Улад Кобец: Мы маем шанец выцягнуць Беларусь з вайны і спыніць яе


Функцыянуе памылковая канцэпцыя, што Беларусь трэба вызваляць пасля вайны Расеі супраць Украіны. Кожны дыктатар мусіць разумець, што ў адну ноч да яго прыляціць тамагаўк, – мяркуе Улад Кобец, выканаўчы дырэктар iSANS – Міжнароднай сеткі стратэгічных дзеянняў у пытаннях бяспекі. Падрабязней – у другой частцы інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Уладам Кобецам.

Першая частка інтэрв’ю з Уладам Кобецам.

Сяргей Пеляса: Без вольнай Беларусі не будзе вольнай Украіны і бяспечнай Еўропы. Такую думку прасоўвае Святлана Ціханоўская на сваіх міжнародных сустрэчах. Ці палітыкі на Захадзе, з якімі ты кантактуеш, разумеюць гэта так, як мы? Што трэба вярнуць у Беларусь дэмакратыю, толькі тады Еўропа можа спаць адносна спакойна.

Улад Кобец: Абсалютна справядліва кажа Святлана Ціханоўская. Гэта зразумелыя рэчы. Без вольнай Беларусі немагчымая бяспека ў рэгіёне і ва ўсім еўраатлантычным кангламераце. Ёсць цікавы дыскурс. Дыктатары ненавідзяць дэмакратыі. Святлана Ціханоўская трапна адказвала: не, яны не ненавідзяць, яны не паважаюць дэмакратыі праз слабасць. Яны бачаць слабасць у выбарчых цыклах, вераць, што праз сілу можна навязаць свае пазіцыі, што Еўропа праглыне гвалт, а мы вас усё роўна купім, бо ёсць газ і нафта, грошы, за якія карумпуем нашыя эліты. Гэта яшчэ адзін урок для дэмакратыі. Момант, каб перайсці на новы эвалюцыйны ўзровень, зразумець, што дабро мусіць быць з кулакамі. Я заўсёды казаў, што кожны дыктатар, дзе б ён ні жыў, калі ён займаецца рэпрэсіямі і нішчыць народ, мусіць разумець, што ў адну ноч да яго прыляціць тамагаўк. Іначай гэта не працуе.

Я думаю, Лукашэнка – з тых дыктатараў, якія рэальна баяцца, што ў рэзідэнцыю можа прыляцець тамагаўк. Ён памятае пра лёс сваіх сябручкоў – Кадафі, Садама Хусэйна, Мілошэвіча. Можа, наўпрост ім не прыляцела ракета, але сэнс такі, што ім прыляцела. Ён рэальна гэтага баіцца.

Тыя дыктары, якіх мы ведалі, усе былі людзьмі баязлівымі. Толькі слабы, баязлівы чалавек можа ствараць вакол сябе кола халуёў, якія займаюцца тэрорам свайго народу. Моцны палітык не баіцца выбараў, дыскусіі. Слабы чалавек спрабуе кампенсаваць сваю слабасць асабістую машынай рэпрэсіяў. Ён атрымлівае асалоду ад пакутаў іншых. Мы бачым, што ў Расеі быў забіты Навальны, а ў нас праз дзень памёр чарговы палітвязень Ігар Леднік. Гэты чалавек быў вельмі адкрыты і шчыры і нікому не пагражаў. Менавіта такіх людзей знішчае [дыктатар] і атрымлівае асалоду. Ці заходні свет павінен гэта цярпець? У Беларусі ў 2020 годзе народ ясна выказаўся. У беларускім грамадстве ёсць кансэнсус непрыняцця ўдзелу ў вайне, прыняцця незалежнага статусу Беларусі. Толькі 4 % апытаных выступілі за ўваход Беларусі ў склад Расеі, паводле нашых сацыялагічных даследаванняў. Беларусы хочуць жыць мірна з усімі. Але пра што размаўлялася ў кулуарах Мюнхенскай канферэнцыі? Што вялікая вайна магчымая. І яна немагчымая не з тэрыторыі Беларусі. Тут я падкрэсліваю для беларусаў, што Беларусь уцягваецца двума дыктатарамі ў крывавую бойню. І гэта яшчэ сёння можна спыніць.

Гісторыі
Нават не пад санкцыямі. Што за суддзя Шоцік, якая асудзіла на смерць актывіста Ледніка
2024.02.26 07:00

Часта ў нашай гісторыі здаралася так, што войны вялікіх дзяржаваў давалі шанец беларусам на вызваленне. Так было падчас вялікай вайны паміж Францыяй і Расеяй больш за дзвесце гадоў назад. Так было падчас Першай сусветнай вайны, у выніку якой распалася Расейская імперыя і паўстала БНР, а потым БССР. Падобны шанец быў, парадаксальна, падчас Другой сусветнай вайны, а нават і пасля на яе спадзяваліся. Ці такая вайна, да якой Пуцін ідзе, вайна Расеі супраць NATO, можа быць патэнцыйна для нас шанцам на вызваленне ад Расейскай імперыі?

Я б ніколі не хацеў такога шанцу. Калі мы ўзгадаем Другую сусветную вайну, кожны трэці беларус быў знішчаны. Мая сям’я страціла большую палову крэўных. Мы ўжо маем незалежнасць. Нашыя папярэднія пакаленні беларусаў здабылі гэта разам. Мы сёння яшчэ маем шанец выратаваць краіну і рэгіён, паўстрымаць гэтую вайну. Трэба прымаць ясныя жорсткія рашэнні. Беларусь павінна быць выцягнутая з гэтай вайны. Святлана Ціханоўская як абраны прэзідэнт павінна свой статус замацаваць. Розніца паміж расейскімі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі – у нас ёсць паралельная ўлада, якая мае легітымнасць ад народу. Гэта дае надзею, што Беларусь у сваіх межах можа аднавіцца як незалежная дзяржава без чужых гісторыяў. Паводле розных ацэнак, ёсць яшчэ год, два, тры – і трэба думаць, як гэты час выкарыстаць. Мы сёння маем шанец выцягнуць Беларусь з вайны і спыніць вайну ва Украіне.

Інтэрв’ю
«Трэба ўсвядоміць: вайна ва Украіне – нашая вайна». Чаму на фронце ўсё менш беларускіх добраахвотнікаў?
2024.02.25 07:00

Шанец вызваліць Беларусь ад Лукашэнкі, расейскіх уплываў, вярнуць дэмакратыю, дзяржаву, права з’явіцца пасля перамогі Украіны. Гэты тэзіс распаўсюджваецца апошнія два гады. Нават падаецца, што ён слушны. Ці не хаваецца тут памылка, што давайце чакаць, нічога не рабіць, пакуль Украіна не пераможа? Такім чынам можна ніколі не дачакацца вольнай Беларусі.

Мы чулі ўвесь час такую думку. Яна памылковая і шкодная. Па-першае, яна дае магчымасць людзям, якія нічога не хочуць рабіць, калі мы кажам пра чыноўнікаў і палітыкаў, на яе абапірацца. Што вы хочаце, у Беларусі нічога не магчыма. Беларусь з’яўляецца важным звяном у расейскай агрэсіі. Яе прамысловы патэнцыял, тэрыторыя, зброя, якая перадавалася і перадаецца Расеі, навучальныя палігоны. Выцягванне Беларусі з гэтай вайны ёсць важным чыннікам спынення вайны ва Украіне. Калі ідзе дыскусія пра 60 мільярдаў амерыканскай дапамогі на зброю, хто ацаніў патэнцыял няўдзелу Беларусі ў гэтай вайне? Думаю, гэта нашмат больш. Нам важна захавацца як нацыя, незалежная краіна, донар бяспекі ў рэгіёне. Беларусь геапалітычна і геаграфічна знаходзіцца ў вельмі выгадным становішчы.

Прычыны беднасці Беларусі простыя – гэта абкраданне нас Расейскай імперыяй і Лукашэнкам. Не можа працавіты народ жыць бедна. Найчасцей дыктатуры, аўтарытарныя рэжымы даводзяць да беднасці сваё насельніцтва, і Беларусь не выключэнне.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» ад 23.02.24

belsat.eu

Стужка навінаў