Ад вымярэння пульсу і ціску да аповедаў на ноч.
Стрэс за апошні год – а можа, і больш – проста зашкальвае. Нехта намотвае кругі на школьным стадыёне, хтосьці ратуецца шматгадзінным шпацырам, хтосьці імкнецца больш часу праводзіць з блізкімі, а хтосьці дасюль шукае, чым бы заняцца, каб захаваць унутраную раўнавагу. Belsat.eu падабраў пяць мабільных праграмаў і актыўнасцяў, якія дапамогуць перамагчы стрэс.
«Mindspa» з бясплатным курсам для беларусаў
Дадатак «Mindspa», калі верыць апісанню, закліканы забяспечыць душэўны дабрабыт. Карыстальнікі навучацца кантраляваць цяжкія эмоцыі, будаваць здаровыя стасункі, выходзіць са складаных сітуацыяў і жыць ярчэй. У межах праграмы беларусам адкрылі бясплатны курс «Плед» – для тых, хто не можа дазволіць сабе псіхолага, але ёсць шмат трывогі, турботы праз агульнасусветны крызіс і г. д. Гэта аўтарская праграма пісьменніцы і блогера Нікі Набокавай.
«Welltory» вымярае пульс, ціск і ўзровень стрэсу
Праграма працуе амаль як разумны гадзіннік. Толькі бясплатна. Вымярае узровень стрэсу, ціск, пульс і нават сон. А яшчэ там можна весці дзённік здароўя.
Трэкер задавальнення
Онлайн-трэкер «Даниссимо» – timefor.danissimo.by – гэта спіс з прыемных заняткаў на 21 дзень. Кажуць, менавіта за гэты час можна выпрацаваць карысныя звычкі. Што прапануецца з прыемнасцяў? Напрыклад, дакрануцца да лістка дрэва, паслухаць спевы птушак, памарыць. Трэкер сам вам будзе дасылаць заданні. Кажуць, калі ў дзень заўважаць па 3 прыемныя рэчы, то жыць робіцца лягчэй.
Больш падрабязна пра трэкер задавальнення – вось тут.
«Music Zen» ад «Gismart» – і зноў бясплатна для беларусаў
Прыкладанне мае ўмацаваць псіхічнае здароўе і зняць стрэс. У існасці, гэта зборнік практыкаванняў для медытацыі і дыхання, а яшчэ там можна знайсці расслабляльную музыку, гульні для рэлаксацыі і нават аповеды на ноч.
«Moodmate» – трэнер настрою
Заданне гэтага бота – навучыць карыстальніка перамагаць стрэс. Кожны дзень бот дзеліцца з вамі кароткімі і простымі практыкаваннямі. Кажуць, калі іх рэгулярна выконваць, ні адна дрэнная навіна не пахісне вашай раўнавагі.
А як вы падымаеце сабе настрой? Падзяліцеся з намі вашымі рэцэптамі.
ОЕ/МВ Belsat.eu