Былая палітзняволеная Вольга Класкоўская: Беларуская пенітэнцыярная сістэма – гэта і ёсць ГУЛАГ, толькі мадэрнізаваны


Вольга Класкоўская стаіць пасярод вуліцы і здымае на камеру тэлефона, як амонаўцы затрымліваць людзей. Потым – выводзяць з аўтазаку цалкам скрываўленае дзіця. Вольга крычыць: «Што ж вы робіце?»… І прачынаецца. Пра сны, памяць і будучую кніжку размаўляем з жанчынай, якая правяла за кратамі 791 дзень, прайшла праз пяць СІЗА, амаль 5 месяцаў адбыла ў ШІЗА і ПКТ і якая дагэтуль прачынаецца паводле распарадку дня штрафнога ізалятару – а 5-й раніцы…

Вольга Класкоўская (у цэнтры) разам з былымі палітвязнямі Ганнай Баран і Іванам Андрушойцем у Швейцарыі. Вольга трымае ў руках здымак памерлага ў турме мастака і палітвязня Алеся Пушкіна. Фота для публікацыі перадала рэдакцыі Белсату Вольга Класкоўская.

Вольга Класкоўская: – Такі сон. Мне часта сняцца сны, што я ўдзельнічаю ў пратэстах, што мяне збіваюць і затрымліваюць. Што – расстрэльваюць… Сняцца аператыўнікі з гомельскай калоніі: яны прабіраюцца да мяне ў швейцарскую кватэру і спускаюць на мяне ваўкоў…

«Белсат»: – Сапраўдны кашмар. Але, кажуць, ваўкі ўва сне – добры знак. ШІЗА ні разу не прыснілася?

– Ты ведаеш, каб была ўва сне ў камеры – ні разу. Можа, падсвядомасць блакуе, не ведаю. А пратэсты сняцца. Што збіваюць мяне, расстрэльваюць ва ўпор. Што ўцякаю нейкімі лясамі, заскокваю ў нейкія цягнікі і гэтак далей.

«Не магу есці спакойна: заглынаю ўсё разам, даўлюся»

– А потым прачынаешся і што робіш? Ідзеш на кухню запарваць каву, не?

– Прачынаюся вельмі рана: а 5-й гадзіне. Заўжды ў гэты час. Чаму так рана? Гэта гадзіна пад’ёму ў ШІЗА і ПКТ, дзе я агулам правяла 5 месяцаў. У калоніі і СІЗА – падʼём а 6-й. Так, я прачынаюся і першае, што раблю, гэта кава. Чорная, моцная, без цукру. І цыгарэта. Пасля кавы – антыдэпрэсанты.

– Якія яшчэ звычкі прывезла адтуль? Не страшна дзяліцца цыгарэтамі з іншымі людзьмі?

– Ты пра правіла адчужэння-прысваення ў калоніі? Гэтага, на жаль, пакуль не пазбылася. Калі частую сяброў чым-небудзь ці аддаю падарунак, яно падсвядома спрацоўвае: толькі б ніхто не бачыў! Азіраюся. Не выкараніла пакуль.

Звычкі? Я толькі нядаўна пачала адчуваць смак ежы. Мяне вельмі чакала сямʼя, і маці клапатліва забіла ўсю лядоўню рознымі прысмакамі. І я так марыла пра пэўныя смачныя рэчы. А калі нарэшце атрымала іх – не магла гэта есці. Не адчувала смаку. Толькі нядаўна, тут ужо, у Швейцарыі, пачала адчуваць.

Але дагэтуль не магу зʼесці спакойна: заглынаю ўсё зараз, даўлюся. Хоць ужо ніхто мяне не падганяе і няма куды ляцець – атрымлівай сабе асалоду. Але ж не. Як удаў, заглынаю, даўлюся. З сябрамі размаўляла, яны кажуць, што ў іх тое самае.

Яшчэ я часта хаджу па пакоі. З кута ў кут. Як хадзіла ў ШІЗА і ПКТ. Мяне гэта супакойвае. Хоць часам, бывае, без дай прычыны, пачынаюць ціснуць сцены. Калі доўга знаходжуся ў пакоі. Флэшбэкі з зачыненай камеры. Тады адразу выскокваю з кватэры на вольнае паветра.

Былая палітзняволеная Вольга Класкоўская цяпер у бяспецы. Швейцарыя.
Фота: з асабістага архіву

Што яшчэ? Не магу, калі нехта за спінай знаходзіцца. Калі хтосьці ідзе за мной на невялікай адлегласці. Я тады спыняюся і прапускаю чалавека. Бо адчуваю небяспеку.

Спачатку, ужо ў Швейцарыі, не магла выносіць гук сірэны, а тут яна вельмі гучная. Паліцыя, хуткая дапамога. Першы раз калі пачула – сарвалася з месца і пабегла. Ага, пачала ўцякаць. Зараз гэта прайшло. Але калі бусікі з зацемненым шклом праязджаюць міма – халодная хваля па спіне…

«Каб людзі ведалі, каб свет ведаў»

– А татуіроўкі? Ты абяцала кіраўніку УДВП Гомельскай вобласці Андрэю Шабулдаеву зрабіць сабе па вызваленні тату на пальцах: «ЛОРД» («Легавым отомстят родные дети»). Гэта быў жарт ці…

– Жарт, канечне. Не набіла пакуль (смяецца). Я іх пастаянна троліла, людзей у пагонах. І атрымлівала ад гэтага маральную асалоду. Падабалася садзіць іх у лужыну, назіраць за іх рэакцыяй, калі яны разгубленыя, гэтыя грозныя дзядзькі – маёры і падпалкоўнікі.

Вельмі культурна троліла – гэта не выклікала ў іх варожасці. І такім чынам бараніла сваю псіхіку ад той рэчаіснасці. Плюс – падтрымлівала маіх паплечнікаў, палітвязняў, уздымаючы ім настрой. Гэта, проста кажучы, дапамагала не зʼехаць з глузду.

– Сваім тролінгам, пра які распавядаеш ва ўспамінах, дапамагаеш цяпер не зварʼяцець і беларусам-эмігрантам. Некаторыя месцы я не мог чытаць без смеху. Але патлумач, калі ласка, як працуе твая памяць, калі ты пішаш? Апублікавала ўжо 14 раздзелаў кнігі, але будуеш яе не па храналогіі. Пачынаеш з берасцейскага СІЗА і расповедам пра Сандру – грамадзянку Ганы.

– Калі яшчэ знаходзілася за кратамі, я ўсведамляла, што буду апісваць увесь гэты пакутны досвед. Фактуры назбіралася багата. І дэталяў, і сведчанняў. Адседзела амаль два з паловай года, і шмат дзе – у пяці розных СІЗА, у гомельскай калоніі. Вельмі шмат было сустрэчаў з палітвязнямі, розных сітуацыяў. І яны вельмі прасілі, каб, калі я выйду на волю, абавязкова агучыла ўвесь гэты досвед. Каб людзі ведалі, каб свет ведаў. «Мы не можам самі зараз гаварыць – стань нашым голасам», – казалі. Калі апынулася ў бяспецы, падумала, што найлепшай формай успамінаў будзе менавіта дзённік.

Гісторыі
«Жанчыны пачыналі забываць свае імёны». Былая палітзняволеная – пра катаванні ў жодзінскім «выхаваўчым каранціне»
2023.07.21 08:00

Чаму не ў храналагічным парадку? Таму што ўспаміны самі па сабе – не ў храналагічным парадку. Прыходзяць абрыўкамі, эпізодамі, не па парадку. Я дагэтуль не магу зразумець, як гэта працуе. Проста настройваюся на хвалю, зноў усё перажываю, вяртаюся ў тыя сцены і ў тыя сітуацыі. І неяк аўтаматычна падсвядомасць пачынае мне падсоўваць розныя фрагменты і моманты, што яна зафіксавала і палічыла, мабыць, найбольш вартымі і важнымі для памяці. Такі працэс.

– Тую Сандру з Ганы ўжо спрабавала шукаць? Бо пішаш, што яе дэпартавалі потым на яе радзіму.

– Зараз якраз гэтым займаюся. Большасць сваіх нататак вынесці з калоніі я не змагла. Шмат што аператыўнікі знішчылі, у тым ліку кантакты людзей. І зараз я спрабую рознымі шляхамі знайсці тую дзяўчыну. Вельмі хачу! Тым больш, я ёй абяцала, што абавязкова прыеду да яе ў Гану.

«Не кажу пра нейкі самасуд»

– Цікава. У дзённіку ты называеш імёны не толькі начальнікаў розных СІЗА і калоніі, але і прозвішчы звычайных вертухаяў, таго ж Кузняцова (Джасава) ды іншых. Гэта з памяці ці з вынесеных нататак?

– Гэта памяць. Тыя моманты былі настолькі балючыя, столькі пакутаў гэтыя служкі ўчынялі іншым палітвязням, што іхныя прозвішчы забыць нельга. Усё ў памяці: іх імёны, абліччы, учынкі і словы. Я лічу, што гэта мой маральны абавязак – напісаць дзённік і распавесці пра злачынствы, у тым ліку – канкрэтных асобаў, назваць іх прозвішчы.

Женская исправительная колония №4 в Гомеле
Гомельская жаночая папраўчая калонія №4. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Я перакананая і ў тым, што тыя, хто запэцкаўся ў рэпрэсіях, хто чыніў злачынствы супраць людзей – абавязкова мусяць за гэта адказаць. Не кажу пра нейкі самасуд ні ў якім разе. Але ў дэмакратычнай Беларусі за ўсе гэтыя эпізоды здзекаў і катаванняў людзі ў пагонах мусяць панесці адказнасць па законе.

– Ну і «лягавым адпомсцяць родныя дзеці» (смяемся). У калоніі, тым не менш, нешта запісвала?

– Запісвала і ў СІЗА, тэзісна, штосьці шыфравала. Запісвала і ў калоніі. Але нічога не вынесла. Перад тым як вызвалялася, усе паперы змусілі здаць у аператыўную частку. Штосьці я, разумеючы, што гэта не мусіць ім трапіць у рукі, знішчыла сама. А запісы, якія былі зашыфраваныя ці ў выглядзе тэзісаў, усё роўна мне не вярнулі. Як і частку карэспандэнцыі. Забралі ліст ад Змітра Дашкевіча, які напісаў мне, калі яшчэ быў на волі. Толькі канверт вярнулі. Лісты ад іншых людзей. Вельмі шмат чаго забралі і знішчылі.

«Нават абследаванне прамой кішкі праводзілі праз кармушку»

– На адной сустрэчы ў Варшаве акторка Дарʼя Новік, чытаючы твае ўспаміны, расплакалася. Гэта была сцэна з уколамі, якія табе рабілі праз кармушку. І не толькі яна плакала…

– Так, гэта было, Зміцер. І неаднойчы. Было, што ў мяне адкрыўся іншы крывацёк – з прамой кішкі, і я тады ў ШІЗА знаходзілася. Я паклікала лекарку праз гэтых вертухаяў. Прыйшла доктарка Марыя Чарняўская, так яе зваць. І сказала, што таксама не будзе заходзіць да мяне ў камеру, бо я небяспечная. І даруй за натуралістычныя дэталі, але, думаю, не адна я праз гэта праходжу.

Рэпартаж
«Акрываўленая, лезеш у кармушку». У Варшаве агучылі гісторыі катаванняў у турмах Беларусі
2023.06.27 23:25

Дык вось: нават абследаванне прамой кішкі яна мне праводзіла праз кармушку. Пад відэакамерамі і відэарэгістратарамі.

А ты – аголены, без майткоў. І ў такой позе… А там двое дзвярэй, дзве кармушкі – адна закратаваная, адна звычайная.

Трэба сагнуцца і ў такой зневажальнай позе ты, дарослы чалавек, жанчына, такім чынам сябе падстаўляеш для медычнага агляду і аказання медычнай дапамогі. Гэта кашмар. Катаванне…

– За кратамі ты перачытала «ГУЛАГ» Салжаніцына і адзначаеш у дзённіку: «Я зразумела, што нам яшчэ пашанцавала». Як думаеш, ці далёка нашая сістэма да гулагаўскай?

– Зусім блізка. Я б сказала, беларуская пенітэнцыярная сістэма – гэта і ёсць ужо ГУЛАГ, толькі мадэрнізаваны. Ну можа баракі троху інакш выглядаюць. І кветкі растуць у той жа гомельскай калоніі – для паказухі.

Ну і тое што нас, палітвязняў, пакуль не расстрэльваюць. Гэта адзінае адрозненне. А так, па духу, гэта абсалютны ГУЛАГ. Варункі, метады, катаванні – усё адпавядае лагерам тых часоў.

Першае, на што звярнула ўвагу, калі мы з Наталляй Хершэ прыехалі ў калонію і мяне прывялі ў аператыўку, – амаль на ўсю сцяну партрэт Дзяржынскага. А пазыўныя ў рацыях супрацоўнікаў былі «Лубянка». І я адразу зразумела, што гэта не выпадковыя дэталі, а яскравае сведчанне пра норавы, каштоўнасці і погляды тых людзей, якія там працуюць. Пазней я ў гэтым цалкам пераканалася на ўласнай скуры.

Яны – фашысты па сваім мысленні, якія выконваюць усе запаветы свайго ідэйнага натхняльніка – Фелікса Дзяржынскага. І атрымліваюць з гэтага асалоду. Яны – большасць з іх! – лічаць, што выконваюць высакародную місію, змагаючыся з «ворагамі народу». Насамрэч такімі нас лічаць. Той жа начальнік калоніі Талсцянкоў у адкрытую нас называў ворагамі народу. Больш за тое, я перакананая: калі б у іх была магчымасць і паўнамоцтвы нас расстрэльваць – рабілі б гэта з вялікай асалодай.

«Кожную секунду ўсведамляеш, што можаш згубіць жыццё»

– Але смерць там і так ходзіць побач з кожным?

– Дакладна так. Кожны палітвязень вымушаны балансаваць паміж жыццём і смерцю ў кожную хвіліну перабывання там. Ты знясілены, у страшных пякельных варунках, ты пачынаеш хварэць, дагрукацца да лекара амаль немагчыма, а з цябе яшчэ здзекуюцца праз гэта.

Няма магчымасці аднаўляцца, лекавацца, спаць, адпачываць, увесь час працуеш. Зграбаеш гэты снег, які мы насілі торбамі, палівалі кіпнем лёд, каб растаў, а потым зграбалі лужыны ў вёдры і насілі. Нон-стоп, не маеш нават магчымасці схадзіць у прыбіральню, у якой 4 унітазы на сто чалавек. Таму нядзіўна што арганізм дае збоі. І гэты прэсінг. ШІЗА і ПКТ – увогуле катоўня. І кожную секунду ты ўсведамляеш, што можаш не вытрымаць і згубіць жыццё. Гэта страшна.

– Не прыходзілі думкі пакончыць з жыццём?

– Калі шчыра, былі. Мабыць, пра гэта нікому не казала. Ад вялікай-вялікай стомы, калі ты ўжо проста не можаш узняцца са шконкі. У мяне яшчэ, праз частае знаходжанне ў ШІЗА, пачаліся праблемы з нагамі. Зараз чакаю аперацыю, трэба выразаць вены, бо яны не функцыянуюць.

Часамі стаяла на праверцы, якая магла цягнуцца і паўгадзіны – пад дажджом, снегам, няважна – і адчувала, што ўжо не можаш стаяць, зараз рухнеш. Ці ты настолькі аслабленая ад крывацёкаў, што не можаш узняцца са шконкі. І тады былі думкі, каб скончыць усё раз і назаўсёды, а не пераходзіць праз гэтае пекла. Былі. І дзякуй богу, што да нейкіх канкрэтных планаў не дайшло.

– Ты згадала пра Наталлю Хершэ. Зараз вы з ёй у адной краіне. Бачыцеся? Як яна?

– Так, сустракаемся. Наташа Хершэ яшчэ праходзіць свой курс аднаўлення. Даволі паспяхова, але шмат якія рэчы, звязаныя з досведам знаходжання за кратамі, не скончаныя. Маю на ўвазе ПТСР. Яна аднаўляецца. І зараз яшчэ да мяне прыехалі двое маіх сяброў, я іх сюды перацягнула. Гэта Ганна Баран, мая сяброўка, адзіная жанчына, асуджаная за «берасцейскія карагоды» да калоніі. І Іван Андрушойць, які сядзеў за ўзлом камп’ютарнай сістэмы Менгарвыканкаму. Ён таксама зараз тут, у бяспецы.

Першае наведванне цырульніка пасля вызвалення з гомельскай жаночай калоніі. Былая палітзняволеная Вольга Класкоўская.
Фота: з асабістага архіву

Над палітвязнямі, якія вызваляюцца, пастаянна вісіць дамоклаў меч. Ганну па вызваленні 21 раз за месяц выклікалі ў міліцыю. Такія людзі не патрэбныя рэжыму на волі. Я лічу, што палітвязні павінны аднаўляцца, бо кожны выходзіць са скалечаным здароўем і псіхікай, ім, як паветра, патрэбная перадышка і рэабілітацыя. І – у бяспечнай краіне.

Калі гаворка пра далейшую грамадска-палітычную дзейнасць ці дапамогу іншым рэпрэсаваным – чалавек нашмат больш зробіць тут, у бяспецы і на волі, чым у Беларусі, дзе зноў можа апынуцца за кратамі.

Вы заклятыя, «сілавікі»!

– Палітвязні, якія пакуль у няволі, прасілі цябе паведаміць людзям у пагонах, што яны носяць загавораную, заклятую вамі форму. Давай, скажы ім пра гэта зараз яшчэ раз.

– Так, уся форма, якая шыецца палітвязнямі ў гомельскай калоніі, – загавораная. Скрозь пакрытая заклёнамі. Кожная дэталь і кожнае шво, кожная кішэня. Палітзняволеныя жанчыны, калі шыюць, прыгаворваюць: «Жыве Беларусь!», «Жыве Беларусь!»… Ці так: «Ты будзеш добрым міліцыянтам, амапаўцам. Як апранеш гэтую форму, спазнаеш зрух у свядомасці. І больш не будзеш падтрымліваць гэты крывавы рэжым, ніколі не ўздымеш руку на народ, не будзеш біць людзей і пяройдзеш на бок народу і праўды. І так яно цяпер будзе!»

І не смейся, гэта не жарт! Гэта жаночая магія! А гэта моцная рэч! Мы ўвесь час так рабілі. Вы заклятыя, «сілавікі»!

– У апошнім апублікаваным раздзеле ты пішаш, што асноўная задача палітвязня – выжыць. Дзякуючы чаму ўдалося выжыць табе асабіста?

– Мае сваякі па бацькоўскай лініі былі рэпрэсаваныя падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Прадзед Вацлаў Класкоўскі 20 гадоў правёў у лагерах за антысавецкую агітацыю. А ягоны брат быў расстраляны як «інфарматар польскага генштабу». Гэты супраціў – у генах. Цвёрдасць і непрыманне сістэмы – таксама. І калі мне было асабліва цяжка, я згадвала пра іх і разумела, што ім было яшчэ цяжэй, яшчэ больш страшна. І я, іх нашчадак, не маю права іх падвесці. Гэта было б як растоптванне іх памяці і абясцэньванне іх пакутаў, калі я зламаюся. І гэта вельмі трымала мяне, калі я пра іх думала.

І вельмі дапамагала салідарнасць. Вялікая падтрымка ішла ад сямʼі, ад бацькоў, перад якімі кланяюся зараз.

Вольга Класкоўская пасля вызвалення з гомельскай калоніі першы раз абдымае сваю маці.
Фота: з асабістага архіву

Ад іншых людзей, сяброў, незнаёмых – гэта вельмі і вельмі трымала, надавала моцы. Нават калі лісты не аддавалі, калі турэмнікі пераконвалі нас, што мы нікому не патрэбныя і што пра нас усе забыліся, што мы гарматнае мяса, – я ніколі ў гэта не верыла. І звесткі пра тое, што пра нас не забыліся і за нас змагаюцца, нейкім чынам усё адно даходзілі. Мы ўсё роўна гэтую падтрымку адчувалі. Пераацаніць яе немагчыма.

І я заўсёды верыла, што мяне чакаюць. Вельмі. Мая сямʼя, мае аднадумцы. І таму не маю права зламацца. Мушу выйсці жывой і здаровай.

Не маю права зламацца таму, што іншыя палітвязні глядзелі на мяне і прызнаваліся, што мае паводзіны даюць ім сілы, натхняюць іх. І нават калі было вельмі цяжка, я гэта не паказвала іншым палітвязням.

Адчувала, што гэта таксама мой маральны абавязак – натхняць сваім прыкладам іншых. Нягледзячы ні на што, верыла, – і зараз веру! – што абавязкова дабро пераможа зло, што ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя перамены, што гэтаму цемрашальству прыйдзе канец і што наш абавязак – дажыць да гэтага дня.

Кніга выйдзе ў кастрычніку

– Колькі будзе раздзелаў і калі чакаць выхад кнігі?

– Будзе, як мінімум, 20 частак. І кніга ўжо ў працэсе. Я атрымала прапанову ад рэдактаркі «Новага часу» Аксаны Колб. На яе думку, выдаць мае дзённікі і ў выглядзе кнігі – гэта добрая ідэя. І мы ўжо над гэтым працуем. Папярэдне магу сказаць, што выхад кнігі плануецца на кастрычнік 2023 года. Кніга будзе перакладзеная на некалькі моваў.

– Ці маеш такія ўспаміны, якія немагчыма выкласці на паперу, якія падсвядомасць блакуе?

– Не. Каб падсвядомасць блакавала – не. Але каб розум – ёсць такія. Ёсць рэчы, пра якія я пакуль што не маю права казаць публічна. Але будзе потым пра што з табой пагаварыць.

– Дзякуй вялікі за размову!

Гісторыі
«Палітвязынка» стварае каралі з закадаваным на «марзянцы» воклічам «Жыве Беларусь!»
2023.07.22 10:42

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў