Масавая аварыя адбылася ў Пружанах: трое дарослых і двое дзяцей у шпіталі


Масавае ДТЗ з удзелам чатырох аўтамабіляў здарылася 23 снежня ў Пружанах. Пра гэта паведамляе УУС Берасцейскага аблвыканкаму. У выніку здарэння пяць чалавек апынуліся ў больніцы, у тым ліку двое дзяцей.

Фота: УУС Брэсцкага аблвыканкаму

Маштабнае ДТЗ здарылася каля паловы 11-га 23 снежня на трасе Р-44 «Горадня – Ружаны – Івацэвічы». Як высветлілася, кіроўца з Горадні на сваім Volkswagen вырашыў абагнаць вялікагруз Scania. На 103-м кіламетры ён пачаў здзяйсняць манеўр, аднак далей нешта пайшло не так.

У нейкі момант гарадзенец лоб у лоб сутыкнуўся з Mitsubishi пад кіраваннем 51-гадовага жыхара Пружанскага раёну, а яшчэ адначасна ўрэзаўся ў фуру.

Пасля гэтага ўжо іншы кіроўца ўрэзаўся ў Mitsubishi. У выніку здарэння траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі пяць чалавек: 52-гадовая пасажырка Mitsubishi, 36-гадовая, 15-гадовая, 9-гадовы пасажыры Volkswagen. Іх шпіталізавалі ў Пружанскую ЦРБ.

Пазней Міністэрства аховы здароўя расказала аб стане пацярпелых. У ведамстве адзначылі, што ўсім пяцярым аказана першасная медычная дапамога брыгадамі хуткай дапамогі.

Урачы дыягнаставалі ў шпіталізаваных розныя траўмы, у тым ліку чэрапна-мазгавыя, пераломы і пашкоджанні ўнутраных органаў.

Адзін пацярпелы, у якога дыягнаставаныя складаныя спалучаныя траўмы, шпіталізаваны ў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі, чацвярых пацярпелых размясцілі ў траўматалагічнае аддзяленне.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў