Reuters: расейскія вайскоўцы з ліпеня не сумняваліся ў контрнаступе ЗСУ на Балаклію


Журналісты агенцтва Reuters знайшлі і вывучылі дакументы, якія расейскія вайскоўцы пакінулі ў сваім штабе падчас адступлення з Балакліі ў Харкаўскай вобласці. З папер вынікае, што агрэсары яшчэ з ліпеня ведалі, што ўкраінская армія пойдзе ў наступ. Горад быў вызвалены 8 верасня.

Від з паветра на разбураны будынак, дзе месціўся расейскі штаб у Балакліі. Харкаўская вобласць, Украіна. 7 кастрычніка 2022 года.
Фота: Zohra Bensemra / Reuters / Forum

Расейскія вайскоўцы падчас адступлення з Балакліі пакінулі тысячы дакументаў, сярод іх – запісная кніжка невядомага афіцэра. Паперы знайшлі і вывучылі журналісты агенцтва Reuters. З гэтых дакументаў стала вядома, што адбывалася ў расейскім штабе, калі горад быў пад акупацыяй.

Высветлілася, што камандаваў вайскоўцамі палкоўнік Іван Папоў з 11-га армейскага корпусу Балтыйскага флоту. Ён удзельнік войнаў у Чачэніі і Грузіі.

Афіцэр расейскай арміі Іван Папоў падчас інтэрв’ю журналістам у акупаваным Севастопалі. 2 траўня 2018 года.
Фота: скрыншот відэа НТС Севастопаль / YouTube

У запісной кніжцы невядомага афіцэра занатаваны наступ украінскай арміі на вёску Гракава побач з Балакліяй 19 ліпеня. Тады расейцы былі вымушаныя адступіць, хаця камандуючы Заходняй вайсковай акругай загадваў «Гракава не здаваць». Што праўда, яны вярнулі пазіцыі, але панеслі страты: 7 вайскоўцаў загінулі, 39 – былі параненыя, 17 зніклі без звестак. А пяцярым спатрэбілася лекаванне праз «вострую рэакцыю на стрэс».

21 ліпеня палкоўнік Папоў атрымаў ад ФСБ інфармацыю, што Украіна высветліла месцазнаходжанне аднаго каманднага паста і чатырох складоў ды прывезла ў раён тры адзінкі HIMARS. Праз тры дні, 24 ліпеня, пасля ўдару HIMARS загінулі 12 расейцаў з 336-й брыгады марской пяхоты.

Праз гэтыя падзеі ў акупантаў «стаў зніжацца баявы дух і дысцыпліна», піша Reuters. Зафіксаваны выпадкі дэзерцірства і членашкодніцтва. 24 ліпеня невядомы афіцэр абразіў Арцёма Штанько, камандзіра атраду, што адступіў з Гракава. Бацька гэтага камандзіра сказаў агенцтву, што ягоны сын «адмовіўся выканаць загад аб выпраўленні сваіх людзей пад артылерыйскі агонь».

Памяшканне, дзе месціўся штаб расейскай арміі ў Балакліі. Харкаўская вобласць, Украіна. 7 кастрычніка 2022 года.
Фота: Zohra Bensemra / Reuters / Forum

Расейскія афіцэры ўжо напрыканцы ліпеня не сумняваліся, што Украіна рыхтуе контрнаступ, падсумоўвае Reuters. Пра гэта сведчылі ў тым ліку перахопы тэлефонных размоваў.

4 жніўня ў Балаклію прыехалі вайсковыя спецыялісты ў электроніцы, яны развязвалі пытанне пра разгортванне комплексу радыёэлектроннай барацьбы дзеля перашкоды спадарожнікавай навігацыі ракетаў HIMARS. Але наступнымі тыднямі ўдары з амерыканскіх сістэмаў працягваліся, былі атакаваныя як мінімум тры расейскія камандныя пункты.

Дакументы таксама сведчаць пра недахоп вайскоўцаў і тэхнікі: на дзень 30 жніўня ў адным батальёне было 49 асобаў замест 240, брыгада рэзервістаў была ўкамплектаваная толькі на 23 %; у іх засталося два беспілотнікі з пяці, тры БТР з васьмі і чатыры супрацьтанкавых комплексаў з дваццаці чатырох.

Памяшканне, дзе месціўся штаб расейскай арміі ў Балакліі. Харкаўская вобласць, Украіна. 7 кастрычніка 2022 года.
Фота: Zohra Bensemra / Reuters / Forum

Падчас украінскага контрнаступу 6 верасня расейскі штаб быў знішчаны з дапамогаю HIMARS. Мясцовыя жыхары кажуць, што ў выніку гэтых удараў загінулі дзясяткі расейскіх вайскоўцаў. Сведкі назвалі адступленне акупантаў хаосам: некаторыя збягалі, пакінуўшы машыны і зброю, параненыя пешшу сыходзілі з гораду.

Палкоўнік Папоў быў паранены і месяц правёў у шпіталі, паведаміла Reuters ягоная жонка. Паводле яе, ён атрымаў званне генерала і працягвае службу.

Украінскі сцяг зноў залунаў над Балакліяй 8 верасня.

Рэпартаж
У Балакліі за час расейскай акупацыі сотні людзей зніклі без вестак
2022.09.13 15:07

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў