7 мапаў, на якіх няма Расеі


Старшыня Канстытуцыйнага суда Расеі 23 траўня паказаў Уладзіміру Пуціну мапу XVII стагоддзя, на якой «няма Украіны». Іронія ў тым, што Украіна на той мапе якраз ёсць, а Расеі няма (затое ёсць Масковія і Белая Русь). Паглядзелі, на якіх яшчэ гістарычных мапах няма Расеі.

Уладзімір Пуцін вядомы любоўю да альтэрнатыўнай гісторыі: ад ягонага імя публікавалі нават вялікі антынавуковы тэкст «Пра гістарычную еднасць расейцаў і ўкраінцаў», ён выкарыстоўвае такія заявы пра «несапраўднасць Украіны» як адно з апраўданняў развязвання вайны ва Украіне.

На сустрэчы з Пуціным 23 траўня старшыня Канстытуцыйнага суда Расеі Валерый Зоркін паказаў Уладзіміру Пуціну французскую мапу часу Людовіка XIV і прэзентаваў гэта як сенсацыю: «знайшлася», «там няма Украіны».

Пуцін пагадзіўся: вядома, гэтыя землі спачатку ўваходзілі ў Рэч Паспалітую, потым папрасіліся ў Маскоўскае царства, а ўжо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі «пачалі ўтварацца ўсялякія квазідзяржаўныя аб’яднанні, а савецкая ўлада стварыла Савецкую Украіну».

Ды Пуцін не згадаў, што сама назва «Украіна» з’явілася як мінімум за некалькі стагоддзяў да пераходу Запарожскага войска ў маскоўскае падданства ў выніку паўстання Багдана Хмяльніцкага. Як не згадаў і таго, што між тым паўстаннем сярэдзіны 1600-х гадоў і стварэннем УССР у 1919-м было яшчэ шмат падзеяў, ад сыходу Запарожскага войска пад шведскі пратэктарат і падпісання дакументу, які ва Украіне некаторыя лічаць першай у свеце Канстытуцыяй, да Украінскай Народнай Рэспублікі, якая з саветамі ваявала за незалежнасць.

Карта, на которой нет России
«La Russie Blanche ou Moscovie» (Белая Русь, ці Масковія), мапа 1674 года, якую паказалі Уладзіміру Пуціну. Скан: Digar.ee

Насамрэч мапа вядомая і не сакрэтная, Украіна на ёй ёсць нават двойчы. Паразглядаць тую мапу ў высокай разрознасці можна, напрыклад, тут. Надпіс «Vkraine Pais de Cosaques» (Украіна, краіна казакоў) шукайце між Вінніцай і Палтаваю на тэрыторыі Кароны Польскай, а надпіс «Ocraina» – між Белгарадам і Разанню. Мапа, якую паказалі Пуціну, пазначае будучую Расею як «валоданні цара Белай Русі і вялікага князя Маскоўскага» або «цара Расеі і вялікага князя Маскоўскага» – пры жаданні можна сказаць, што гэта Расеі на мапе няма, а ёсць Масковія, князь якой называе сябе царом ці то Белай, ці то цэлай Русі.

Вядома, калісьці не было ні Украіны, ні Расеі. Ні Леніна, ні Ленана, ні Карла Лінэя. Нават славянаў у Еўропе калісьці не было.

Карта, на которой нет России
Ва ўяўленні Пталемея не было значнай часткі сучаснай Расеі, а на той, пра якую ён ведаў, была Скіфія. Рэканструкцыя Геаграфіі Пталемея на мапе «Totius Orbis Habitabilis Brevis Descriptio» з Фларэнцыі другой паловы 1400-х гадоў. Скан: Bl.uk

Калі продкі славянаў ішлі ў Еўропу, то яшчэ не пісалі летапісаў і не пакінулі дастаткова матэрыялу для археолагаў ды лінгвістаў, каб сучасныя навукоўцы маглі дакладна апісаць іхнае паходжанне. Нават першыя летапісныя згадкі пра славянаў спрэчныя. Можа, пра іх пісаў яшчэ Пталемей у ІІ стагоддзі, проста называў ставанамі і лічыў скіфамі. А можа, славянамі ці іхнымі продкамі былі венеды, пра якіх у I стагоддзі пісаў Тацыт. Так ці іначай, першымі вядомымі месцамі рассялення славянаў лічацца найчасцей тэрыторыі блізу Палесся, і ніякія прапанаваныя першыя землі славянаў не дасягаюць нават Волгі.

Карта, на которой нет России
Мапа Еўропы станам на 814 год – Русі яшчэ няма. «The Public Schools Historical Atlas», 1905 год. Скан: Gifex.com

Назва «Русь», магчыма, упершыню згадваецца ў 800-х гадах у форме «Rhos» і адносіцца да германскага племені свеяў з тэрыторыі сучаснай Швецыі. «Аповесць мінулых часоў», напісаная ў Кіеве ў 1100-х гадах, сцвярджае, што гісторыя Старажытнай Русі пачынаецца з 852 года, калі ў Візантыйскай імперыі пачаў уладарыць імператар Міхаіл ІІІ – народ русь тады хадзіў на Царград (Канстанцінопаль, сучасны Стамбул). Тагачасная Русь завецца Кіеўскаю, бо з 882 года сталіца той дзяржавы была ў Кіеве. Сама дзяржава была, хутчэй, наборам плямёнаў, якімі ўладарылі людзі, якія прызнавалі над сабой уладу князя.

Вусы Скарыны
Адкуль пайшло і куды прыйшло слова «Русь»
2022.04.25 20:14

Сучасныя мапы дзяржаваў таго часу «размытыя»: плямёны не праводзілі дэмаркацыі межаў, а летапісцы апісвалі прыблізныя межы агульнымі словамі, а не малюнкамі. Дакладна, што ў 800-ыя гады Масква не ўваходзіла ў склад Русі – такога гораду не будзе яшчэ пару сотняў гадоў.  Землі, дзе потым будзе Масква, тады былі ўсходняй ускраінаю Русі, далей за якую жылі ўжо фіна-вугорскія плямёны.

Карта, на которой нет России
Сучасная мапа Русі ў IX–XI стагоддзях расейскага праекту «Руниверс», створанага пры падтрыманні дзяржаўнай кампаніі «Транснефть» і прыватнай групы кампаніяў, блізкай да Крамля. Выява: Runivers.ru

Першая летапісная згадка Масквы адносіцца да 1147 года, тыя землі тады ўваходзілі ў склад Суздальскага княства. Маскоўскае княства стала адносна самастойным (з папраўкаю на залежнасць ад Залатой арды) у другой палове 1200-х, а маскоўскія князі сталі прэтэндаваць на тытул «…усёй Русі» хіба з 1400-х.

Назвы «Росія» ці «Русія» тады ўжо выкарыстоўваліся, але для розных мясцовасцяў, а не канкрэтнай дзяржавы (Белаю Руссю, то бок паўночнаю, тады маглі назваць і Наўгародскую рэспубліку).

Карта, на которой нет России
Фрагмент мапы Ёганэса Рэйша 1507–1508 гадоў, на якой на поўдзень ад Літвы і Масковіі, на правабярэжнай Украіне, напісана «Rvssia Alba» (Белая Русь). Скан: Loc.gov

Масковія стала называць сябе Рускім ці Расейскім царствам не раней за вянчанне царом Івана IV Жахлівага ў 1547 годзе. На мапах той эпохі Масковію ўжо маглі падпісаць Расеяй, але нават пазней еўрапейскія картографы маглі напісаць «Rvssia» між Кракавам і Луцкам або «Rvs» за Архангельскам, а Расейскае царства назваць Масковіяй.

А маглі зусім не звяртаць увагі на існаванне Масковіі ці Расеі, не падпісваць яе і маляваць на яе месцы дрэвы ды ўзгоркі.

Карта, на которой нет России
Фрагмент іспанскай мапы «Propoganda» 1529 года, дзе на месцы Масковіі нічога няма, а Украіна названая Сарматыяй Еўрапейскай. Скан: Bnf.fr

Нават праз сотню гадоў пасля Івана Жахлівага маглі намаляваць мапу «земляў, якія называюць Украінай», а на ўсход ад гэтых земляў пазначыць не Расею, а Маскоўскае княства. Так зрабіў француз Гіём Левасэр дэ Баплян, які служыў у Рэчы Паспалітай старэйшым капітанам артылерыі ды вайсковым інжынерам на тэрыторыі сучаснай Украіны.

Карта, на которой нет России
Пустэльныя раўніны, якія называлі Украінай, і суседнія тэрыторыі на мапе «Delineatio generalis Camporum Desertorum vulgo Ukraina: cum adjacentibus provinciis» 1648 года. Звярніце ўвагу, што мапа «дагары нагамі»: поўнач – знізу, поўдзень – зверху. Скан: Loc.gov

Сучасныя назвы замацаваліся за Беларуссю, Расеяй і Украінаю толькі пару стагоддзяў таму, сучасныя межы – пасля Другой сусветнай вайны. Яшчэ сотню гадоў таму продкі сучасных беларусаў задаваліся пытаннем, ці не Літвою зваць сваю краіну.

Бывае, натуральна, што дзяржавы спрабуюць апраўдаць агрэсіўныя дзеянні старымі мапамі: напрыклад, Кітай прэтэндуе на большую частку Паўднёва-Кітайскага мора, бо ў 1952 годзе намаляваў на мапе дзевяць рысак. Калі кіравацца такою логікаю, на тэрыторыі самой Расеі могуць прэтэндаваць і ўкраінцы, і фіны, і манголы, і шмат хто яшчэ, не кажучы ўжо пра патэнцыйныя сепаратысцкія рухі.

Расея пакуль не сфармулявала сваіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў да Украіны: не кантралюе вялікай часткі фармальна анексаваных тэрыторыяў і акупавала частку фармальна не анексаваных. Украіна ж прэтэндуе толькі на міжнародна прызнаныя межы 1991 года.

Каментар
Калі згніе «гэты монстр»? Расейскія сепаратысты – пра будучыню РФ і незалежнасць народаў
2023.04.24 16:24

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў