Продаж беларускіх ноўтбукаў у «Galleria Minsk» прыпынілі праз тры дні


Беларускія ноўтбукі «H-book MAK4» прыбралі з продажу праз тры дні пасля пачатку, паведамляе «Sputnik Беларусь». Іх прадавалі ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Galleria Minsk».

Беларускі ноўтбук. Крыніца: Sputnik Беларусь

«Пункт продажу з’ехаў. У нас іх дакладна ўжо не будзе. Астатняга не ведаем», – патлумачылі ў інфацэнтры «Galleria Minsk».

У іншых крамах з электратэхнікай айчынны ноўтбук так і не з’явіўся, як і ў інтэрнэт-крамах. На сайце заводу «Гарызонт», дзе вырабілі камп’ютар, яго таксама няма.

Старт продажаў беларускага ноўтбука ад «Гарызонту» пачаўся 22 снежня. На адкрыцці прысутнічала прадстаўніца Менскага гарвыканкаму Надзея Лазаравіч, якая расказвала, што беларускія ноўтбукі паступілі ў продаж на другі дзень пасля пачатку масавай вытворчасці.

«Першы беларускі ноўтбук выходзіць на рынак у мадэлі «H-book MAK4». Гэта айчынная распрацоўка, створаная на аснове перадавога досведу і тэхналогіяў. Гэта сучасны камп’ютар, які сваёй якасцю і прадукцыйнасцю параўнальны са знакамітымі брэндамі. Апаратная аснова «H-book MAK4» распрацаваная на працэсарах «Intel Core» 11-га пакалення, якія забяспечваюць паказнікі бесперабойнай працы і высокай прадукцыйнасці як ва ўмовах офіснай і хатняй працы, так і пры выкананні задачаў высокай сістэмнай нагрузкі, захоўваючы пры гэтым выключную аўтаномнасць», – распавядаў генеральны дырэктар «Гарызонту» Юрый Прадко.

У верасні на адкрытай лекцыі з навучэнцамі беларускі ноўтбук паказаў Аляксандр Лукашэнка. Паведамлялася, што ў ім 30–35 % кампанентаў беларускай вытворчасці. Тады Лукашэнка абяцаў цану на беларускія ноўтбукі ад 1300 рублёў, аднак потым кошт павялічылі да 1599 рублёў.

Таксама паведамлялі, што ў 2023 годзе плануюць выпусціць каля 80 мадэляў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў