Добраахвотнік Лахвіч: Беларусы ў Беларусі зробяць рэвалюцыю толькі разам, і я гэтага «разам» не бачу


Калі ўпадзе жалезная заслона і Беларусь увойдзе ў склад Расеі, то будзе цяжэй яе вызваліць. Гэтак думае беларускі добраахвотнік Лахвіч, жаўнер батальёну «Літвін» палка Кастуся Каліноўскага. Паводле яго, мы ажыццявім нашую мару пра вольную Беларусь, толькі аб’яднаўшыся. Вайна ва Украіне – адзіны шанец на вызваленне. Якія галоўныя адчуванні ў беларуса, які ваюе з пачатку вайны? Ці лекуе час боль пасля страты пабрацімаў – Івана Брэста Марчука і Міраслава Мышы Лазоўскага? Якая галоўная праблема цяпер на фронце, якія там настроі ў беларусаў? Падрабязнасці – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Лахвічам.

Сяргей Пеляса: Як даўно ты ваюеш ва Украіне?

«Лахвіч»: Шостага сакавіка я прайшоў мяжу і быў ва Украіне. 24 сакавіка я атрымаў вайсковы квіток. Першы баявы быў 1 красавіка.

Амаль дваццаць адзін месяц вайны. Больш за паўтара года. Якія адчуванні пасля настолькі працяглага часу?

Вялікая стома, поўнае выгаранне. Таму цяпер я ў Польшчы. Я не магу сказаць, што ваяваў штодня паўтара года. Можа, год. Я чуў вялікую стому, больш маральную, бо гэта ўсё вельмі зацягнулася і вельмі цісне. Я сам сабе зрабіў адпачынак. Мне шкада ўкраінцаў, якія не могуць разарваць кантракту. Пакуль у мяне ёсць магчымасць, я гэта зрабіў. Па-другое, гэта легалізацыя. Ва Украіне складана легалізавацца беларусу. Мы – краіна-суагрэсар. Я звольніўся на пэўны час. Думаю, на легалізацыю мне трэба будзе чатыры месяцы. Вясной я хацеў бы вярнуцца зноў, калі вайна не скончыцца.

Што найбольш напружвае на вайне? Якая самая галоўная праблема, якая там адчуваецца?

У кожнага свая. Калі ты на кірунку, ты адчуваеш стрэс. Ты заўсёды стрэсуеш, бо гэтая гадзіна, хвіліна можа стаць для цябе апошняй. Ты адпускаеш гэтыя думкі і выконваеш задачу. У маім выпадку я сутыкнуўся з неразуменнем свайго камандзіра, калі нават у адпачынку я чуў, маўляў, навошта ты сюды прыехаў, не робіш таго, не вучыш гэтага. Мне падаецца, гэтае пытанне не да мяне, а да камандзіра. Чаму ты не навучыў, калі табе штось не падабаецца? Пазней я перайшоў і ўсё стала на свае месцы.

ПраСвет, Сяргей Пеляса, Аляксандр Наўковіч
Сяргей Пеляса і Аляксандр Лахвіч Наўковіч у студыі праграмы «ПраСвет».
Фота: belsat.eu

За паўтара года, з чаго год фактычна, удзелу ў баявых дзеяннях якое заданне было самым рызыкоўным?

Я сказаў, што 1 красавіка быў першы баявы, але я не лічу гэта баявым. Гэта былі Ірпінь – Буча. 31-га расейцы ўжо адышлі адтуль. Нас кінулі на дапамогу. Мы 1 красавіка ўвайшлі ў Ірпінь і Бучу. Для мяне гэты дзень назаўсёды застанецца ў галаве, бо калі нашая калона заходзіла, людзі не паспявалі збіраць трупы цывільных людзей. Самае жудаснае, калі мы сустракалі людзей, якія перажылі гэту акупацыю, і ў вачах у іх нічога не было. Толькі пытанне: за што гэта і як жыць далей? Першы баявы быў 26 траўня. Там не скажу, што было страшна. Было цікава, бо першы раз. Быў першы штурм. Выбухі, страляніна. Беларусы ўсе вярнуліся, былі параненыя. Украінцы неслі вялікія страты. Мы сваю задачу выканалі. Лежачы ў акопе пад абстрэлам, я меў думку: навошта я сюды прыехаў? Я прыехаў з Польшчы. Я з’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе праз пратэсты. Мог сесці ў турму. Я прыехаў з краіны, дзе няма вайны, дзе бяспечней. Я сабе казаў, што калі перажыву гэты бой, то вярнуся ў Польшчу. На той момант мне хапала сябе падмануць і растлумачыць, што ў Беларусі адбываецца бязлад, сядзяць палітвязні. Тут я магу хоць штось рабіць.

Чым менш акупантаў, тым хутчэй будзе вольная Украіна. Праз вызваленне Украіны я вызваляю Беларусь. Шмат людзей загінула, украінцаў, маіх пабрацімаў. За іх трэба помсціць, каб жыццё было недарэмным. Гэта быў травень. Падзеі сакавіка былі перад вачыма. Гэта не звычайная вайна. Гэта генацыдная вайна. Мяне цяпер нават расейская мова раздражняе.

Ці не было думкі кінуць усё і паехаць у Польшчу працаваць? Не мая вайна, маўляў? Ці былі іншыя сітуацыі, якія штурхалі кінуць усё, а ты заставаўся на фронце?

Вядома, былі. Калі стрэсуеш так часта, хочацца адысці ад гэтага ўсяго. Я сябе супакойваў, што вызваленне Беларусі наперадзе, трэба дапамагаць беларусам, якія не могуць змагацца, сядзяць у турмах. Яшчэ моцна паўплывала адна рэч: на пачатак поўнамаштабнай вайны я бачыў згуртаванасць украінскай нацыі – а цяпер у медыйнай прасторы моцна чуваць пра карупцыю. Найлепшыя хлопцы і дзяўчаты паміраюць з 2014 года. На пачатак поўнамаштабнай вайны людзей не трэба цягнуць на фронт. Яны самыя едуць. Калі бачыш, што адбываецца на ўзроўні палітыкаў, што крадуць грошы ў такі час, задумваешся: хто застанецца?

Такі натуральны адбор наадварот. Найлепшыя гінуць, а найгоршыя застаюцца. Падчас усіх войнаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай з Масквой гінулі найлепшыя сыны, шляхта, рыцары.

Ты рызыкуеш жыццём, а пасля разумееш: а што застанецца, калі загінеш? Калі я быў на вайне, я пахаваў выдатных камандзіраў, вельмі блізкіх. Волат, Брэст, Мыш. Мы сутыкаемся з тым, што цяпер няма такіх аўтарытэтных людзей, якія б маглі весці ў бой. У першы мой штурм камандаваў Брэст. Нам было не так страшна, бо ён быў побач. Гэта была вялікая страта. Я пабачыў, што людзі раз’язджаюцца. У мяне была істэрыка тыдзень, я не мог спыніцца ад плачу. Нам далі тады адпачынак, бо ў нас не было камандзіра. Яно ўсё назбіралася і ты думаеш: якая будучыня, калі я сябе тут так кепска адчуваю? Усё роўна пераломваеш сябе, бо ніхто, акрамя нас. Чаму я хачу вярнуцца на вайну? Тых, хто не хоча, там не будзе.

Мне вельмі сорамна, што мая краіна акупаваная. Калектыўная адказнасць. Я адказны за тое, што з Беларусі ляцяць ракеты. Я прымаю гэта. Я крывёю і потам хачу здымаць гэты сорам. На пачатак вайны ў мяне не было думкі, ехаць ці не. Я думаў, як прыехаць. Я прыехаў 26 лютага з беларускім пашпартам да ўкраінскай мяжы, памежнік мяне не пусціў. Я зноў паехаў у Польшчу і тады фармавалася беларуская рота. Я плакаў, калі трапіў ва Украіну.

Ты закрануў тэму загінулых беларусаў. Брэст – Іван Марчук, Мыш – Міраслаў Лазоўскі, дзясяткі іншых. Што гэта за адчуванне: ты іх ведаў, быў з імі – цяпер іх няма? Гэты час лечыць?

Не. Любы блізкі чалавек – страта. Але шчыра: я не аплакваў, калі загінуў Брэст. Я быў на пазіцыі. Перадалі праз рацыю, што, хутчэй за ўсё, Брэст 200. З дрона, калі здымаў, сказалі, што ён яшчэ дыхае. Мой камандзір, які быў побач, сказаў, што не будзем мець ніякіх ілюзіяў. Тут паўстала пытанне: што далей? У нас тады быў крызіс і было пытанне, як яго развязваць. Справа была не ў тым, загінуў Брэст ці не. Гэта адышло троху далей. Прыярытэтная задача – барацьба далей. Але як толькі мы прыехалі з пазіцыяў, амаль тыдзень у мяне была істэрыка. Тады прыйшло адчуванне вялікай страты. Самае страшнае – гэта ўдар па генафондзе. У Брэста не было дзяцей.

Як цяпер выглядае сітуацыя на фронце? Я не маю на ўвазе стратэгічна, гэта мы ведаем. Сярод беларусаў якія настроі пануюць? Усё часцей з’яўляецца інфармацыя, што ўкраінскае войска пачынае перажываць крызіс маральнага духу. Тое, на чым трымалася першыя паўтара года. Усе гэта падкрэслівалі, што гэта галоўная моц. Вечна маральны дух не можа працаваць. Патрэбная зброя, падтрыманне. Як гэта выглядае з пункту гледжання беларусаў?

У кожнага свая псіхіка. Я ведаю, што хапае баявога духу і людзі ведаюць, навошта туды паехалі. Гэта адзіны шанц вызвалення Беларусі. Калі ляснецца жалезная заслона і Беларусь увойдзе ў склад Расеі, будзе яшчэ складаней яе ратаваць. Усё да гэтага ідзе.

Хапае баявога духу, але чаго не хапае? Вельмі часта кажуць, што на вайне заўсёды чагось не хапае. Боепрыпасаў, вопраткі, харчавання.

Мне ўсяго хапала. Можна было зайсці на склад і атрымаць усе рэчы, якія трэба. Я ведаю, што полк збірае грошы, рэчы, але я не ведаю, чаго менавіта не хапае. Можа, каму чаго не хапае, яны дакупляюць. У мяне ёсць YouTube-канал, я запрасіў Ваўкалака, даволі аўтарытэтны чалавек. Ім не хапае машын, рамонту, яны самі скідваюцца, бо мы атрымліваем там заробак.

Але гэта няправільна. Транспарт ці валанцёры, ці беларусы пастаўляюць. Лепшыя ці горшыя машыны. Але сэрвіс, запчасткі кладуцца на вашыя плечы. Пазыўны – Лахвіч. Гучыць, як бы ты паходзіў з мястэчка Лахва на Лунінеччыне. Я з Лунінцу.

Дакладна. Вы першы чалавек, які ведаў, што гэта за назва. Там нарадзіўся мой бацька, дзяды.

Апошнія паўтара года шмат было размоваў, што полк Каліноўскага зараз увойдзе ў Беларусь, усе сілавікі разбягуцца, а Лукашэнка паляціць у Дубай ці Кітай. Як ты ставішся… не да таго, ці гэта адбудзецца, але да распаўсюду такой інфармацыі? Гэта рэальная перспектыва ці фальшывая мроя, да якой не варта прывязвацца?

Я не хачу пакідаць беларусаў, якія жывуць з такой надзеяй, без надзеі. Не ўсё так проста. Грамадства мусіць разумець: беларусы ў Беларусі зробяць рэвалюцыю толькі разам. Я гэтага «разам» не бачу. Мы не можам аб’яднацца нават на вайне. Я гляджу на нашыя дэмакратычныя сілы, якія не могуць аб’яднацца. Я думаю, што ў нас ёсць шанц, як толькі беларусы ў Беларусі падымуцца, як мы перастанем цягнуць коўдру кожны на сябе. У нас усё атрымаецца пры аб’яднанасці. Шанц ёсць, галоўнае – захацець.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 24.11.2023

belsat.eu

Стужка навінаў