«Казаць, што лекаў няма праз санкцыі, – крывадушша». Як лячыцца ў Беларусі, калі няма чым?


55-гадовая спадарыня Алена – жыхарка аднаго з беларускіх раённых цэнтраў – сёлета ўвесну даведалася, што ў яе рак. Лекары супакойвалі: маўляў, на вашай стадыі ўсё лечыцца, не хвалюйцеся. Але пачатак лекавання паводле прызначанай схемы апынуўся пад пагрозаю: у анкадыспансеры не было патрэбнага для хіміятэрапіі прэпарату. Высілкамі сваякоў лекі ўсё ж удалося знайсці. У такой сітуацыі апынуліся таксама 35-гадовая Ганна і 36-гадовая Вікторыя, якія распавялі нам свае гісторыі. На пытанне, дзе ж лекі, у Беларусі адказваюць: вінаватыя санкцыі. Ці сапраўды гэта так і што рабіць хворым, калі патрэбных прэпаратаў няма? Разбіраемся ў сітуацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«Я прапусціла тры тыдні «хіміі», бо прэпарату проста не было»

Спадарыні Алене, нашай суразмоўцы, у схеме лячэння ад анкалагічнай хваробы прызначылі прэпарат «Цысплацін», якога якраз і не аказалася ў анкадыспансеры, калі трэба было пачаць курс хіміятэрапіі. Прычыну адсутнасці лекаў патлумачылі проста: санкцыі, уведзеныя Захадам супраць Беларусі. Жанчыне прапанавалі пачакаць, пакуль прэпарат не з’явіцца, ці шукаць яго дзе заўгодна ў Беларусі, па іншых лякарнях, за мяжою.

«Мы тэлефанавалі ў розныя беларускія анкадыспансеры, але нідзе нам не далі інфармацыі адносна наяўнасці ці адсутнасці «Цысплаціну», у тым ліку ў Бараўлянах. Там сказалі запісвацца і прыязджаць на прыём», – распавядае сваячка спадарыні Алены.

Сям’я пачала шукаць шляхі набыцця лекаў за мяжой, але ў апошні момант прэпарат знайшоўся ў Беларусі. Пры гэтым упэўненасці, што ён не знікне зноў у той момант, калі будзе патрэбны, ніхто не меў.

Ганна, якая таксама лечыцца ад раку ў адным з раённых цэнтраў Беларусі, сутыкнулася з адсутнасцю лекаў, калі ёй спатрэбілася калоць «Лейкастым» для падняцця паказнікаў аналізаў:

«Я прапусціла тры тыдні «хіміі», бо прэпарату проста не было. У мяне былі нізкія паказнікі аналізаў, пры якіх нельга рабіць «хімію». Мне сказалі – купляйце, дзе хочаце, можаце ў Расеі, можаце яшчэ дзе. Адсутнасць лекаў патлумачылі санкцыямі».

Праз некаторы час жанчыне давялося шукаць і за свой кошт набываць катэтары, бо яны таксама зніклі:

«Катэтары ў нас у дыспансеры выкарыстоўвалі ўкраінскія, сказалі, што паставак няма, трэба чакаць. У выніку давялося купляць самастойна. Але катэтары – гэта дробязь у параўнанні з усім іншым, яны каштуюць не так дорага».

«За мяжою сказалі, што ў Беларусі прызначылі лячэнне не для таго тыпу раку»

Ганна таксама сутыкнулася з адсутнасцю «Цысплаціну», але ў ейнай схеме лячэння гэты прэпарат можна было замяніць іншым.

«Хімію» мне давалі бясплатна і ў поўным аб’ёме, але ўсе супрацьванітныя, падтрымлівальныя прэпараты, якія трэба было прымаць да і пасля «хіміі», давялося купляць за свае грошы», кажа жанчына.

Ганна звяртае ўвагу на тое, што ў Менску ў пацыентаў такіх праблемаў няма: супрацьванітны «Эменд» там выдаюць бясплатна ў схеме лячэння, калі чалавеку кепска пасля «хіміі». У рэгіёнах жа хворым даводзіцца купляць самім.

«Я з Турцыі яго замаўляла. У беларускіх аптэках увогуле няма, – кажа нашая суразмоўца. – Аналагічная сітуацыя з гарманальнымі ўколамі. У Менску колюць бясплатна, у рэгіёнах – не. Мне трэба калоць «Заладэкс» раз на месяц. Гэта каштуе 120 долараў. Купляю за свае грошы. Агулам на месяц на ўсе патрэбныя мне прэпараты выходзіць 400 долараў».

Каб набыць лекі за мяжою, патрэбны рэцэпт, удакладняе Ганна. У Расеі дзе-нідзе можна купіць паводле звычайнага папяровага беларускага рэцэпту. У Турцыі ж патрэбны электронны міжнародны рэцэпт, які ў Беларусі можна атрымаць толькі ў анкацэнтры ў Бараўлянах.

Акрамя лекаў, шмат грошай ідзе на здачу аналізаў, абследаванні, пераправяранні вынікаў за мяжою. Ганне гэта неабходна, бо яна лечыцца ўжо паўтара года, а вынікаў амаль няма – хвароба не адступае.

Прэпарат «Цысплацін». Крыніца: tamc.co.il

«За мяжою мне ўвогуле сказалі, што ў Беларусі прызначылі лячэнне не для майго тыпу раку, таму цяпер пераправяраю ўсё. На лячэнне цалкам за мяжой у мяне, на жаль, няма грошай», – зазначае жанчына.

«Сілы патрэбныя, каб змагацца супраць хваробы, а даводзіцца яшчэ і з чалавечай абыякавасцю»

Паводле Ганны, сітуацыя з лекамі і ўвогуле медыцынай у Беларусі – гэта вынік не санкцыяў, а стаўлення да людзей на дзяржаўным узроўні:

«Ставяцца, мякка кажучы, ніяк. Я шмат ужо пабачыла за паўтара года. Паўсюль – абыякавасць да людзей. Ні да каго немагчыма дагрукацца. Спрабавала на гарачыя лініі Мінздароўя тэлефанаваць – без шанцаў. Увесь час ідуць кароткія гудкі. Мне шкада, што ў нас у краіне вось так. Для некага ёсць усё, а для іншых – нічога. Не ўва ўсіх ёсць сілы змагацца з бюракратыяй – яны табе патрэбныя, каб змагацца з хваробай, а даводзіцца яшчэ і з чалавечай абыякавасцю».

Пасля асноўнага лячэння анкалагічнай хваробы 36-гадовая Вікторыя ездзіла раз на месяц у анкацэнтр у Бараўляны, дзе атрымлівала бясплатныя ўколы:

«Я паездзіла так паўгода, а потым неяк прыехала – і ўсё, сказалі, што лекаў няма. І аналагаў няма, і невядома, калі будуць. Я пачала тэлефанаваць у аптэкі па Беларусі. Недзе былі рэшткі. Нерваў было шмат: як жыць, дзе шукаць? Выкупіла ўсё, што магла. На гэтых рэштках неяк працягнула да мінулага месяца. Цяпер ізноў тая ж сітуацыя. Ізноў шукала, ездзіла ў Менск і Гомель».

Вікторыі тлумачылі, што няма паставак на склады беларускіх аптэк, таму такія перабоі з прэпаратамі.

Жанчына часта кепска пераносіла тыя бясплатныя лекі, якія выдаваліся ў раённым анкадыспансеры. Больш якасныя аналагі даць ёй не маглі:

«Казалі пісаць паперу, што адмаўляюся ад бясплатных лекаў. Ну, а лепшыя аналагі трэба за свае купляць. Я і купляла, бо тады было лягчэй пераносіць «хімію», ад нашых мне было дрэнна. Але ездзіла за імі ў Расею – у нас іх няма».

Рэжым траціць грошы на сілавікоў, а не на лекі

Перабоі з пастаўкамі, адсутнасць у аптэках датычаць не толькі лекаў для лячэння анкалагічных хваробаў. У Беларусі не стае медычных расходнікаў, пратэзаў, стаматалагічных матэрыялаў, прэпаратаў для лячэння астэапарозу, псіхічных захворванняў. Час ад часу здараюцца перабоі з нямецкім прэпаратам гармонаў шчытападобнай залозы «Эўтырокс». Чытачы пісалі нам, што часам не знайсці нават добрых лекаў ад кашлю. Чаму так адбываецца і ці сапраўды вінаватыя накладзеныя Еўразвязам і ЗША санкцыі?

Доктар Станіслаў Салавей кажа, што санкцыі супраць Беларусі наўпрост на адсутнасць лекаў у краіне не ўплываюць, бо ніякіх абмежаванняў супраць медычнай галіны ні Еўропа, ні ЗША проста не ўводзілі:

«Але, безумоўна, калі накладаюць санкцыі, у дзяржавы становіцца менш грошай, і гэта можа адбівацца на медыцыне. Рэч у тым, што цяпер большасць грошай рэжым траціць на сілавікоў і сам руйнуе сістэму аховы здароўя. Вось гэта будзе мець большы ўплыў, чым проста санкцыі. Таму казаць, што медыцына ў нас цярпіць праз санкцыі, – гэта крывадушша».

Датычна прэпаратаў для лячэння анкахворых – супрацьпухлінных лекаў – Станіслаў Салавей кажа, што цягам апошніх 1,5 года чуў ад калег пра іх знікненне на розныя перыяды:

«Не памятаю, каб раней так было. Здаралася, што нейкія лекі канчаліся, але на маёй памяці заўсёды былі аналагі – джэнэрыкі. Цяпер і з імі таксама праблемы».

На лекі санкцыі не накладаліся

Каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка таксама сцвярджае, што заходнія санкцыі не маюць ніякага дачынення да знікнення лекавых прэпаратаў у Беларусі, бо на лекі ніякіх абмежаванняў не ўводзілася:

«Гэты наратыў, што санкцыі раптам сталі перашкаджаць медыцыне, ідзе з вуснаў прапаганды. Мы тысячы разоў сутыкаліся з тым, што прапаганда нам хлусіць. Таму, калі мы чуем пра санкцыі на лекі, не варта забывацца, хто гэта кажа».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Ёсць сэрвіс, на якім можна праверыць, ці ўваходзіць нейкі тавар у санкцыйны спіс. Каб ім скарыстацца, трэба ведаць еўрапейскі код тавару – HS, які лёгка знайсці ў інтэрнэце.

«Варта скарыстацца гэтым сэрвісам, каб пераканацца: лекаў там няма, – кажа каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці. – Там могуць быць расходнікі медычнага прызначэння. Як правіла, гэта штосьці некрытычнае, што можна даць як тавар падвойнага прызначэння. Напрыклад, нейкая відэатэхніка, якая можа выкарыстоўвацца як для медыцыны, гэтак і ў вайсковых мэтах. Але нічога спецыфічна медычнага пад санкцыямі няма. Цяпер можна пачуць, як праблемы з трубкамі для тамографаў апраўдваюць санкцыямі. Дык гэты хлусня – яны не ўваходзяць ні ў адзін з санкцыйных спісаў».

Паводле Лідзіі Тарасенкі, санкцыі сапраўды могуць уплываць праз ускладненне лагістычных ланцужкоў. Пастаўкі сталі больш павольнымі праз тое, што пад пэўнымі абмежаваннямі застаюцца расейскія і беларускія банкі:

«Але яны пад санкцыямі, бо яны фінансуюць вайну, а не проста так. Ці слушна думаць, што ім трэба прабачыць, бо яны яшчэ і аспірын купляюць для беларускіх пацыентаў? Зразумела, што ніхто не хоча нашкодзіць беларускім анкахворым. Але як можна палепшыць дастаўкі лекаў, не павялічыўшы верагоднасці фінансавання злачыннай ваеннай дзейнасці рэжымаў?»

У знікненні прэпаратаў вінаватыя не санкцыі, а Мінздароўя

Для ўзнікнення ў Беларусі праблемаў у галіне аховы здароўя ёсць шмат прычынаў, акрамя ўяўных санкцыяў, і гэтыя прычыны стварыла само беларускае Міністэрства аховы здароўя, кажа каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці. Нашая суразмоўца прыгадвае «справу траўматолагаў»:

«У дзяржаўных каналах казалі, як файна, што аж 50 чалавек пасадзілі. І што мы цяпер бачым? Растуць чэргі на пратэзаванне, пратэзаваць няма каму. Людзей пратрымалі ў турмах, потым выпусцілі за вялікія выкупы, параскідалі па розных месцах працы. Цяпер артапеды працуюць траўматолагамі і наадварот. А гэта ўсё ж розныя спецыяльнасці. У выніку якасць працы пагаршаецца».

Аптеки в Минске, аптека бережливых
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У знікненні замежных пратэзаў, праблемах з іх пастаўкамі вінаватыя не санкцыі, а само Міністэрства здароўя, зазначае спадарыня Лідзія:

«Калі ўрываліся з маскі-шоу ў офісы фірмаў, якія закуплялі медычнае абсталяванне, пратэзы, пра што яны думалі? Што зробіць нармальная фірма ў такой сітуацыі? Проста згорне сваё прадстаўніцтва ў Беларусі. Хто хоча працаваць у такіх умовах? Менавіта таму пратэзы знікалі з рынку, а не праз санкцыі».

Лекі, нават расейскай вытворчасці, могуць знікаць з беларускага рынку, бо павялічыўся кошт рэгістрацыі. Калі раней рэгістраваць можна было адразу групу прэпаратаў, то цяпер на кожны прэпарат ліцэнзію трэба атрымліваць асобна, і каштуе яна столькі, колькі раней каштавала на групу, распавядае Лідзія Тарасенка. Адпаведна, рынак пакідаюць шмат якія прэпараты, бо нявыгадна дорага плаціць за атрыманне ліцэнзіі для продажу на такім невялікім рынку, як у Беларусі.

«Сітуацыя катастрафічная – разбураная ўся ахова здароўя»

У сітуацыі нястачы лекаў, тым больш сур’ёзных прэпаратаў, якія так проста не купіш у аптэцы, напрыклад, для лячэння анкахворых, часта даводзіцца шукаць рэшткі прэпаратаў па лякарнях, кажа Лідзія Тарасенка. Часам гэта робяць самі пацыенты, часам – дактары, загадчыкі аддзяленняў. Калі лек ці расходнік знаходзіцца ў нейкай лякарні, пацыента могуць перавесці туды на лячэнне. Таксама, хоць і нячаста, сустракаюцца выпадкі, калі для вельмі важных пацыентаў знаходзіцца і закупаецца тое, чаго на рынку Беларусі няма.

«Але так быць не павінна. У задачы таго ж загадчыка аддзялення не ўваходзіць абавязак абзвоньваць іншыя лякарні ў пошуку нейкіх лекаў. Гэта закрыццё дзіркі, якую стварыла неэфектыўная сістэма кіравання. Гэтую праблему – адэкватнага забеспячэння, паставак – павінна развязваць Мінздароўя», – кажа Лідзія Тарасенка.

Пастаяннае вырашэнне не сваіх задачаў, праца ва ўмовах нястачы расходнікаў, лекаў, абсталявання моцна фруструюць і складваюцца ў скарбонку прычынаў сыходу з прафесіі.

«Сітуацыя цяпер катастрафічная. Разбураная ўся ахова здароўя. Няма лекаў, няма дактароў, якія могуць правільна прызначыць гэтыя лекі, няма пераемнасці ў працы, няма адмыслоўцаў, няма магчымасці правесці нармальную якасную дыягностыку. Калі да пандэміі ковіду можна было казаць, што ў нас нармальная стаматалогія, мамалогія, афтальмалогія, і можна было атрымаць дапамогу на высокім узроўні, то цяпер, на жаль, усё кепска», – рэзюмуе каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці.

Беларусам, якія сутыкнуліся з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем, Лідзія Тарасенка раіць шукаць магчымасці лекавацца за мяжою. Таксама можа быць карысным скарыстацца онлайн-кансультацыямі, напрыклад, у «еЗдароўі» на сайце okdoc.me. Онлайн-фармат не развяжа ўсіх праблемаў, але кансультацыя з дасведчаным доктарам дапаможа зарыентавацца ў далейшых кроках, у тым ліку адносна лекаў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў