Пра праблемы з водазабеспячэннем у жылых дамах на вуліцы Адзінцова паведамляе тэлеграм-канал адміністрацыі Фрунзенскага раёна Менску.
Улады паведамляюць, што раніцай паступіла інфармацыя аб адсутнасці вады па вуліцы Адзінцова. Заяўка была хутка апрацавана і «Менскводаканал» прыняў «усе неабходныя меры для аднаўлення водазабеспячэння жылых дамоў і прамывання водных сетак».
«Менавіта з гэтай прычыны вада з кранаў у некаторых жыхароў магла быць з пяском у гэты перыяд», – растлумачылі ў раённай адміністрацыі.
У афіцыйным паведамленні не тлумачыцца, што стала прычынай перабояў у водазабеспячэнні і адкуль у вадзе ўзяўся пясок. Таксама не зразумела, ці была вырашана праблема па стане на вечар 26 лістапада. У Фрунзенскай адміністрацыі адзначаюць, што ў дадзены момант «працягвае праводзіцца праверка якасці вады ў кантрольных кропках».
Адміністрацыя і «Менскводаканал» прыносяць свае афіцыйныя прабачэнні за нязручнасці і просіць жыхароў раёну паставіцца да сітуацыі з разуменнем.
Глеб Нержын belsat.eu