Што вядома пра віцебскія Курапаты


15 траўня стала вядома, што вандалы пашкодзілі народны мемарыял, узведзены ў памяць ахвяраў сталінскіх расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскай вобласці. Як паведамляе «Віцебская вясна», былі паламаныя крыжы з таблічкамі з імёнамі расстраляных, а таксама ўказальнікі месцаў расстрэлаў. Што вядома пра віцебскія Курапаты і чаму ў гэтым месцы дасюль трывае змаганне з даўно закатаванымі людзьмі?

Памятная шыльда на адным з крыжоў.
Фота: Хайсы – віцебскія Курапаты / Facebook

Так, менавіта працягваецца, бо вандалы руйнуюць і вынішчаюць на гэтых месцах крыжы ўжо не ўпершыню. Гэтак было ў 2014 годзе, неўзабаве пасля іх усталявання. Так адбылося напярэдадні Дзядоў увосень 2021-га, калі 9 з 32 усталяваных крыжоў былі паваленыя. Так было і раней, у 1990-я гады, калі ўсталяваныя мясцовымі актывістамі крыжы раптоўна знікалі. І вось усё паўтараецца…

Хайсы – віцебскія Курапаты

«Хайсы – віцебскія Курапаты» – гэта грамадская ініцыятыва, якая займаецца ўшанаваннем памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на Віцебшчыне», – менавіта так напісана на сайце, прысвечаным віцебскім Курапатам.

З’явілася ініцыятыва ў 2015 годзе, пасля таго як у лесе паміж вёскамі Хайсы і Дрыколле былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі. Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, менавіта тут у 1937–1938 гадах масава расстрэльвалі людзей.

Ян Дзяржаўцаў, стваральнік ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты».
Фота: Белсат

Пачынальнікам гэтай ініцыятывы стаў віцебскі актывіст Ян Дзяржаўцаў. Працуючы ў архівах, ён знайшоў звесткі, што ў віцебскую турму ў 1937 годзе прывезлі каля 700 сем’яў, і захацеў даведацца пра іхны лёс. Пазней спадар Ян пазнаёміўся з жыхарамі вёсак Хайсы і Дрыколле, якія расказвалі пра тое, што ў лесе непадалёк перад вайной адбываліся масавыя расстрэлы мірных грамадзянаў. Яны казалі, што яшчэ з пачатку 1990-х гадоў знаходзілі раскапаныя яміны, у якіх ляжалі раскіданыя чарапы і косткі. Вельмі падобна, што тут ужо працавалі «чорныя капальнікі», якіх цікавілі каштоўныя рэчы на месцы забойстваў. Звароты ў сельсавет і міліцыю ніякіх вынікаў не прынеслі, уладам было нецікава займацца гэтаю справаю. Яшчэ на некалькі дзесяцігоддзяў месца катаванняў нявінных людзей трапіла ў забыццё.

У лістападзе 2014-га віцебскія актывісты з журналістамі выправіліся на меркаванае месца расстрэлаў і выявілі там чалавечыя парэшткі. Гіпотэзы знайшлі сваё пацвярджэнне.

Чалавечыя парэшткі, знойдзеныя на месцы народнага мемарыялу.
Фота: hajsy.org

Ужо тады ў Яна Дзяржаўцава з’явілася ідэя ўшанаваць месца і ўсталяваць на ім памятныя знакі – 5 драўляных крыжоў узняліся пасярод лесу на меркаваных месцах расстрэлаў. Але неўзабаве адбыўся першы акт вандалізму: праз некаторы час крыжы зніклі. Пазней іх знойдуць паламанымі ў тым жа лесе.

Не першая спроба ўшанавання

Трэба сказаць, што спробы ўшанаваць памяць ахвяраў у лесе каля вёскі Хайсы былі і раней. У канцы 1980-х гадоў, калі ўсё больш адкрыта пачалі гаварыць пра злачынствы сталінскага рэжыму, сталі з’яўляцца сведчанні пра тое, што і на віцебскіх землях адбывалася страшэнная трагедыя – вынішчэнне ўласнага народу. Пасля на ўзлеску непадалёк вёскі Паляі, што за 6 кіламетраў ад Віцебску (на ўзбоччы дарогі Р-21 Віцебск – Лёзна) з’явіўся першы крыж. Штогод на Дзяды ў гэтым месцы пачалі збірацца віцебскія актывісты, каб ушанаваць памяць ахвяраў.

Адзін з першых крыжоў, усталяваных на месцы масавых расстрэлаў у віцебскіх Курапатах.
Фота: hajsy.org

А што ўлады?

У 2014 годзе, пасля жахлівых знаходак чалавечых парэшткаў, актывісты ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» звярнуліся да ўладаў. На месца расстрэлаў прыязджалі старшыня Мазалаўскага сельскага выканкаму Леанід Дубіна і сакратарка Кацярына Каралёва. Яны агледзелі месца, але паведамілі, што на ўсталяванне помніку не маюць сродкаў.

З ініцыятывы мясцовых уладаў увосень 2015 года на месца расстрэлаў прыязджаў і 52-і пошукавы батальён, які спецыялізуецца на раскопках. Па выніках праведзеных работаў у Мазалаўскі сельсавет перадалі каля 40 мяшкоў з чалавечымі косткамі. Паводле падлікаў, парэшткі належалі 140 асобам.

Эксгумаваныя косткі на загад Мазалаўскага сельскага выканаўчага камітэту пахавалі ў брацкай магіле як ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны. Падставаю гэтак меркаваць сталіся знойдзеныя рэшткі кіцеля, «ідэнтычныя часткам нямецкага вайсковага адзення Нямеччыны».

На гэтым месцы пахавалі парэшткі людзей, знойдзеных у лесе каля вёскі Хайсы. Улады іх вызналі ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны.
Фота: hajsy.org

Пры гэтым прадстаўнікі ўладаў не паказалі актывістам заключэння Следчага камітэту, зробленага па выніках экспертызы парэшткаў. Як мяркуе Ян Дзяржаўцаў, гэта ўсё рабілася з мэтаю пазбегчы грамадскага розгаласу.

Што знаходзяць на месцы расстрэлаў

Увосень 2015 года на месца расстрэлаў па запрашэнні Яна Дзяржаўцава прыехалі навукоўцы Мікалай Крывальцэвіч і Валянціна Вяргей, якія ў свой час даследавалі Курапаты каля Менску.

Яны звярнулі ўвагу на падабенства пахаванняў з тым, што некалі бачылі і на месцах расстрэлаў каля Менску: косткі ляжалі палосамі, перасыпаныя зверху жвірам – расстраляных закідвалі зямлёю, пасля на гэтым жа месцы расстрэльвалі новых ахвяраў і хавалі іх тут жа, такім чынам атрымліваліся некалькі шэрагаў.

Ахвяры расстрэльваліся партыямі і засыпаліся пяском адна паверх другой.
Фота: hajsy.org

На ўсіх месцах расстрэлаў знаходзяць чарапы з адтулінамі ад куляў, пры гэтым вельмі часта косткі так і ляжаць на паверхні зямлі – хутчэй за ўсё як вынік працы «чорных капальнікаў».

Вайскоўцы 52-га батальёну падчас раскопак знайшлі парэшткі і фрагменты жаночага ды мужчынскага абутку, на падэшве якіх захаваліся фабрычныя маркіраванні з пазначанымі 1936, 1937 і 1938 гадамі, савецкія манеты, якія датуюцца 1931–1936 гадамі. Можна таксама тут пабачыць жаночыя грабеньчыкі, гузікі ад цывільнай вопраткі ды іншыя прадметы.

Актывісты сведчаць таксама, што бачылі на ўласныя вочы ў раскапаных магілах гільзы ад пісталетаў маркі «Кольт», якімі карысталіся супрацоўнікі НКВД.

Пры гэтым ні салдацкіх касак, ні зброі, якая б паказвала на прыналежнасць масавага пахавання да перыяду Вялікай Айчыннай, тут не знаходзяць.

Што гавораць сведкі

Удзельнікам ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» ўдалося назбіраць больш за 40 сведчанняў пра расстрэлы, што праходзілі ў гэтых мясцінах у 1930-я гады.

Гэтак, Валянціна Шагеева 1934 года нараджэння памятае гул машынаў, што прывозілі людзей на расстрэл, чула і стрэлы, якія даносіліся з лесу. Расказвала пра расстрэлы і ейная маці, а таксама аднавяскоўцы.

Доктар ветэрынарных навук Генадзь Сакалоў (1931 года нараджэння) пераехаў з бацькамі ў вёску Лужасна, што непадалёк ад «расстрэльнага лесу», у 1937 годзе. Ён расказваў, што аднойчы ягоны старэйшы брат загуляўся позна, а калі вярнуўся, то расказаў, што разам з іншымі дзецьмі хадзіў у лес, куды апоўначы прыязджалі машыны з людзьмі. На іхных вачах гэтых людзей і расстрэльвалі.

Прадметы, знойдзеныя на месцах расстрэлаў.
Фота: Хайсы – віцебскія Курапаты / Facebook

Вячаслаў Буевіч чуў ад свайго бацькі, які працаваў лясным аб’езнікам, што той на ўласныя вочы бачыў працэс расстрэлаў. Бацька расказваў, як убачыў аднойчы дзве машыны, якія спыніліся ў лесе. «Адтуль выйшлі людзі. Іх прымусілі выкапаць магілы, а потым расстралялі. Тых, каго не забілі адразу, дабівалі з пісталета. Потым на тым месцы, дзе іх закапалі, высаджваліся елкі», – распавядаў Буевіч-старэйшы.

Аляксей Нікіцін пераказваў аповеды свайго дзеда Рыгора Хожанева пра расстрэлы ў лесе: «Казаў, што да вайны вельмі часта чуў стрэлы начамі, выключна начамі. З дзедавай хаты яны былі чуваць. Распавядаў таксама, што хадзіў у лес паглядзець, што там такое. Адзін хадзіў, і са сваім сябрам, братам жонкі Кірылам. Гэта лес, што з левага боку дарогі на Гарадок. Яны хадзілі туды і бачылі яму, засыпаную зямлёй. І зямля гэтая варушылася. Відаць, там былі раненыя, якіх кінулі паміраць».

Такіх сведчанняў вельмі шмат. І хоць жывых сведак тых жудасных падзеяў застаецца ўсё менш, памяць пра бесчалавечныя катаванні перадаецца з пакалення ў пакаленне сярод мясцовых жыхароў.

2017 год – новае пахаванне

У 2017 годзе мясцовы жыхар Юрый Садкоў знайшоў яшчэ адно месца расстрэлаў каля вёскі Хайсы, але гэтым разам ужо ў іншай частцы лесу. Гісторыя паўтаралася. Як і ў папярэдніх месцах, косткі ляжалі на паверхні зямлі – відаць, тут ужо папрацавалі «чорныя капальнікі». Прадстаўнік Акадэміі навук Алег Іоў, які прыехаў для вывучэння пахаванняў, адзначыў таксама іх падабенства з тым, што яму давялося бачыць у менскіх Курапатах.

Пасля звароту ў міліцыю на месца прыехаў той самы 52-і пошукавы батальён, вайсковы археолаг Вадзім Тамілін забараніў фатаграфаваць раскопы. Пасля таго як працы скончыліся, ніхто нават і не падумаў пра тое, каб пазнаёміць з вынікамі актывістаў.

Усталяванне крыжа з меркаваным імем адной з ахвяраў, якая загінула ў лесе каля вёскі Хайсы.
Фота: hajsy.org

Пазней на месцы расстрэлаў у лесе паміж вёскамі Хайсы і Дрыколле актывісты працягнуць стварэнне народнага мемарыялу і ўсталююць 16 крыжоў. На некаторых нават з’явіліся шыльды з імёнамі імаверных ахвяраў: у выніку праведзенай працы актывістам удалося высветліць, што тут былі расстраляныя настаўніца Вольга Данцыт і старшыня калгасу Антон Рамашка.

На сёння ў народным мемарыяле «Хайсы – віцебскія Курапаты» ўсталяваныя больш за 30 крыжоў. Сярод іх ёсць і металічны вышынёю каля 4 метраў, які відаць здалёк, ён быў усталяваны ў 2017 годзе. Яшчэ 7 крыжоў маюць сімвалічнае значэнне, яны нібыта абрамляюць уваход на тэрыторыю злавеснага лесу.

Чарговыя пацвярджэнні

У лютым 2020 года Ян Дзяржаўцаў апублікаваў на старонцы ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» ў Facebook цікавы факт. Падчас разгляду мапы, на якой былі ўказаныя месцы пахаванняў масавага тэрору 1937–1939 гадоў на тэрыторыі СССР, ён выявіў 6 месцаў, дзе праводзіліся расстрэлы. Сярод іх была згаданая і вёска Дрыколле, якая на сёння ёсць часткаю вёскі Хайсы. Гэтую мапу знайшлі ў музеі Бутаўскага расстрэльнага палігону.

Фота шыльды, пашкоджанай 15 траўня 2023 года, у народным мемарыяле.
Фота: vitebskspring.org

«Цяпер, мяркую, ужо можна з поўнаю дакладнасцю сказаць, што парэшткі 474 чалавек, знойдзеных падчас працы 52-м пошукавым батальёнам, сапраўды былі забітыя сталінскімі карнікамі падчас камуністычнага тэрору, пра гэта ж нам распавялі больш за 30 мясцовых жыхароў. Як бачым, усё таемнае рана ці позна становіцца яўным… І як бы ні фальсіфікавалі і не хлусілі лукашысты, фактаў забойства людзей у Хайсах ім не схаваць», – адзначыў Ян Дзяржаўцаў.

Пераслед рэжыму Лукашэнкі

Але гісторыя рухаецца па коле. Сёння ўжо рэжым Лукашэнкі ўсчаў вайну супраць беларусаў і чыніць рэпрэсіі, праз якія ўжо не на словах, а па-сапраўднаму пачынаюць гінуць людзі. «Мала засталося, каб у лес пачалі вазіць», – кажа Ян Дзяржаўцаў.

У 2023-м у звязку з рэпрэсіямі сілавікоў заснавальнік ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. Яго затрымалі сёлета ў сакавіку за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, бо ў тэлефоне знайшлі некалькі допісаў з каналаў «Вольная Беларусь» і «Краіна для жыцця». Яну Дзяржаўцаву прысудзілі  7 содняў арышту. Па вызваленні яго папярэдзілі, што за ім сочаць, і калі ён наступным разам трапіць за краты, то ўжо можа і не выйсці адтуль.

У выніку актывіст пастанавіў пакінуць радзіму: «Лепш хай пажыву яшчэ троху, колькі мне там Бог наканаваў, бо з турмы я ўжо не вярнуся», – пракаментаваў «Белсату» сваё рашэнне 72-гадовы стваральнік важнай ініцыятывы, якая раскрывае вочы на тое, якімі бесчалавечнымі і людажэрнымі ў сваёй празе панаваць над розумамі людзей могуць быць дыктатарскія рэжымы.

Гісторыі
«Бо з турмы я ўжо не вярнуся…» 72-гадовы актывіст з’ехаў з Беларусі і просіць аб дапамозе
2023.04.28 14:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў