Эксперт: Украінскія ўлады афіцыйна прызналі Беларусь памагатым агрэсара і акупанта


Расейскія войскі маюць перавагу ў небе, але фактычна страты не супастаўныя з тымі, якія пралічвалі. Такую думку выказаў у каментары «Белсату» Віктар Ягун, былы намеснік кіраўніка СБУ.

Украінскія вайскоўцы займаюць пазіцыі ў цэнтры Кіева, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

«Расейскія агрэсары ставілі 48 гадзінаў на развязанне сваіх заданняў. Прайшло больш за содні, і пакуль нічога канкрэтнага ў сваім плане яны не зрэалізавалі. Так, яны прасунуліся на некаторых участках, але яны разлічвалі, што гэтыя ўчасткі будуць вызваленыя ад украінскіх вайскоўцаў і змогуць перакінуць войскі для фарсіраванага наступу на тыя аб’екты, якія іх цікавяць. Пакуль ім гэтага не ўдалося. Прабіць калідор да Прыднястроўя ім не ўдаецца – трэба ўзяць Херсон, Мікалаеў і пасля Адэсу. Херсон трымаецца. Калоны прыпыненыя каля Харкава і Чарнігава», – кажа пра сітуацыю на фронце эксперт.

Расейскія войскі не ідуць фронтам, а дзеюць кінжальнымі атакамі ў пэўных кірунках, спрабуючы не захопліваць гарадоў, а абысці іх і такім чынам узяць пад кантроль.

«Нам даводзіцца весці пазіцыйную вайну і стрымліваць гэтыя кінжальныя ўдары. Гэта цяжэй у абароне, бо мы мусім утрымаць пазіцыі, а некаторыя з іх не заўсёды падрыхтаваныя. Так, расейскія войскі захапілі ЧАЭС, то бок фактычна здзейснілі тэрарыстычны акт. У іх закладніках цяпер персанал станцыі, не можа адбыцца ратацыя, людзі не могуць адпачыць, іх не могуць замяніць іхныя калегі. Што адбудзецца, няясна. Станцыя была пад аховаю батальёну Нацыянальнай гвардыі Украіны, які даў бой акупантам. Зразумела, што без сур’ёзнага цяжкага ўзбраення гвардзейцы не маглі стрымаць наступу бранятанкавай групы. Цяпер яна прасоўваецца ў бок Кіева, у некаторых месцах была прыпыненая», – распавядае Віктар Ягун.

Узброеныя баевікі аглядаюць тэрыторыю каля будынку школы, які, паводле мясцовых жыхароў, быў пашкоджана ў выніку нядаўняга абстрэлу ў Горлаўцы (кантралюецца сепаратыстамі), Данецкая вобласць, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: Аляксандр Ермачэнка / Reuters / Forum

Прыходзіць трывожная інфармацыя з украінскай сталіцы. Эксперт адзначае, што сітуацыя там вельмі складаная, бо ёсць шмат шляхоў праходжання. Але калі расейцы ўвойдуць у горад, там яны і застануцца: тэрытарыяльная абарона і самі кіяне да гэтага гатовыя.

«Зброя выдаецца асобам, якія праходзілі з адпаведнымі дакументамі і будуць забяспечваць абарону гарадскіх аб’ектаў. Шмат добраахвотнікаў разам з нацыянальнаю паліцыяй забяспечваюць ахову аб’ектаў, дарог, блокпастоў у горадзе. Заданне расейцаў простае: ім не трэба ўзяць пад кантроль кожнага жыхара Кіева, ім трэба паніка, дэзарганізацыя, яны хочуць вымусіць кіраўніцтва Украіны выехаць са сталіцы. Такім чынам яны змогуць рэалізаваць задуманае: пасадзіць у Кіеве марыянетачны ўрад», – мяркуе Ягун.

Hавiны
Беларус у Кіеве: Настрой баявы, ніхто нікому нічога не аддасць – няхай не разлічваюць
2022.02.25 14:46

Паводле Віктара Ягуна, Расея планавала знішчыць украінскую авіяцыю, сістэмы ПВА, але ёй гэтага не ўдалося. Украіна здолела захаваць асноўны кампанент і эфектыўна адбівае атакі авіяцыі ды балістычных ракетаў:

«Яны хацелі захапіць Гастомэльскі аэрадром, які можа прымаць цяжкія самалёты, развярнуць там базу прыёму дэсантнікаў і потым арганізаваць наступ на Кіеў. На шчасце, украінцы змаглі ўчора пераламіць сітуацыю і адбіць аэрадром. Не ўдалося яго захаваць, давялося знішчыць узлётную паласу. Таму цяпер расейскія дэсантнікі будуць высаджвацца на тэрыторыі Беларусі, адкуль аўтатранспартам ці браняванаю тэхнікаю плануюць прасоўвацца на тэрыторыю Украіны ў кірунку Гомель – Чарнігаў – Кіеў».

Дзіця сядзіць на арэлях перад пашкоджаным жылым будынкам у Кіеве, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: UMIT BEKTAS / Reuters / Forum

24 лютага ўкраінскія ўлады афіцыйна прызналі Беларусь памагатым агрэсара і акупанта. Паводле звестак Узброеных сілаў Украіны, кіраванне і навядзенне расейскай авіяцыі ажыццяўляецца самалётамі тыпу A-50 з тэрыторыі Менскай вобласці ў паветранай прасторы Беларусі і Крыму. Таксама вядома, што на беларускім аэрадроме Гомля здзейснілі пасадку расейскія Іл-76 з дэсантнікамі.

ВІДЭА
Расея наносіць па Кіеве ракетныя ўдары. Другі дзень вайны ва Украіне. ОНЛАЙН
2022.02.25 07:13

«Ёсць інфармацыя пра запуск чатырох ракетаў з тэрыторыі Беларусі ў бок Украіны. Ёсць інфармацыя, што быў пад абстрэлам аэрапорт Роўна на захадзе Украіны. Падазраю, што гэта таксама з боку Беларусі прыляцела, бо там проста няма іншага напрамку. Беларускае войска дапамагае акупантам праходзіць перашкоды, забяспечвае ахову мясцовых дыслакацыяў, то бок выконваюць дапаможныя функцыі другога эшалону. Яны яшчэ не зайшлі на ўкраінскую тэрыторыю, але паводле некаторых прыкметаў відаць, што яны маюць жаданне ўвайсці ў Валынскую, Жытомерскую, Ровенскую вобласці. Нібыта ёсць дамоўленасць, што частку тэрыторыяў, што блізка ад Беларусі, можа ўзяць пад кантроль Лукашэнка», – сказаў эксперт.

СП, belsat.eu

 

Стужка навінаў