Кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакея выбраў краіну, дзе адбудзецца чэмпіянат свету па хакеі ў 2027 годзе. Прэтэндэнтаў было двое: Казахстан і Нямеччына. На сайце арганізацыі паведамляецца, што абедзве заяўкі былі выдатнымі, аднак перавагу аддалі Нямеччыне.
Краіну, што зладзіць турнір, выбралі таемным галасаваннем. Заяўку Нямеччыны падтрымалі 102 удзельнікі кангрэса.
Гульні чэмпіянату 2027 года пройдуць у Дусэльдорфе і Мангайме. Агульная ўмяшчальнасць двух арэнаў у гэтых гарадах перавышае 26 тысячаў.
Апошні раз Нямеччына прымала сусветнае пяршынства 10 гадоў таму разам з Францыяй.
Налета чэмпіянат свету па хакеі адбудзецца ў Чэхіі, у 2025 годзе – у Даніі ды Швецыі, у 2026-м – у Швейцарыі.
Тым часам набліжаецца фініш сёлетняга турніру, што прымаюць Латвія і Фінляндыя (замест Расеі). Сёння адбудуцца паўфінальныя матчы Швецыя – Латвія і ЗША – Нямеччына. Заўтра, 28 траўня, – гульня за срэбра і фінал.
Зборная Латвіі раней стварыла сенсацыю, калі перамагла ў чвэрцьфінале каманду Швецыі і ўпершыню ў сваёй гісторыі трапіла ў паўфінал сусветнага чэмпіянату.
Зборныя Беларусі і Расеі ад турніраў Міжнароднай федэрацыі хакея адхіленыя праз вайну ва Украіне.
Сяргей Крот belsat.eu