news
Аналітыка
«Хісткі картачны дамок». Якую эканоміку пабудавалі ў Беларусі і ці пашчасціць налета?
Эканамічныя вынікі года ад Дзмітрыя Крука.
26.12.202306:20

Гістарычнае павелічэнне заробкаў, прыстойная інфляцыя і нечаканы рост ВУП – ва ўладаў у Беларусі нібыта ёсць нагода хваліцца сёлетнімі поспехамі. Аналітык Дзмітрый Крук, з якім «Белсат» падвёў эканамічныя вынікі года, адзначае: пабудаваная мадэль нагадвае картачны дамок, што налета можа калі не абрынуцца, то істотна пахіснуцца.

Экономист Дмитрий Крук, Исследовательский центр BEROC
Дзмітрый Крук, эканаміст і старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC.
Фота: Белсат

Звонку эканамічныя вынікі сапраўды выглядаюць прыстойна. Рост валавога ўнутранага прадукту датэрмінова дасягнуў прагназаваных на год 3,8 %, рэальныя прыбыткі беларусаў аказаліся большымі, чымся чакалася (6,1 % супраць 4,1 %), а інфляцыя – меншаю (4,9 % супраць 8 %). Толькі экспарт даў маху: планавалася, што павялічыцца на 5,5 %, а за студзень – кастрычнік ён вырас на 4,3 %.

«Галоўная асацыяцыя, што ўзнікае з 2023 годам, – усім вядомая шклянка, якая напалову пустая ці напалову поўная», – пачаў свой аналіз старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук. Ён, схіляючыся да песімістычных ацэнак, растлумачыў, што эканоміка сёлета вырасла дзякуючы спрыяльнай кан’юнктуры на вонкавых рынках і ўзнаўленню экспарту. «У значнай ступені пашчасціла», – кажа эксперт.

«Самы галоўны чыннік, што дазволіў дасягнуць поспеху, – аднаўленне экспарту. Тут галоўную ролю адыгралі калійныя ўгнаенні і ў меншай ступені нафтапрадукты, таму што большая частка аднаўлення прыйшлася яшчэ на летась», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Калі асобна гаварыць пра калій, то яго экспарт аказаўся выгадным нават з улікам выкручастай лагістыкі, бо кошты ўгнаенняў былі высокія. А ўсе поспехі ў вонкавым гандлі агулам звязаныя з доступам да расейскай інфраструктуры.

«Чаму я кажу аб тым, што тут пашчасціла: удалося, хутчэй за ўсё, праз палітычную ўгоду дамовіцца неяк з Расеяй, каб выкарыстоўваць іх лагістычную інфраструктуру, перш за ўсё – марскія парты. Галоўнае пытанне, ці ўстойлівы вось гэты экспарт», – звяртае ўвагу Крук.

За неблагі экспарт Беларусь разлічылася амаль татальнаю залежнасцю ад Расеі, але атрымала магчымасць дасягнуць станоўчых вынікаў:

«Гэты экспартны падмурак дазволіў стымуляваць і ўнутраны попыт, дазволіў Нацбанку праводзіць валюнтарысцкую нерацыянальную палітыку, што таксама адгукнецца ў 2024 годзе, але сёлета падштурхоўвала ВУП, прыбыткі насельніцтва, таму вынікі плюс-мінус неблагія».

Адваротны бок медаля

Сёлетнія вынікі выглядаюць паспяховымі, калі параўноўваць іх з мінулым годам. У больш далёкай рэтраспектыве ганарыцца няма чым, упэўнены эканаміст:

«Калі паглядзім на ўзровень ВУП, то ён нават не дацягнуў да 2021 года. Ён трохі вышэйшы за ўзровень 2019-га. Таму гэта такі сабе поспех паводле класічных эканамічных крытэраў, калі мы цяпер радуемся таму, што вярнуліся на ўзровень ВУП чатырохгадовай даўніны. Наўрад ці можна назваць гэта поспехам».

Хаця інфляцыю і сапраўды ўдалося ўтаймаваць, аднак якім чынам? Цэны зазналі жорсткае дзяржаўнае рэгуляванне, але яны, гаворачы вобразна, працягнулі кіпець у закрытым рондалі. Рана ці позна покрыўку рондаля давядзецца здымаць – апарыць усіх.

Аналітыка
Перадвыбарчая раздача грошай і праца на вайну. Рэцэпт эканамічных поспехаў Беларусі
2023.12.22 07:00

«Сёлетняе стрымліванне цэнаў адгукнецца налета. У якасці прыкладу можна прывесці сітуацыю 2010–2011 гадоў. У 2010 годзе таксама вельмі бадзёра адрапартавалі аб тым, што незвычайныя поспехі дасягнутыя, але расплачвацца давялося ў 2011-м. Я не кажу, што цяпер мы стаім непасрэдна на мяжы фінансавага крызісу, хаця такое таксама імаверна. Лакальнага поспеху можна дасягнуць, пытанне толькі, якая будзе плата за гэтыя ўмоўныя поспехі», – заўважыў Дзмітрый Крук.

Глабальна беларуская эканоміка засталася ў стагнацыі, і прасвету не відаць:

«Якасны статус эканомікі, што застаецца ў стагнацыі, ніяк не змяніўся. Аднаўленне да ўзроўню 2019, 2021 года – гэта сумны вынік. Выйсці з гэтага калідору, дзе мы застаемся паводле ўзроўню ВУП ужо амаль 10 гадоў, у нас шанцаў на сёння не бачна. Эканоміка проста прадэманстравала аднаўленчы рост, але здольнасць яе да развіцця, магчымасць далей генераваць рост не тое што пад вялікім сумневам, такіх перспектываў амаль няма».

«Інфляцыя можа стацца некантраляванаю»

Прагнозы наогул справа няўдзячная, а ў выпадку з беларускай эканомікай – дык і надзвычай складаная. Сітуацыя можа развівацца ў розных кірунках. Новыя санкцыі, эканамічны шок у Расеі, разбурэнне якіх-кольвек гандлёвых ланцужкоў – можа здарыцца што заўгодна, і ўсе расклады можна будзе выкінуць у сметніцу. Ледзь не адзінае, што адбудзецца ў 2024 годзе дакладна, – гэта заўважны рост цэнаў.

Інфаграфіка
Салат сёлета ў Беларусі будзе самым дарагім. Як «Індэкс аліўе» ў разы абагнаў інфляцыю
2023.12.20 06:03

«Галоўнае, што амаль у любым выпадку будзе мець месца, – гэта падвышэнне цэнаў. Гэта амаль безапеляцыйна кажу, таму што тэндэнцыя ўжо сталася відавочнаю. Усе падставы для раскручвання інфляцыйнага працэсу ўжо створаныя. Нават калі найлепшым чынам складзецца сітуацыя, як сёлета, усё роўна вельмі важным адрозненнем будзе інфляцыйны чыннік, інфляцыя пачне інтэнсіфікавацца», – упэўнены эканаміст цэнтру BEROC.

Налета вызначальным будзе паказнік экспарту – галоўны падмурак, што дазволіў беларускай эканоміцы прадэманстраваць аднаўленчы рост. Дзмітрый Крук не ўпэўнены, што гэты падмурак не разваліцца. Праблемы могуць узнікнуць як з продажам галоўных тавараў (калію і нафтапрадуктаў), гэтак і з іншай прадукцыяй.

«Дадатковай перавагі, што была ў беларускіх вытворцаў на расейскім рынку амаль год, ужо няма, і налета мы гэты эфект адчуем. Больш за тое, на расейскім рынку будзе (і гэта таксама ўжо адбываецца) інтэнсіфікавацца канкурэнцыя. Усё больш вытворцаў кажа аб тым, што кітайскія вытворцы больш актыўна заходзяць на расейскі рынак, і калі летась і сёлета беларускія вытворцы маглі разлічваць на нішы, што вызваляюцца, то зараз з гэтым будзе істотна цяжэй», – кажа аналітык.

Калі песімістычныя прагнозы спраўдзяцца, нас чакае поўны камплект праблемаў, што пойдуць адна за адной:

«Калі экспарт пачне прасядаць, гэта вельмі падобна да логікі выцягвання фундаменту з-пад ног. Фактычна ўвесь той картачны дамок, што быў пабудаваны сёлета, калі не зусім разваліцца, то будзе станавіцца ўсё больш хісткім. У выпадку прасядання экспарту гэта будзе біць і па ВУП, і па інфляцыі, і па абменным курсе».

Сувязь вонкавага гандлю з курсам беларускага рубля наўпроставая, кажа Крук. «Трэнд на абясцэньванне рубля будзе дамінаваць у 2024 годзе, зноў пытанне ў лічбах. Калі базавы сцэнар, гэта прыкладна 8–10 % дэвальвацыі, а калі значнае пагаршэнне вонкавага гандлю, то значна вышэй».

Базавы сцэнар, ён жа найбольш аптымістычны, прадугледжвае, што экспарт не скароціцца болей чым на 10 % у фізічным вымярэнні (у тонах і штуках). І нават у гэтым выпадку, паводле падлікаў Дзмітрыя Крука, эканоміка вырасце не больш як на 1 %.

«Гэта будзе азначаць захаванне эканомікі ў стагнацыі. У такім выпадку эканоміка вернецца на ўзровень ВУП 2021 года. Хваліцца няма чым», – кажа суразмоўца «Белсату».

Акрамя таго, шмат што будзе залежаць ад курсу расейскага рубля і агулам стану эканомікі суседняй краіны.

Белорусские банки, деньги, Белинвестбанк
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Нейкія нават невялікія шокі могуць ствараць істотныя ваганні расейскай валюты, і мы гэта добра бачылі ўвосень. Гэта вельмі хутка і амаль цалкам перадаецца на беларускі рубель. Калі зноў такія шокі, падобныя на восеньскія, будуць, гэта можа разгайдаць інфляцыйна-дэвальвацыйную спіраль у Беларусі. Стан расейскай эканомікі – гэта вельмі важна, бо ў значнай ступені аднаўленне ў Беларусі адбылося дзякуючы гандлю з Расеяй і яе лагістычнаму падтрыманню», – растлумачыў эксперт.

Ці вырастуць заробкі?

Заробкі раслі сёлета анамальна і, паводле звестак Белстату, дасягнулі гістарычнага максімуму ў Беларусі. Анамальна таму, што павялічваліся яны шпарчэй за ВУП. «ВУП прадэманстраваў не такі буйны аднаўленчы рост і проста вярнуўся на ўзровень 2019 года, а заробкі пайшлі значна наперад», – канстатаваў Дзмітрый Крук. Беларусы могуць падзякаваць за гэта тым, хто з’ехаў.

«Вытворцы, нават з улікам таго, што іх фінансавае становішча паступова пагаршаецца, выкарыстоўваюць нейкі назапашаны тлушчык ды іншыя рэзервы і спрабуюць забяспечыць апераджальны рост заробкаў, каб стрымаць міграцыю. Некаторыя бізнесоўцы кажуць, што фактычна канкуруюць за працоўную сілу не толькі ўнутры Беларусі, але і з суседнімі краінамі, таму што нашыя людзі маюць вельмі шмат стымулаў, каб з’язджаць», – апавядае эканаміст.

Ён чакае, што і ў наступным годзе прадпрыемствы будуць намагацца павялічваць выплаты, аднак не такімі тэмпамі, бо сілы на зыходзе.

«У адрозненне ад 2023 года, такім жа чынам вытворцам дзеяць будзе складаней: фінансавага тлушчу амаль не засталося. У базавым сцэнары апераджальны рост заробкаў, хутчэйшы за ВУП, агулам захаваецца, але дыспрапорцыя будзе не такая вялікая. Яны будуць расці трошкі хутчэй за ВУП», – прадказвае аналітык.

Рост заробкаў будзе залежаць ад шмат якіх чыннікаў, у тым ліку ад маштабаў рэлакацыі беларусаў:

«Калі штосьці істотна зменіцца, напрыклад, мяжу закрыюць ці міграцыя натуральным чынам спыніцца, ці інфляцыйны скачок, ці рэцэсія, то ўсё будзе па-іншаму. Гэты не зусім натуральны апераджальны рост заробкаў будзе спыняцца».

Пры гэтым рызыкаў для базавага сцэнара вельмі шмат, падсумаваў Дзмітрый Крук.

Аналітыка
Эканоміка Беларусі больш не можа хутка расці, а цэны могуць – прагноз на 2024 год
2023.12.21 14:48

Сцяпан Кубік belsat.eu