Кароль Вялікай Брытаніі Чарлз III прызначыў 42-гадовага Рышы Сунака новым прэм’ер-міністрам. Цяпер яму даручана сфармаваць новы ўрад. Сунак – ужо трэці прэмʼер-міністр сёлета і адзін з самых маладых прэмʼераў за ўсю гісторыю.
Рышы Сунак пасля сустрэчы з каралём Чарлзам III выступіў з першаю прамоваю на пасадзе прэм’ера. Сунак заявіў, што Вялікая Брытанія сутыкнулася з наймацнейшым эканамічным крызісам, выкліканым наступствамі пандэміі каронавіруса і вайны ва Украіне, і падкрэсліў, што яго абралі лідарам Кансерватыўнай партыі ды прэм’ер-міністрам, каб выправіць некаторыя памылкі, дапушчаныя ягонаю папярэдніцай. Сунак абяцаў пачаць працу неадкладна:
«Я аб’яднаю краіну не словамі, а справамі. Я буду працаваць з дня ў дзень, каб апраўдаць ваш давер. Мой урад будзе сумленны, прафесійны і гатовы несці адказнасць за свае дзеянні. Давер неабходна заваяваць, і я заваюю ваш давер».
Таксама новы прэм’ер-міністр, як і іншыя папярэднікі, паабяцаў «моцную дзяржаўную сістэму аховы здароўя, лепшыя школы, больш бяспечныя вуліцы, кантроль над межамі, абарону навакольнага асяроддзя, падтрыманне ўзброеных сілаў і павышэнне ўзроўню жыцця».
Былы прэмʼер Борыс Джонсан павіншаваў Сунака з уступленнем на пасаду і нагадаў аднапартыйцам, што цяпер важна ўсебакова і шчыра падтрымаць новага прэмʼер-міністра. Аднак апазіцыя патрабуе новых выбараў і крытыкуе выбар Сунака: у звычайных брытанцаў не было магчымасці прагаласаваць. Таксама апазіцыя звязвае Сунака з крызісам, што адбыўся ў час, калі ён быў міністрам фінансаў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама павіншаваў новага прэм’ера Брытаніі: «Я зычу вам паспяхова пераадолець усе складанасці, з якімі сёння сутыкнулася брытанскае грамадства і ўвесь свет. Я гатовы працягваць разам умацоўваць брытанска-ўкраінскае стратэгічнае партнёрства».
Сёлета ў ліпені Борыс Джонсан абвясціў, што пакідае пасаду прэм’ера Брытаніі праз нязгоду сябраў Кабінету міністраў з ягонаю палітыкай. У верасні на пасаду абралі Ліз Трас, аднак яна адпрацавала 45 дзён і пайшла ў адстаўку праз план эканамічнага развіцця, які пагоршыў сітуацыю на фінансавым рынку.
Алена Рувіна belsat.eu