news
Інтэрв'ю
«Нагадваем, што мы жывыя». Як адзначалі Дзень Волі раней – і што ён значыць цяпер
Пагутарылі з Юрасём Губарэвічам пра Дзень Волі – ад «Менскай вясны» да светлай будучыні.
25.03.202416:49

Што значыў Дзень Волі ў 1990-я і 2000-я? Ці толькі ў Менску яго адзначалі? Гэта свята ці акцыя пратэсту? Як цяпер адзначаць Дзень Волі ў Беларусі? Гэтыя тэмы карэспандэнт «Белсату» абмеркаваў са старшынём руху «За свабоду» Юрасём Губарэвічам на варшаўскім маршы 24 сакавіка.

Старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч на святкаванні Дня Волі ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі пачалі адзначаць ужо ў 1919 годзе. Але ў Савецкай Беларусі БНР выдалялі з памяці – свята засталося хіба ў асяродку беларусаў за межамі СССР. Вярнуў Дзень Волі на вуліцы Беларусі мастак Алесь Пушкін: 25 сакавіка 1989 года ён і актывісты пранеслі па Менску напісаныя ім дванаццаць плакатаў, што не адпавядалі дзяржаўнай ідэалогіі. За той перформанс мастаку прызначылі 2 гады зняволення ўмоўна. 25 сакавіка 1990 года выйшаў пілотны нумар газеты «Свабода» пад назвай «Дзень Волі», гэтае азначэнне хутка замацавалася за датаю.

У той час Юрась Губарэвіч быў яшчэ школьнікам, жыў у Белаазёрску. Ён прыйшоў у актывізм якраз тады, калі Аляксандр Лукашэнка атрымаў практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы, узяў курс на збліжэнне з Расеяй і зрабіў дзяржаўнаю мадыфікаваную савецкую сімволіку. У першай палове 1990-х Дзень Волі абыходзіўся без гвалту – да Лукашэнкі гэта было мірным святам, 75-ую гадавіну адзначалі на дзяржаўным узроўні.

ВІДЭА
Кроў, «фашысты» і Васіль Быкаў. Як адзначалі Дзень Волі апошнія 30 гадоў
2019.03.25 09:00

З Белаазёрску трапіў у вір «Менскай вясны»

Губарэвіч згадвае: яшчэ школьнікам ён цікавіўся тым, што адбываецца ў беларускім грамадстве. Яго цікавілі наяўнасць дэпутацкай групы БНФ у Вярхоўным Савеце, прыход Лукашэнкі да ўлады і рэакцыя на гэта грамадства, стаўленне да гісторыі, беларускай мовы і ідэнтычнасці. Яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі 1994 года Губарэвіч збег з урокаў, каб наведаць выступ Зянона Пазняка – той сабраў поўную залю ў Белаазёрску пасярод працоўнага дня.

Пытаем: але ж Белаазёрск тады не быў пратэставым горадам? Губарэвіч не пагаджаецца: у першыя ж дні падзення савецкага рэжыму людзі выходзілі на плошчу з бел-чырвона-белымі сцягамі, на першых мясцовых выбарах ужо была дэмакратычная група дэпутатаў, і мэр, як лічылася, быў прадэмакратычных поглядаў… Гэта, кажа палітык, былі звычайныя людзі, не апазіцыйныя актывісты, але подых пераменаў іх закрануў.

Калі дакладна ён асэнсаваў значэнне Дня Волі, Губарэвіч не памятае, але ўпэўнены, што школа гэтаму «не вельмі спрыяла»: настаўнік гісторыі быў камуністычных поглядаў. Але Губарэвіч тады ўжо чытаў незалежную прэсу, газету «Свабода». Восенню 1995 года ён паступіў вучыцца ў БДПА (цяперашні БНТУ) і пераехаў у Менск, ад першага курсу браў удзел у пратэстах. Кажа, атмасфера ў тыя часы была такая: выбары-1994, рэферэндум-1995 – пасля некалькіх гадоў у дэмакратычнай краіне гэта быў адчувальны адкат назад.

На Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка была першая акцыя – як кажа Губарэвіч, «спроба сілаў». А Дзень Волі і «Чарнобыльскі шлях» сталіся галоўнымі падзеямі «Менскай вясны». У 1996 годзе пратэст нарастаў хваляй, згадвае суразмоўца. Тады актыўна пратэставалі і ягоныя нібыта апалітычныя і рахманыя аднагрупнікі, а ў групе хіба пару чалавек былі з Менску, рэшта з’ехалася «з рэгіёнаў». Кажа, было адчуванне важных гістарычных падзеяў.

«Тады яшчэ [Зянон] Пазняк быў у Беларусі, ён быў на чале калоны, – згадвае Губарэвіч Дзень Волі 1996 года. – Быў марш па цэнтры гораду, былі сутычкі – адразу трапіў у такі вір.

Каля тэлецэнтру на вуліцы Камуністычнай мы стаялі двума шэрагамі. Міліцыянты, амапаўцы абаранялі ўваход, пратэстоўцы стаялі, упёршыся ў іхны шэраг. Я быў там твар у твар з міліцыянтамі. Тады яшчэ не адчувалася нейкай агрэсіі з іхнага боку.

Гэта былі звычайныя дзядзькі. Можа, яшчэ з савецкага перыяду прыйшлі на службу. Вайсковы рыштунак быў вельмі просценькі, былі ўжо гумовыя дручкі. У нейкі момант гэта перайшло з маўклівага супрацьстаяння ў актыўную фазу, калі калону пачалі адцясняць. Было зімна, хоць і сонечна, ляжаў снег. Людзі падалі, валіліся. Была небяспека, што па іх можа пайсці натоўп, таму гэта перайшло ў лакальную бойку там, на Камуністычнай».

Юрый Губарэвіч, Павел Латушка, Валерый Сахашчык і Любоў Лунёва на святкаванні Дня Волі ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Сілавікі білі пратэстоўцаў, апазіцыя спрачалася пра Бангалор

Губарэвіч стаяў ля вытокаў «Маладога фронту», які ў 1997 годзе вырас з моладзевай арганізацыі партыі БНФ. Але, скончыўшы БДПА, ён паступіў у магістратуру ва Львоў, пасля вучобы – у 2003 годзе – вярнуўся ў родны Белаазёрск. Там разам з іншымі актывістамі перамог на выбарах у гарсавет, таксама зрабіўся старшынём берасцейскай абласной арганізацыі БНФ.

З 1996 года акцыі на Дзень Волі ў Менску праходзілі ў супрацьстаянні з сілавікамі, суправаджаліся жорсткімі затрыманнямі, на акцыі зганялі вайсковую тэхніку, вадамёты, узброеных байцоў. Калі ў 1996-м на Дзень Волі выйшла да 50 тысяч, то ў 1997–2001 гадах выходзіла не больш за 10 тысяч, у 2003–2004 гадах лік ішоў хіба на сотні.

Дзень Волі зноў стаўся масаваю вулічнаю акцыяй у 2006 годзе. Перад тым, 19 сакавіка, прайшлі прэзідэнцкія выбары, вынікі якіх шмат каго абурылі – у Менску на Кастрычніцкай плошчы сабралася вялікая акцыя, вырасла намётавае мястэчка. У ноч на 24 сакавіка сілавікі затрымалі не менш за паўтысячы людзей на Плошчы. Але 25 сакавіка ў Купалаўскім парку сабраліся каля 10 тысяч чалавек, пайшлі маршам на Акрэсціна патрабаваць вызвалення затрыманых. Шэсце жорстка разагналі – гэта быў ці не самы крывавы Дзень Волі.

Тады Губарэвіч быў даверанай асобаю кандыдата на прэзідэнцтва Аляксандра Мілінкевіча. Дзень Волі ў 2006 годзе Юрась сустрэў у берасцейскім ізалятары – быў затрыманы за дзень да выбараў.

«Калі на першы раз далі пяць содняў, напэўна, яны прыглядаліся: пройдуць выбарчыя падзеі, можна будзе ўсё спусціць на тармазах, як яны гэта раней рабілі, – згадвае Губарэвіч 2006 год. – Але тое, што пасля пяці содняў мяне не выпусцілі, а справакавалі нейкую штурханіну і пасадзілі яшчэ на дадатковыя содні, а рэжым стаў больш жорсткі, – гэта быў сігнал, што падзеі працягваюць разгортвацца. Мы абсалютна не атрымлівалі ніякай інфармацыі, але было адчуванне, што пасля выбараў былі пратэсты, а рэжым не можа даць рады гэтым пратэстам».

Той пратэст усё ж задушылі. Пасля ўсплёску ў 2006 годзе Дзень Волі зноў станавіўся ўсё менш і менш людным: у Менску выходзілі лічаныя тысячы, а часам і толькі сотні чалавек, і так было аж да 2018 года.

Старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч дае інтэрв’ю на святкаванні Дня Волі ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Губарэвіч лічыць, што прычынаю падзення колькасці ўдзельнікаў менскіх акцыяў было не толькі тое, што гэта было «несанкцыянаванае мерапрыемства», за якое жорстка каралі. Ён бачыць у гэтым і тое, што ў «некрытычныя» для грамадска-палітычнага жыцця гады снег ці дождж маглі адвадзіць пэўную колькасць людзей. І «адценне працы прапаганды».

Хоць немагчыма было прайсці забароненымі маршрутамі, але калі прасілі дазволу на акцыю, дык найчасцей дазвалялі пайсці па нязручных маршрутах, згадвае Губарэвіч, які і асабіста падпісваў заяўкі на акцыі да Дня Волі. Напрыклад, на плошчу Бангалор, што далёка ад цэнтру Менску, і ў парк Дружбы народаў, які некаторыя здзекліва празвалі «месцам выгулу сабак і апазіцыі».

Суразмоўца разважае: ці з уласнага глупства, ці пад уплывам спецслужбаў частка праціўнікаў Лукашэнкі дэкларавала нежаданне ісці на Бангалор з абурэннем і агідай да тых, хто пайшоў. Нічога добрага з расколу не выйшла, упэўнены Губарэвіч:

«Не так важна, па якім маршруце ты ідзеш, як тое, колькі людзей ідзе побач з табой».

Сярод праціўнікаў Лукашэнкі былі і іншыя ідэі, як надаць больш увагі Дню Волі, працягвае Губарэвіч. Былі нават прапановы ніколі не хадзіць, бо гэта «малаколькасна і сумна», былі ідэі святкаваць у кавярнях. Гэта, лічыць Губарэвіч, «мае права на жыццё, але важная візуалізацыя». Калі сядзець у кавярнях, гэтага ніхто не заўважыць, а калі прайсці хоць бы па вуліцы Сурганава ў парк Дружбы народаў, можна паглядзець на мінакоў, якія віталі калоны ці вывешвалі сцягі з вокнаў, хоць і баяліся далучацца.

А без гэтага, упэўнены Губарэвіч, не было б ані «Свята незалежнасці #БНР100» у 2018 годзе, ані падзеяў 2020-га: калі няма рухавіка, які здольны даць старт інертнай грамадскай машыне, ніякія перамены не адбудуцца.

Старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч на святкаванні Дня Волі ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Уладам непатрэбнае свята незалежнасці Беларусі

У 1990-х, згадвае Губарэвіч, у дзяржаўных медыях актыўна абмяркоўвалі і аплёўвалі кожную акцыю апазіцыі. Але пасля, лічыць ён, дзяржаўныя медыі атрымалі загад: нічога не згадваць, нават у негатыўным ключы, за рэдкімі выключэннямі кшталту паслявыбарчых падзеяў. У 1990-х дэмакратычныя сілы мелі пэўную моц, якой рэжым не мог не заўважаць, а пасля мог сабе дазволіць іх ігнараваць і толькі з 2020-га зноў быў вымушаны рэагаваць.

Сярод дэмакратычных сілаў рэгулярна выказваліся ідэі, каб зрабіць Дзень Волі не «апазіцыйнай» датай, а агульнанацыянальным святам.

Старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч размаўляе з беларусам на святкаванні Дня Волі ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Губарэвіч згадвае: нават накіроўваліся звароты, збіралі подпісы, ды рэжым Лукашэнкі гэта ўсё ігнараваў. У іншых краінах, нагадвае ён, адзначаюць даты абвяшчэння ці аднаўлення незалежнасці, а ў Беларусі афіцыйная дата Дня Незалежнасці – 3 ліпеня з нагоды вызвалення Менску ад нацыстаў, хоць у той дзень значная частка БССР была пад акупацыяй гітлераўскіх войскаў.

«Для іх гэта чужое, – кажа Губарэвіч пра лукашэнкаўцаў і Дзень Волі. – Яны займаюць з першых дзён прыходу Лукашэнкі выразную антыбеларускую, антынацыянальную пазіцыю. Таму, натуральна, прызнаваць нейкія нацыянальныя святы, сімвалы…

Асабліва калі гэта ідзе ўразрэз з афіцыйнай канцэпцыяй гісторыі, якая і да сёння дэкларуецца, што нейкія сур’ёзныя падмуркі беларуская дзяржаўнасць набыла з прыходам Лукашэнкі. Нават да 1994 года “нічога не было”. Выключэнне для іх – гэта толькі перыяд Другой сусветнай вайны, які яны яшчэ могуць згадваць. Усё астатняе яны стараюцца проста зацерці, пазбавіць беларусаў гістарычнай памяці».

Hавiны
Чаму сёння? На які дзень розныя краіны прызначаюць нацыянальныя святы
2021.07.03 08:30

Ды ў 2018 годзе, згадвае Губарэвіч, апазіцыйныя партыі здолелі паразмаўляць з уладамі пра Дзень Волі. Тады асноўным перамоўнікам ад імя партыяў быў Рыгор Кастусёў, які атрымаў доступ да Адміністрацыі Лукашэнкі і Менгарвыканкаму, меў магчымасць не праз перапіску, а праз асабістыя размовы з удзелам прадстаўнікоў іншых партыяў дамаўляцца пра фармат акцыі, які задаволіў бы дэмакратычныя сілы і не быў бы непрымальным для рэжыму.

Заяўку на «Свята незалежнасці» ў выніку падалі ад імя БНФ «Адраджэнне», руху «За свабоду» (які тады ўжо ўзначаліў Губарэвіч), Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і ўстановы «Amaroka» (якая стаяла за «Арт-сядзібай»). Але ўлады, паводле Губарэвіча, адкрыта казалі: закладваеце легальны статус сваіх арганізацыяў, калі штосьці пойдзе не так, ліквідуем.

БНР-100 прывяло да падзеяў 2020 года?

На стагоддзе абвяшчэння незалежнасці БНР, у 2018 годзе, улады дазволілі вялікі мітынг-канцэрт каля Опернага тэатру ў Менску, але самыя ў святкаванні не ўзялі ўдзелу.

Апрача канцэрту адбылася несанкцыянаваная акцыя пратэсту на плошчы Якуба Коласа, удзельнікаў затрымлівалі. Губарэвіч згадвае: тады, як і заўсёды, у дэмакратычным асяродку былі розныя плыні, адныя спрабавалі пераканаць другіх, што маюць большае падтрыманне, і толькі праз персанальныя амбіцыі не ўдалося аб’яднацца і супольна правесці Дзень Волі. Але тады, на стагоддзе БНР, павінен быў быць новы фармат, «а не традыцыйныя выхады і разгоны».

Губарэвіч лічыць, што тады трэба было паказаць, што 25 сакавіка ў сэрцы велізарнай колькасці беларусаў, і гэта ўдалося. Суразмоўца нагадвае: нават канцэрт ля Опернага быў для наведнікаў рызыкоўным – ніхто не ведаў, ці не скончыцца ён разгонам і хапуном, і па сканчэнні сапраўды былі затрыманні. Але сабраліся дзясяткі тысяч чалавек. Хто прыйшоў на «Свята незалежнасці», кажа Губарэвіч, пабачыў, што іх не пару сотняў, і атрымаў зарад аптымізму: «Так, мы не адныя».

Дык з гэтага і паднялася хваля, якая бухнула ў 2020 годзе? Ці мо тым падзеям дало старт перапахаванне Кастуся Каліноўскага восенню 2019 года? Губарэвіч адказвае: гэта пачалося яшчэ з акцыяў 2017 года супраць «дармаедскага дэкрэту». Тыя падзеі закранулі значна больш шырокія пласты грамадства, а Дзень Волі і Каліноўскі былі важныя для нацыянальна-арыентаванай часткі.

«Цяжка казаць, наколькі тыя падзеі маглі адгукнуцца ў беларускай глыбінцы, у дальніх раёнах, дзе людзі, можа быць, ніколі не чыталі дэмакратычнай прэсы, сочаць за падзеямі праз дзяржаўнае тэлебачанне», – разважае Губарэвіч пра БНР-100.

Дзень Волі – не толькі менскае свята

У наступным, 2019 годзе зноў было дзве плыні. Каманда БНР-100, атрымаўшы адмовы ад уладаў на прапановы канцэрту ля Опернага, на стадыёне «Дынама» і ў Палацы спорту,  зладзіла БНР-101 у Горадні, дзе ўлады далі пляцоўку ў Каложскім парку. А лідары шэрагу партыяў, у ліку якіх быў і  Губарэвіч, пастанавілі, што святкаваць трэба і ў Менску ды пагадзіліся на канцэрт у Кіеўскім скверы.

Святкаванне Дня Волі ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Тады гучалі нават думкі: і добра, што Дзень Волі паедзе з Менску «па рэгіёнах». Але Губарэвіч кажа, што Дзень Волі адзначалі і за межамі Менску ў розных фарматах. Ён згадвае акцыі ў Магілёве (які ў 1917–1918 гадах быў другім значным цэнтрам беларускага руху), шэсці і мітынгі ў Берасці, нагадвае пра гістарычныя і краязнаўчыя клубы. Маштабы былі непараўнальныя з менскімі, але будзе памылкай лічыць, што самыя адукаваныя і абазнаныя жывуць толькі ў Менску.

«Гэтая тэма была дастаткова пашыраная, – кажа Губарэвіч пра Дзень Волі. – Яна набыла б і агульнанацыянальны маштаб, калі была б магчымасць доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. А некалькі серыяў гістарычных публікацыяў прывілі б кожнаму беларусу за падзеі таго часу – за тое, што ў тых складаных умовах знайшліся прадстаўнікі нашага народу, якія ўзялі на сябе адказнасць за абвяшчэнне незалежнасці».

Як варта адзначаць Дзень Волі цяпер – і ў Новай Беларусі

У 2020 годзе Дзень Волі прыпаў на пачатак пандэміі COVID-19. Масавых вулічных мітынгаў і канцэртаў не ладзілі, хоць невялікія акцыі прайшлі ў Менску, Віцебску, Горадні, Магілёве, Глыбокім, Пінску і іншых гарадах. Каманда БНР-100 правяла тады онлайн-канцэрт у камбінацыі з ток-шоу.

У 2021 годзе – нягледзячы на падзеі 2020-га – зноў падавалі заяўку на санкцыянаваную акцыю на Дзень Волі, яе падпісалі зноў жа Губарэвіч, Кастусёў і іншыя лідары апазіцыйных партыяў. Ды не паспелі занесці заяўку ў Менгарвыканкам, як на экраны БТ выйшаў старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель, распавёў пра «замежныя сцэнары дэстабілізацыі», за якія будуць адказваць персанальна Кастусёў і Губарэвіч. Калі сталася вядома пра адмову, Губарэвіч выехаў на тыдзень за мяжу, а ягоных калегаў пасадзілі пад арышт з надуманых прычынаў. Уласна на Дзень Волі толькі ў Менску тады затрымалі больш як дзве сотні чалавек.

Старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч на святкаванні Дня Волі ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У 2022 годзе Дзень Волі прайшоў на тле ўжо не толькі масавых рэпрэсіяў, але і поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Акцыю ў Менску правялі падпольна, асноўная актыўнасць была ўжо за мяжой. У 2023 годзе на Дзень Волі акцыю ў Менску зладзіла адна Ніна Багінская, публічна адзначалі збольшага за мяжой – нават у Кіеве, нягледзячы на вайну.

І цяпер усе адкрытыя імпрэзы на Дзень Волі – за межамі Беларусі. А што за акцыі – беларусы ў эміграцыі святкуюць, пакуль у Беларусі за кратамі тысячы чалавек, ці пратэстуюць? Губарэвіч адказвае:

«Мы нагадваем, што мы жывыя. Што ёсць такі народ, такая нацыя, як беларусы, якая мае сваю гісторыю і свае святы. Нават на чужыне беларусы не раз’яднаныя, знаходзяць нагоды. 25 сакавіка – гэта тое, што збірае найбольшую колькасць людзей разам».

Тыя, хто кажа, што не варта адзначаць Дзень Волі, бо ідзе вайна і ёсць палітвязні, – гэта тыя, хто заўсёды шукае негатыў у любой справе, перакананы Губарэвіч. Такія людзі, кажа ён, не прапаноўваюць ніякай альтэрнатывы: «Самае простае – нічога не рабіць, пасыпаць галаву попелам». А калі адзін дыктатар вядзе вайну, другі дыктатар садзіць за краты, дэманстрацыя еднасці і духоўнай моцы – годны адказ абодвум дыктатарам. З трыбунаў трэба казаць і пра вайну, і пра палітвязняў, і пра гісторыю, і пра гэта, нагадвае Губарэвіч, ужо гаварылі на пачатку варшаўскай акцыі 24 сакавіка.

Галоўная імпрэза на Дзень Волі ў 2024 годзе для людзей унутры Беларусі – онлайн-канцэрт ад каманды БНР-100.

Што яшчэ зараз рабіць людзям у Беларусі на Дзень Волі? Губарэвіч раіць:

«Перадусім – не быць адным, не замыкацца ў сваіх кватэрах, а шукаць тых сяброў і знаёмых, з кім можна сустрэцца, знайсці бяспечнае месца, дзе можна адзначыць свята. Беларусы заўсёды знойдуць, што сказаць адно аднаму. Гэтая лучнасць, збор разам з нагоды нацыянальнага свята – гэта будзе надаваць аптымізму і імпэту, калі яны будуць бачыць вочы адно аднаго».

А калі Беларусь стане вольнаю, як адзначаць Дзень Волі: зрабіць яго папсовым, з гламурнымі канцэртамі, ці ладзіць вулічныя шэсці? Губарэвіч кажа, што найперш гэта будзе дзяржаўным святам, а фармат можа спалучаць усё, акрамя разгону мірных дэманстрацыяў – хто б ні кіраваў Новаю Беларуссю, ад гэтай практыкі давядзецца адмовіцца.

Алесь Наваборскі belsat.eu