27 ліпеня 2023 года адбылося паседжанне Вярхоўнага Суду Беларусі, на якім разглядаўся пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай партыі «Зялёныя», паведамляе партыя ў сваім тэлеграм-канале.
Прадстаўнік Мінюсту на судзе ўказваў на неадпаведнасць колькасці сябраў «Зялёных» мінімальнай колькасці, указанай у законе. Таксама да справы было далучанае папярэджанне БПЗ за кастрычнік 2020 года за ўдзел партыі ў круглым стале, які прыняў рэзалюцыю супраць гвалту.
Прадстаўнікі БПЗ на судзе ўказвалі на супярэчанні змяненняў у закон аб палітычных партыях Канстытуцыі, гэтак жа, як на супярэчанні патрабаванняў Міністэрства юстыцыі закону «Аб абароне персанальных дадзеных», а таксама на невыкананне Мінюстам працэдуры па перарэгістрацыі партыі – пададзены пакет дакументаў быў імі зарэгістраваны як «зварот грамадзянаў».
Суд не палічыў дастатковымі довады прадстаўнікоў БПЗ, сцвердзіў, што «Зялёныя» не адпавядаюць новаму закону аб палітычных партыях, і прыняў рашэнне аб ліквідацыі.
На жнівень прызначаныя чарговыя суды аб ліквідацыі беларускіх партыяў: 9 жніўня адбудзецца суд у справе ліквідацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды. На 14 жніўня прызначаны разгляд пазову наконт ліквідацыі партыі БНФ, на 31 жніўня – Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады.
Марыя Міхалевіч belsat.eu