Зборныя Беларусі і Расеі зноў не запросяць на гульні – яны ўжо прапусцілі чэмпіянат 2022 года.
Міжнародная федэрацыя хакею з шайбай (IIHF) паведаміла аб новым месцы правядзення Чэмпіянату свету 2023 года: замест расейскага Санкт-Пецярбургу яго правядуць у сталіцы Латвіі Рызе і ў фінскім горадзе Таперэ.
Гульні запланаваныя на 12-28 траўня 2023 года. Асноўнай пляцоўкай стане нядаўна адкрытая «Nokia Arena» ў Тамперэ, а на «Arena Riga» пройдуць гульні аднаго з папярэдніх групавых раўндаў і дзве чвэрцьфінальныя гульні. Рыга прымала чэмпіянат 2021 года, а Фінляндыя – сёлетні (на ім перамагла зборная Фінляндыі).
Наступныя чэмпіянаты свету ў хакеі пройдуць у Чэхіі (2024), Швецыі і Даніі (2025) і Швейцарыі (2026).
Чэмпіянат 2023 года перанеслі з Расеі «клапоцячыся пра бяспеку і дабрабыт усіх удзельнікаў гульцоў, афіцыйных асобаў, сродкаў масавай інфармацыі і заўзятараў». Зборныя Беларусі і Расеі адхілілі як ад сёлетняга чэмпіянату, так і ад наступнага ў сувязі з вайной ва Украіне.
Алесь Наваборскі belsat.eu