Улады прызналі: у Беларусі бракуе анестэзіёлагаў, рэаніматолагаў, стаматолагаў


Прадстаўніца Мінздароўя прызнала ў каментары дзяржаўнаму інфармагенцтву «БелТА» істотны недахоп некаторых катэгорыяў лекараў у Беларусі.

Анестэзіёлагі за працай
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Анестэзіёлагі за працай. Сектар Газа, Палестына. 30 жніўня 2019 года.
Фота: MedGlobal Org / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Начальніца галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы Міністэрства аховы здароўя Вольга Калюпанава расказала, што ейнае ведамства мае топ-5 спецыяльнасцяў лекараў, якіх не хапае ў рэгіёнах Беларусі: гэта перадусім анестэзіёлагі і рэаніматолагі, а таксама лекары дыягнастычнага профілю і стаматолагі. Ці называла яна пятую катэгорыю, «БелТА» не перадае.

Прыбыццё маладых спецыялістаў, запэўніла Калюпанава, дазваляе «закрыць нішу» па анестэзіёлагах і рэаніматолагах, але сёлета «размеркавалі 83 % патрэбы».

Брак стаматолагаў яна растлумачыла тым, што шэсць гадоў таму было скарачэнне прыёму на стаматалагічныя спецыяльнасці ва ўніверсітэтах, быў акцэнт на паступленне на платнай аснове, таму і не атрымалася размеркаваць вялікую колькасць бюджэтнікаў.

Маладыя спецыялісты, кажа прадстаўніца міністэрства, з’язджаюць не столькі за мяжу, колькі хочуць пахутчэй сысці ў прыватныя медычныя цэнтры. Асабліва моцна прыватны сектар «забірае» ў дзяржавы стаматолагаў і дыягностаў. Аднак 79,5 % бюджэтнікаў удалося «замацаваць» на месцах размеркавання.

Тым, каму хочацца пасля навучання працаваць не па месцы размеркавання, прапануюць кампенсаваць выдаткі на навучанне. А каштуе гэтая адмова ўдвая больш за ўсю цану аналагічнага платнага навучання.

Сёлета Міністэрства аховы здароўя вырашыла стварыць спецыяльную камісію, якая будзе ўзгадняць пераразмеркаванне і перанакіраванне выпускнікоў медычных ВНУ і маладых спецыялістаў. Камісія зможа запытваць меркаванне галоўных упраўленняў аховы здароўя пры выканкамах, цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, «Белфармацыі» ды іншых.

Медыкі – не адзіная «дэфіцытная» прафесія ў Беларусі: таксама ў топе вакансіяў трактарысты, кіроўцы, кухары, будаўнікі, нават прадаўцы.

Гісторыі
«Казаць, што лекаў няма праз санкцыі, – крывадушша». Як лячыцца ў Беларусі, калі няма чым?
2023.06.27 12:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў