Дэманстрацыя адбудзецца пры любым надвор'і

Ісці на антываенную дэманстрацыю 24 лютага не хацелася. Яно пасярод дня зроблена, а гэта значыць, што працоўны рэжым змарнуецца.

Калі б гадавіна была іншая, офісныя работнікі абурыліся б і сказалі, што іх дыскрымінуюць, што не даюць ім магчымасці выказацца. Я таксама думала, што, можа, лепш будзе пасядзець удома і падрыхтаваць універскую дамашку, пакуль усе дэдлайны не наступілі і не стала зноў трывожна. Я ж дарослая, трэба прытрымлівацца рэжыму! А можа, не трэба? Усё ж такі, важная дата, у гістарычны час жывём, трэба быць на сувязі з рэальнасцю, а не спрабаваць уцячы ад яе. Вайна ідзе! Так, не ў мяне ўдома ў Берліне, але ў маіх сябровак і ў маіх суседзяў. І проста ў добрых людзей, якія не заслужылі вайны. Ніхто не заслужыў вайны.

Акцыя ў Берліне з нагоды гадавіны вайны Расеі супраць Украіны, 24 лютага 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Мы сустрэліся каля кінатэатру «Інтэрнацыяналь» ва ўсходняй, савецкай паводле пабудовы частцы Берліну, дзе ўсё так па-здрадніцку нагадвае Кіеў, Менск, Маскву, дзе дамы ўнесеныя ў спіс архітэктурнай спадчыны UNESCO. Я ішла на БЧБ-сцягі – такая была дамоўленасць. Кажуць, дарагога гэта каштавала – дамовіцца з арганізатаркамі пра магчымасць гэтыя сцягі мець. Што спярша ўкраінская арганізацыйная каманда была катэгарычна супраць, але з імі доўга размаўлялі, у тым ліку пра тое, што пад гэтымі сцягамі ва Украіне ваююць байцы Каліноўскага, і так кансэнсус быў у выніку дасягнуты – БЧБ можна браць! Вялікая палёгка, між іншым, бо, мяркуючы з размоваў расяянак у чаціках, шмат каму з іх наагул было незразумела, што рабіць: ці то ісці на ўкраінскую дэманстрацыю, ці то сядзець ціха ўдома, ці то ў левую інтэрнацыянальную калону запісацца. Галоўнае, не заходзіць нават выпадкова, на «расейскі» пратэст, які ідзе ў гэты ж час, правядзенне якога было прызначана ў той самы дзень і дзе першапачаткова нават ішлося пра сцягі БББ (бела-блакітна-белыя). Праўда, вельмі хутка стала ясна, што ідэя гэтая ў гадавіну актуальнай вайны, мякка кажучы, не вельмі. Добры ты расеец ці дрэнны – расейскасць сваю ў гэты дзень лепш асабліва не паказваць. Зрэшты, у іншыя дні таксама не перашкодзіць.

Ішоў дождж, было зябка, размовы не клеіліся, усе доўга стаялі на адным месцы. Мы з сябрам канчаткова змерзлі і скіраваліся на пошукі таннай і смачнай кавы. Сябар яшчэ ў метро засоўваў у чаравікі паперу з часопісу пра «Берлінале», які мы ўзялі ў кінатэатры. Так яго вучыла рабіць сібірская бабуля, каб ногі не мерзлі.

Пасля падлеткавых блуканняў па гандлёвым цэнтры, мы падышлі да фінальнага пункту маршруту ля Брандэнбургскай брамы, дзе гучала ва ўзмацняльнікі агітацыя і безэмацыйны, электронны нейкі голас перакладаў гарачую прамову Зяленскага на нямецкую. У перакладзе ўвесь запал губляўся, як быццам яго ніколі і не было, але мы ж ведаем, што гэта не так. Мы пастаялі крыху на адным месцы, паглядзелі на натоўп і разышліся кожны па сваіх справах.

Грамадзянскі абавязак выкананы – мы схадзілі на дэманстрацыю, выказалі сваю пазіцыю і працягваем далей чакаць перамогі Украіны. Я яшчэ раз зацвердзілася ў разуменні таго, што пасля 2020 года любую дэманстрацыю, нават самую важную, напрыклад, праўкраінскую, я не магу ўспрымаць інакш, чымся абавязак, прычым не заўсёды прыемны. Калі шклянка напалову поўная – дэманстрацыі нагадваюць, як шмат вакол саюзнікаў і саюзніц, як падобна мы думаем і як выдатна стаяць плячом да пляча ў адзіным салідарным парыве. А вось калі шклянка напалову пустая – пра тое, як жа мала залежыць ад нас, звычайных пратэстоўцаў, і як выкрыкванне лозунгаў, падобна, нічога не мае агульнага з рэальным уплывам на развіццё сітуацыі. Мая шклянка сёння напоўненая напалову, ні больш і ні менш. У ёй танная кава, якую я падымаю ў гонар будучай перамогі Украіны, і гэта найбольшае, што я сёння змагла зрабіць, каб наблізіць яе.

Агляд
Беларусы ўдзельнічаюць у акцыях, прысвечаных гадавіне расейскага ўварвання ва Украіну
2023.02.24 22:24

Віка Біран / ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў