У Грэцыі падчас тушэння ляснога пажару разбіўся самалёт пажарнай службы


Самалёт пажарнай службы пацярпеў крушэнне на востраве Эўбея недалёка ад гораду Карыстос у Грэцыі днём 25 ліпеня. У гэты час ён тушыў лясны пажар, пры развароце пачаў зніжаць вышыню і ўрэзаўся ў скалу. Верагодна, экіпаж загінуў, паведамляе мясцовае выданне Iefimerida.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пажарны самалёт скідае ваду на лясны пажар у паўднёвай частцы грэчаскага вострава Радос, прыкладна ў 70 км на паўднёвы захад ад сталіцы. 25 ліпеня 2023 года.
Фота: Spyros Bakalis / AFP / East News

На борце самалёта знаходзіліся два пілоты, верагодна, яны загінулі. Сувязі з імі няма. Да месца крушэння ўжо прыбылі пажарныя службы.

У апошнія дні ў Грэцыі ўстанавілася анамальная спякота, праз якую па ўсёй краіне пачаліся моцныя лясныя пажары і эвакуацыя мясцовых жыхароў і турыстаў з небяспечных рэгіёнаў. Толькі з вострава Радос уладам прыйшлося эвакуяваць 19 тысяч чалавек. Праз гэта Міністэрства па кліматычных крызісах і грамадзянскай абароне Грэцыі заявіла, што надзвычайная сітуацыя на востраве Радос прывяла да найбуйнейшай у гісторыі эвакуацыі праз лясныя пажары. На востраве Эўбея ўлады эвакуявалі жыхароў чатырох вёсак.

Пажарныя ў Грэцыі спрабуюць лакалізаваць больш за 80 лясных пажару па ўсёй краіне, 64 з якіх успыхнулі ў нядзелю, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Улетку і ўвосень мінулага году пажары таксама ахапілі некалькі рэгіёнаў Грэцыі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў