Лідар гурту «Океан Ельзи» Святаслаў Вакарчук пракаментаваў прысуд Мэрыем Герасіменцы


Вакаліст украінскага гурта «Океан Ельзи» Святаслаў Вакарчук пракаментаваў прысуд спявачцы Мэрыем Герасіменцы. Дзяўчыну затрымалі за выкананне яго песні «Обіймі» і асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі». 

Святаслаў Вакарчук. Фота – 24tv.ua

«Гэта ўжо было ў гісторыі. Згадваюцца савецкія часы, калі людзей выганялі з працы за забароненую музыку ці прычоску. Гэта тыповыя рэпрэсіўныя метады. Мне вельмі шкада гэтую цудоўную дзяўчыну. Я спадзяюся, што яна знойдзе ў сабе сілы і годна пройдзе гэтае выпрабаванне. Хочацца і ёй, і ўсім іншым незаконна засуджаным пажадаць сілаў і вытрымкі. Мы, як можам, іх маральна ў гэтым падтрымліваем», – сказаў Вакарчук.

Музыка ўзгадаў, што спачатку беларускую спявачку прапагандысты абвінавацілі ў выкананне ёю песні на ўкраінскай мове, а потым у тым, што яна пералічвала сродкі на ўкраінскую армію:

«Я не магу зразумець, чаму данаціць украінскай арміі – гэта парушэнне грамадскага парадку. Гэта як у кнізе Оруэла. Гэта зусім іншы свет, ад якога, дзякуй Богу, мы, украінцы, адышлі ў 1991 годзе і сапраўды ніколі не вернемся. Коштам страшных ахвяр, коштам сваіх намаганняў мы плацім за тое, каб не вярнуцца ў гэты кашмар, у якім знаходзіцца Беларусь і Расея», – адзначыў украінскі спявак.

«Мы тут дзівімся такім абсалютна абсурдным для нас, для звычайных людзей, прысудам, а там людзі ў гэтым жывуць», – дадаў ён.

Нагадаем, 20 снежня ў Менску завершыўся суд над палітзняволенай спявачкай Мэрыем Герасіменка. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Вікторыя Шабуня вынесла вырак: тры гады «хатняй хіміі». Гэта значыць, што спявачка зможа знаходзіцца дома, але за яе дзеяннямі будуць пільна назіраць.

Мерыем Герасіменка ў вечар выступу 3 ліпеня. Крыніца: nashaniva.com

Герасіменку 4 жніўня 2022 года затрымалі сілавікі пасля канцэрту ў менскім бары «Банкі-бутэлькі». Яна выканала песню «Обійми» украінскага гурта «Океан Эльзи» у падтрымку Украіны. Канцэрт выклікаў абурэнне лукашэнкаўскіх прапагандыстаў. Дзяўчына спачатку была затрыманая і пакараная 15 соднямі адміністрацыйнага арышту, а потым яе перазатрымалі ў межах крымінальнай справы і адправілі ў СІЗА.

Тады таксама былі затрыманы кіраўнік бару «Банкі-бутэлькі» Андрэй Жук і адзін з працаўнікоў бару. Яго пакаралі 30 соднямі адміністратыўнага арышту, працаўніка бару – 14 соднямі. Пазней уладальніка бару зноўку затрымалі і абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»), суда над ім яшчэ не было.

Мэрыем Герасіменка выступала разам з гуртом «Meriem Band», піша ўласныя песні, стала вядомай пасля ўдзелу ў некалькіх выкальных шоу, у тым ліку, ва ўкраінскім песенным конкурсе «Голос країни» ў 2018 годзе.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў