшла выпадкі, калі гэтая авіякампанія адмовіла ў пасадцы ў самалёт пасажырам з польскімі праезнымі дакументамі, якія ляцелі ў Чарнагорыю і Турцыю, таму пастанавіла ўсё асабіста высветліць у авіякампаніі.

«Я апісала сваю сітуацыю і прывяла ўжо вядомыя прыклады адмоваў авіякампаніі прымаць на борт самалёту з гэткімі дакументамі. Аднак мяне запэўнілі, што ляцець у Грузію я магу, – распавядае дзяўчына. – У дзень палёту я раздрукавала грузінскае распараджэнне, у якім указана, што дастатковым дакументам для прыбыцця з Польшчы ў Грузію ёсць ці шэнгенская віза, ці дазвол на жыхарства, які ў мяне быў, і паехала ў аэрапорт».

Hавiны
З’явіўся сайт з інфармацыяй аб пашпартах іншаземца, якія беларусы могуць атрымаць у розных краінах
2023.09.11 21:06

Усе кантролі дзяўчына прайшла паспяхова і чакала пасадку на самалёт. Але калі працаўніца авіякампаніі пабачыла дакументы айцішніцы, яна сказала, што іх трэба ўзгадніць. Пачала некуды тэлефанаваць, сфатаграфавала дакументы і распараджэнне.

«Калі да вылету засталося крыху больш за 10 хвілінаў, яны ўсё яшчэ спрабавалі атрымаць нейкі дазвол, а потым патлумачылі, што мае дакументы патрабуюць больш працяглага ўзгаднення і яны не могуць дазволіць мне сесці ў самалёт. Патлумачылі, што я магу напісаць прэтэнзію авіяперавозніку, але паляцець гэтым рэйсам я не змагу, – распавядае дзяўчына. – У выніку на вяселлі я прысутнічала толькі онлайн. Было вельмі крыўдна – ладна б я ляцела адпачываць і без папярэдняга рыхтавання, але я ляцела на важную падзею і максімальна да яе падрыхтавалася».

Беларуска падала скаргу на авіякампанію «Wizzair».

Гісторыі
Беларуса не пусцілі на рэйс «Ryanair» з «жэнеўскім пашпартам» – і не вярнулі грошы
2023.09.06 18:39

Нядаўна падобная гісторыя адбылася з беларускай Марынай – шматдзетнай маці з Пінску, якая жыве ў Варшаве. У студзені 2023 года ў яе скончыўся беларускі пашпарт. Жанчына атрымала польскі праезны дакумент, з якім у кастрычніку сабралася ляцець у Турцыю. На рэйс яе не пусцілі.

Адвакат Алесь Міхалевіч тлумачыў Zerkalo.io, што з польскім праезным дакументам можна вандраваць краінамі Еўразвязу, але для гэтага трэба мець ВНЖ (карту побыту). Для паездак у большасць краінаў, што не ўваходзяць у ЕЗ, трэба атрымліваць візы. І калі з беларускім пашпартам у Турцыю можна ехаць без візы, у польскі праезны дакумент яе трэба ставіць.

«Калі няма бязвізавага заезду праз дазвол на жыхарства, то ў падарожны дакумент трэба паставіць візу краіны, у якую збіраецца чалавек. У дакуменце для гэтага ёсць спецыяльныя старонкі. У тэорыі сюды могуць паставіць і візу Турцыі, і Вялікай Брытаніі, – распавядаў адвакат. – Іншае пытанне, што атрымаць візу ўладальніку трэвэл-дакумента будзе цяжэй, чым нават у пашпарт Рэспублікі Беларусь. Чаму? Бо любы чыноўнік заўсёды баіцца невядомага. А праезны дакумент у нейкім сэнсе ёсць чымсьці невядомым. І на ўсялякі выпадак чалавеку з ім лягчэй адмовіць у візе».

7 верасня 2023 года ўступіў у сілу ўказ Лукашэнкі № 278, паводле якога беларусы больш не могуць мяняць пашпарты за мяжой – дзеля гэтага ім трэба ехаць у Беларусь. У выніку вялізная колькасць беларусаў апынулася перад неабходнасцю ўладкавання пытання легалізацыі і атрымання дакументаў у розных краінах.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў