«Аддаў жыццё як сапраўдны герой, у баю». У Кіеве развіталіся з загінулым у Бахмуце Міраславам Лазоўскім


У сталіцы Украіны адбылося развітанне з загінулым у Бахмуце беларускім ваяром палка Каліноўскага. 17 траўня загінулі пяцёра байцоў, сярод іх адзін з лідараў палка і заснавальнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі.

Камандзір палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным Кіт развітваецца з загінулым ваяром Міраславам Лазоўскім у Кіеве, Украіна. 26 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

Каля тысячы чалавек прыйшлі развітацца ў Кіеве з загінулым байцом палка Кастуся Каліноўскага Міраславам Лазоўскім. 17 траўня група беларусаў трапіла пад расейскі артылерыйскі абстрэл – будынак, у якім былі добраахвотнікі, абваліўся.

Перад прысутнымі выступілі камандзір палка Дзяніс (Кіт) Прохараў, камандзір батальёна «Волат» Ян (Беларус) Мельнікаў, каліноўцы Дзяніс (Ваўкалак) Урабновіч, Аляксандр (Кусь) Клачко, старшыня рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская, лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк.

Байцы палка Кастуся Каліноўскага на развітанні з загінулым пабрацімам.
Фота: Белсат
Узнагароды Міраслава Лазоўскага ў руках удзельніка ганаровай варты ЗСУ. Злева – узнагарода ад ГУР МА Украіны, справа – «Малая Пагоня», узнагарода ад Рады БНР.
Фота: Белсат

У палку Каліноўскага падчас развітання з Міраславам Лазоўскім падкрэслілі, што жыццё чалавека ўнікальнае, непаўторнае і ад гэтага мае вялікую каштоўнасць. Міраслаў змагаўся за свае ідэалы не толькі словамі, але і справай.

«Ён быў беларускім грамадска-палітычным дзеячам, кнігавыдаўцом, адным з лідараў «Белага легіёну» і адным з найпрафесійнейшых баявых камандзіраў палка Каліноўскага. Ён аддаў сваё жыццё, каб наступнае пакаленне не жыло ў рабстве. Бо рабства – гэта найгоршае прыніжэнне для вольнага чалавека. Міраслаў змагаўся з гэтым злом да канца свайго жыцця! І загінуў Міраслаў як сапраўдны герой, у баю, прыкрываючы адыход параненых пабрацімаў. Ён памёр вольным, выбіраючы сам, а не па загадзе страху ці страсці. Нават страх смерці не можа змяніць дзеянняў вольнага чалавека, бо ён вольны ад улады страху. Ён вышэйшы за страх. Ён гаспадар страху, а не яго парабак», – гаворыцца ў заяве палка.

Заснавальніку «Белага легіёну» Міраславу Лазоўскаму было 49 гадоў. Ён нарадзінец Менску. У 1995 годзе ўступіў у Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў. Быў адным са стваральнікаў «Белага легіёну» – ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі.

Ганаровая варта ЗСУ. У руках ўдзельнікаў варты – партрэт загінулага Міраслава Лазоўскага і дзяржаўны сцяг Украіны.
Фота: Белсат
Былая жонка Міраслава Лазоўскага на развітанні з ім. У ейных руках флагі Украіны і Беларусі. Іх ёй уручыў прадстаўнік ганаровай варты ЗСУ.
Фота: Белсат

Пасля пратэстаў 2020 года Міраслаў Лазоўскі пераехаў ва Украіну. З 24 лютага, калі Расея ўварвалася ва Украіну, далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў, свайго ўдзелу ў баявых дзеяннях не афішаваў.

Баец палка Каліноўскага развітваецца з загінулым пабрацімам.
Фота: Белсат
Труна загінулага беларуса Міраслава Лазоўскага.
Фота: Белсат

У 2016 годзе Міраслаў Лазоўскі быў госцем праграмы «Белсату» «Размова Мацкевіча». Ён казаў, што беларусам варта рыхтавацца да вайны з Расеяй.

«Кожны, хто лічыць сябе патрыётам, павінен адказаць для сябе на пытанне: «Ці гатовы я ў выпадку чаго зʼявіцца ў ваенкамат і стаць у шыхт не проста кавалкам мяса, а больш-менш падрыхтаваным байцом?» –  казаў грамадскі актывіст, адзін са стваральнікаў «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі.

Hавiны
«Зусім трохі не дайшоў». На вайне ва Украіне загінуў заснавальнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі
2023.05.26 15:38

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў