«Праз ягоныя праекты праглядалася новая краіна і новая нацыя». Максім Жбанкоў – пра прысуд і справу Паўла Мажэйкі


26 ліпеня ў абласным судзе Горадні вынеслі прысуд гарадзенскаму журналісту і культурніцкаму менеджару Паўлу Мажэйку. Суддзя Максім Філатаў прысудзіў яму 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – амаль максімум, які магчымы па дадзеным артыкуле. Чаму рэжым хоча так жорстка пакараць Паўла?

Журналіст Павел Мажэйка на абвяшчэнні прысуду ў Гарадзенскім судзе. Горадня, Беларусь. 26 ліпеня 2023 года.
Фота: belta.by

«Для мяне тое, што адбываецца з боку ўлады вакол «справы» Паўла Мажэйкі – відавочная праява культурнага тэрору і пераследу за свабоду думкі і грамадзянскі актывізм. Палітычным выклікам для рэжыму апынуліся любоў да Радзімы, нефарматны крэатыў, шчырая беларускасць і самаадданае жаданне будаваць лепшую Беларусь. І гэта шмат што кажа і пра Паўла, і пра рэжым», – кажа ў каментары «Белсату» культурны аналітык і медыя-актывіст Максім Жбанкоў.

Павел заўсёды быў заўважнай фігурай у культурніцкай сферы не толькі роднай Горадні, але і Беларусі.

«Няшмат меў асабістых кантактаў з Паўлам, але для мяне відавочна, што ён быў і застаецца чалавекам-падзеяй, гіперактыўным энерджайзерам культурніцкага працэсу. Побач з ім немагчыма было заставацца абыякавым. Праз ягоныя праекты праглядалася новая краіна і новая нацыя. Беларусь як еўрапейскі выбар. Небяспечная справа ў рускацэнтрычнай дзяржаве. Недаравальная незалежнасць самавызначэння», – адзначае наш суразмоўца.

Беларускае ў Беларусі становіцца нагодай для пераследу, у тым ліку крымінальнага з вялікімі тэрмінамі, усё больш вынішчаецца сваё, усё больш Беларусь сціскаецца ў абдымках Расеі і расейскасці ва ўсім (культуры, адукацыі, гісторыі і г.д.). І прысуд Паўлу – чарговы жорсткі напамін аб гэтым.

«Рэжым ніколі не быў насамрэч беларускім. З савецкіх часоў ён захаваўся як каланіяльная адміністрацыя, правінцыяльны бюракратычны механізм з адзінай мэтай – самазахавацца праз сервільныя паслугі Маскве. І ўсё, што пагражала лаяльнай стабільнасці і адміністратыўнаму дабрабыту падлягала знішчэнню. Рэжым працуе не на народ, а на суседнюю дзяржаву. Адпаведна ўсё нацыянальнае выглядае штучным і другасным, больш за тое – працай «агентуры» варожага Захаду. Белкульт успрымаецца як варожы праект – і беларускасць робіцца крымінальна небяспечнай», – заўважае Максім Жбанкоў.

29 ліпеня адбудзецца вялікі марафон салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Што можа змяніць сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі?

«Сітуацыю з палітвязнямі, як я бачу, можа змяніць адзінае канец рэжыму. Бо ён даўно сам сабе адрэзаў усе шляхі да адкатаў ды манеўраў. Таму галоўная падтрымка палітвязняў – гэта ўсё ж наша штодзённая сумленная праца на сваіх пляцоўках, руплівая справа на карысць новай краіны ды новай нацыі. Праз нібыта дробныя справы – да зорак. Як гэта робіць Павел Мажэйка», – падкрэсліў наш суразмоўца.

Гісторыі
«У лістах ён намагаецца нас падтрымаць – і яны сапраўды дадаюць сілаў». У Горадні пачалі судзіць журналіста і грамадскага дзеяча Паўла Мажэйку
2023.07.10 15:17

Саша Гоман belsat.eu 

Стужка навінаў