Крама шведскай сеткі «H&M» у Беларусі ў ГЗЦ «Galleria Minsk» спыніць сваю працу 31 кастрычніка, паведамляе выданне «MyFin.by» са спасылкай на крыніцы.
Паведамляецца, што пасля закрыцця «H&M» у ГЗЦ «Galleria Minsk» рэшткі прадукцыі перамесцяць у краму ў ГЗЦ «Palazzo». Аднак і гэты пункт плануюць закрыць да канца 2022 года.
Агулам у Беларусі тры крамы «H&M». Дзве ў Менску – у ГЗЦ «Palazzo» і «Galleria Minsk», і адзін у Горадні – у ГЗЦ «Triniti».
Праца кампаніі «H&M Group» у Беларусі і Расеі была прыпыненая 2 сакавіка «на нявызначаны тэрмін» праз пачатак вайны ва Украіне. Улетку «H&M» паведаміла аб тым, што мае намер цалкам згарнуць і прадаць свой бізнес у Расеі, але адносна Беларусі рашэнне было неадназначным. Тады ў прэс-службе кампаніі распавялі, што крамы ў Беларусі запрацуюць, але далейшы іх лёс быў незразумелым.
19 верасня крамы зноў адчынілі, але каб распрадаць астатнюю прадукцыі і канчаткова зачыніць бізнес у Беларусі.
Алена Рувіна belsat.eu