Ваенна-патрыятычныя класы адкрыюць у кожнай школе да канца навучальнага года


Да канца навучальнага года ў кожнай школе Беларусі павінны адкрыць ваенна-патрыятычны клас ці клуб, заявіў 26 кастрычніка міністр адукацыі Андрэй Іванец. Для гэтага кіраўнік ведамства даручыў кіраўніцтву школ «правесці сур’ёзную працу», перадае ягоныя словы агенцтва БелТА.

Ваенна-патрыятычны клас. Крыніца: mlyn.by

Паводле словаў Андрэя Іванца, ваенна-патрыятычнае выхаванне дзецям неабходна для таго, каб «кожны малады чалавек усведамляў значнасць свайго абавязку і неабходнасці не толькі любіць радзіму, але і быць гатовым яе абараняць ва ўсіх сэнсах гэтага слова». Хтосьці, на думку міністра, павінен рабіць гэта «на сваім працоўным месцы», хтосьці – «вучобай ва ўстанове адукацыі», а хтосьці – «выбіраючы прафесію радзіму абараняць»,

«Мы актыўна працуем над развіццём ваенна-патрыятычных класаў, над музейнай педагогікай, над развіццём ваенна-патрыятычных клубаў… Усё гэта элементы, якія фармуюць цэласную асобу дзіцяці», – сказаў Андрэй Іванец.

Дзеля гэтага, паводле ягоных словаў, Мінадукацыі паставіла перад школамі задачу, каб у кожнай школе на працягу гэтага года яны стварылі ваенна-патрыятычныя класы або клубы.

Уплываць на фармаванне асобы вучняў ён заклікаў не толькі праз «выхаваўчы патэнцыял» педагогаў, але і праз «шосты школьны дня», у рамках якога Іванец прапанаваў вучням не толькі наведваць музеі, але і сустракацца «з рознымі вядомымі людзьмі і з прадстаўнікамі органаў улады».

У снежні мінулага года Міністэрства абароны паведамляла, што па ўсёй краіне створаны ўжо дзясяткі ваенна-патрыятычных клубаў і класаў ваенна-патрыятычнага кірунку ў школах і гімназіях. Тады, на пачатак навучальнага года функцыянавала больш за паўсотні клубаў і больш за 80 профільных ваенна-патрыятычных класаў.

Таксама ўлетку для вучняў 10 і 11 класаў у Беларусі арганізуюць платныя вайскова-патрыятычныя летнікі і палявыя зборы, што праводзяцца ў межах навучальнага курсу дапрызыўнага рыхтавання. На занятках школьнікі вучацца абыходзіцца са зброяй, наведваюць сустрэчы з міліцыянтамі і вайскоўцамі.

Разбор
«Сістэма шукае тых, хто будзе бараніць Лукашэнку». Што не так з вайскова-патрыятычнымі летнікамі ў Беларусі?
2023.06.14 14:16

Нагадаем, нядаўна генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што ў беларускіх школах занадта вялікая праграма па вывучэнні англійскай мовы. Таксама былі раскрытыкаваныя школьныя падручнікі па англійскай мове.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў