Ці здзяйснялі ў Беларусі злачынствы супраць чалавечнасці? Апублікаваны новы юрыдычны аналіз


Эксперты Цэнтру права і дэмакратыі «Justice Hub» падрыхтавалі падрабязны юрыдычны аналіз парушэнняў правоў чалавека, учыненых Лукашэнкам і ўладамі Беларусі ў перыяд з траўня 2020 да траўня 2023 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Гэты даклад закліканы зрабіць унёсак у магчымасці міжнароднай супольнасці і падтрымаць беларускі народ у яго надзеях на спыненне гвалту і беспакаранасці, а таксама ў яго барацьбе за мір, дэмакратыю і справядлівасць. Гэта была вельмі складаная і карпатлівая праца. Экспертам нашай арганізацыі ўдалося сабраць вялікі спіс доказаў злачынстваў лукашэнкаўскага рэжыму і прааналізаваць іх», – кажа Дайнюс Жалімас (Dainius Žalimas), кіраўнік «Justice Hub».

Гэтым дакладам аўтары паспрабавалі высветліць, ці ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што ў Беларусі былі здзейсненыя злачынствы супраць чалавечнасці.

У выніку прававога аналізу аўтары працы прыходзяць да высновы:

«Лукашэнка і ўлады Беларусі здзейснілі злачынствы супраць чалавечнасці, якія ўключаюць у сябе пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні і іншыя цяжкія формы сексуальнага гвалту, гвалтоўныя знікненні, пераследы і дэпартацыі».

У дакладзе прапаноўваюцца прававыя магчымасці прыцягнення вінаватых да адказнасці праз:

  • Міжнародны крымінальны суд;
  • унутраныя суды (у Беларусі і замежных дзяржавах);
  • стварэнне спецыяльнага трыбуналу аб злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі.

Таксама ў дакладзе гаворыцца аб патэнцыйных злачынцах – пракурорах і суддзях, якіх абвінавачваюць у пераследзе грамадзянаў з палітычных матываў. У спіс патэнцыйных вінаватых трапілі і суддзі Канстытуцыйнага Суда Беларусі, якія пацвердзілі канстытуцыйнасць шэрагу рэпрэсіўных законаў, тым самым забяспечыўшы юрыдычнае абгрунтаванне рэпрэсіяў, кажуць аўтары.

Даклад падрыхтавалі эксперты Марыке Дэ Гоўн (Marieke De Hoon), Андрэй Васільеў і Марыя Колесава-Гудзіліна на аснове матэрыялаў, раней сабраных Цэнтрам права і дэмакратыі, агульнадаступных звестак, а таксама дакладаў іншых праваабарончых арганізацыяў.

Анонс
Беларусы аб’яднаюцца ў 12-гадзінным онлайн-марафоне салідарнасці з палітзняволенымі
2023.07.24 20:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў