Кантрабандысты згубілі страх: у Літве злавілі чарговы мільён цыгарэтаў з Беларусі


Мытнікі Літвы выявілі чарговую буйную партыю кантрабандных цыгарэтаў на мяжы з Беларуссю: 20 жніўня на пункце пропуску «Райгардас» (ад якога па беларускі бок «Прывалка») затрымалі машыну з амаль мільёнам пачак кантрабандных цыгарэт.

Грузавік з кантрабанднымі цыгарэтамі
Грузавік з кантрабанднымі цыгарэтамі. Райгардас, Літва. 20 жніўня 2023 года.
Фота: Lrmuitine.lt

Грамадзянін Беларусі, якога даглядалі мытнікі, заявіў, што вязе ў грузавіку поліэфірнае валакно. Але машыну праверылі рэнтгенам, пабачылі падазроную карцінку – за некалькімі пакункамі валакна мытнікі знайшлі каробкі з цыгарэтамі беларускай вытворчасці – 967 тысяч пачак «Minsk», «NZ», «Queen», «Dove», «Fest» і іншыя. Кантрабанду ацанілі ў 3,99 млн еўра.

Кіроўцу грузавіка «Daf» затрымалі на два дні, але адпусцілі пад заклад у 15 тысяч еўра. Адносна яго распачалі дасудовае расследаванне.

Паводле літоўскай мытні, гэты выпадак сведчыць аб адчаі кантрабандыстаў: цыгарэты ўжо амаль не хаваюць і рызыку пад увагу не бяруць, а проста спадзяюцца, што мытнікі не стануць правяраць кожны грузавік. Згадваюць іншыя падобныя выпадкі: 6 жніўня мытнікі выявілі на мяжы з Беларуссю яшчэ амаль мільён пачак кантрабандных цыгарэтаў на 3,5 млн еўра, 29 ліпеня – яшчэ мільён пачак на звыш 4 млн еўра, 30 чэрвеня – яшчэ амаль мільён пачак.

Раней такія партыі лавілі некалькі разоў на год, а цяпер – ці не кожны месяц, пішуць літоўскія мытнікі. Акрамя таго, раней было больш навінаў аб «крэатыўнай» кантрабандзе: напрыклад, аб плытах з цыгарэтамі, замаскаваных пад крыгі.

Тыдзень таму Літва закрыла два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю. Сярод тлумачэнняў было і такое, што тыя пераходы «Шумскас» і «Твярачус» былі слабей абсталяваныя тэхнічна, таму праз іх маглі ісці кантрабандныя тавары.

Hавiны
Хтосьці спілаваў слупы з камерамі на літоўска-беларускай мяжы. Літва выставіла ноту пратэсту
2023.08.25 16:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў